Тэрыторыя вялікіх магчымасцяў. «Біяграфія» Ляхавіччыны багатая на гістарычныя і культурныя падзеі

БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ

«Біяграфія» Ляхавіччыны багатая на гістарычныя і культурныя падзеі, што пацвердзіла навукова-практычная канферэнцыя «Краязнаўства раёна – тэрыторыя вялікіх магчымасцяў».

Ці добра мы ведаем край, дзе жывём. Яго геаграфію, гісторыю, культуру і г. д. У Год малой радзімы самы час адправіцца ў падарожжа, натхніцца краявідамі і знайсці адказы на многія пытанні, адкрыць для сябе раней невядомыя факты. А тое, што «біяграфія» Ляхавіччыны багатая на падзеі, факты і асобы, чарговы раз пацвердзіла навукова-тэарэтычная канферэнцыя «Краязнаўства раёна – тэрыторыя вялікіх магчымасцяў». Месцам яе правядзення стала купалаўка, што сімвалічна, улічваючы актыўную дзейнасць установы па інфармацыйна-краязнаўчым напаўненні бібліятэчных старонак.

Раён, прывабны для турызму

Наш раён для замежных турыстаў з 73 краін з’яўляецца тэрыторыяй бязвізавай. У мінулым годзе больш за дзве сотні замежных турыстаў наведалі Ляхавіччыну, для 2600 аматараў краязнаўства праведзены экскурсіі і паходы. Чым кіруюцца турысты пры выбары маршруту? Часцей за ўсё – наяўнасцю аб’ектаў харчавання, месцамі для начлегу і г. д. Да паслуг гасцей на тэрыторыі раёна – 9 аграсядзіб, кожная з асаблівым каларытам і камфортам. Акрамя гасцініцы «Эдэльвейс», нумары для пражывання маюцца і ў СДЮШАР.
Турыстычная прывабнасць Ляхавіччыны прэзентавалася не на адной тэматычнай рэспубліканскай выставе. Палацава-паркавыя ансамблі – адметнасць нашага краю.
У актыве раёна – архітэктурныя, прыродныя помнікі і гістарычныя мясціны.
У мінулым годзе ў раёне пачаў развівацца гастранамічны турызм. Мясцовыя аб’екты грамадскага харчавання гатовыя накарміць смачнымі нацыянальнымі стравамі. У рэстаране «Ластаўка» частуюць супам «квас», катлетамі «зуцы» і пернікам «Ляхавіцкі». Турыстам прапануюць і сувеніры з сімволікай раёна.
Метадыст ЦДАДіМ Наталля Скрыпнік гаварыла пра магчымасці турызму і краязнаўства ў якасці сродку патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Паходы, экскурсіі, удзел у конкурсах краязнаўчай накіраванасці займае значнае месца ў пазакласнай рабоце.

Музей у чамадане

Нашы юныя землякі – нераўнадушныя даследчыкі гісторыі роднага краю. Не проста захапляюцца старадаўнімі рэчамі, яны цікавяцца іх «лёсам». Сямікласнікі Падлескай школы Ягор Бецька і Аляксандра Трыбух сабралі цікавыя артэфакты – тое, што знайшлося на гарышчах старых дамоў, – у «Музей у чамадане» і паказалі відовішчнае прадстаў-ленне ў выглядзе экспазіцыі «Бабулін куфэрак».
Дзевяцікласніца Навасёлкаўскай СШ Карына Галавін (на здымку ўверсе) прэзентавала даследчую працу «Гісторыя адной знаходкі». Героі аповяду – стары гадзіннік, гліняныя збанкі, якія школьнікі знайшлі падчас так званай этнаграфічнай экспедыцыі. Быццам клубок, разблытвалі і адкрывалі новыя факты, устанаўлівалі гаспадароў прадметаў.
Дырэктар РЦБС Вольга Пляшэвіч падзялілася вопытам краязнаўчай работы бібліятэчнай сістэмы раёна, расказала пра шырокія магчымасці сайта купалаўкі ў гэтым накірунку, напрацоўкі і навігацыю электроннага рэсурсу liblh.by.

«Ляхавічы: новая невядомая гісторыя»

Асобным і значным раздзелам канферэнцыі было выступленне ганаровага госця – кандыдата гістарычных навук дацэнта кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у турызме і гасцін-насці інстытута менеджменту спорту і турызму БДУФК Паўла Булатага – «Ляхавічы: новая невядомая гісторыя».
Чаму такая ўвага да Ляхавічаў? Павел нарадзіўся ў райцэнтры. І хоць тут не жыў, але карані, як кажуць, не даюць спакою. Аўтар звыш 150 навуковых прац па гісторыі і турызме абараніў кандыдацкую дысертацыю «Ляхавіцкае графства ў сістэме магнацкіх уладанняў (ХVI–XVIII стст.)». Упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі наш райцэнтр стаў асобным прадметам навуковага даследавання. Лічыцца, што першыя афіцыйныя згадванні Ляхавічаў датычаць 1492 года. Павел Булаты агучыў смелую версію, што райцэнтр усё ж старэйшы за свой афіцыйны ўзрост і «нарадзіўся» ён, згодна гістарычнай метрыкі, на 41 год раней.
Зыходзячы з шэрага крытэрыяў і характарыстык, мы адносім Ляхавічы перыяду XVI–XVIII стагоддзяў да паселішчаў са статусам «малы прыватнаўласніцкі горад», нагадаў кандыдат гістарычных навук. Пры гэтым Ляхавічы спалучалі функцыі цэнтра прыватна-ўласніцкага магнацкага маёнтка, дзяржаўнага адміністрацыйна-палітычнага цэнтра і мелі значэнне ў сістэме транспартных камунікацый.
Згодна гістарычных навуковых напрацовак айчынных і замежных даследчыкаў (польскіх, літоўскіх, расійскіх, украінскіх) перыяду XIX–XXI стагоддзяў, фондаў архіваў і бібліятэк, тут адбываліся павятовыя соймікі, дзейнічаў замкавы суд, мела месца складаная гарадская інфраструктура (школа, корчмы, лазня, лаўкі, млыны і іншае).
10 красавіка 1572 года ляхавіцкі маёнтак перайшоў з дзяржаўнага ў прыватнае ўладанне да графскага роду Хадкевічаў, стаў тытулярным і пачаў выконваць функцыі рэзідэнцыі прадстаўнікоў магнатэрыі. У 1636 годзе ў складзе Ляхавіцкага графства налічвалася 503 валокі зямлі (зямельная мера, роўная 21,36 га). Цэнтрам маёнтка з’яўляўся горад Ляхавічы, дзе налічвалася 213 дымоў (сялянскіх двароў). У склад графства ўваходзіла пяць двароў. Агульная колькасць дымоў у 1670 годзе – 609. Ляхавіцкае графства ў 1670 годзе саступала па памерах толькі Нясвіжскаму (638 дымоў) і Слуцкаму (3269 дымоў) княствам.
«Ляхавіцкае графства з’яўлялася буйным маёнткам да канца XVIII стагоддзя. У адзначаным вышэй складзе, знаходзячыся ва ўладанні графа С. Касакоўскага, землі маёнтка ў 1793 годзе пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай увайшлі ў склад Расійскай імперыі» – гэтыя і іншыя гістарычныя факты паведаміў прысутным Павел Булаты.

Гісторыя далёкая і блізкая – вывучаць мінулае, «афарбоўваць» белыя плямы трэба сёння, не адкладваць на заўтра. Гэта – тэрыторыя магчымасцяў для навучання, выхавання і развіцця дарослых і дзяцей. Гэта яшчэ і магчымасць пазбегнуць многіх памылак.

Як нагадала галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука, знаходжанне на бязвізавай тэрыторыі ў Беларусі магчыма да 15 дзён, але не даўжэй перыяду, названага ў дакуменце, які дае права іншаземцам на наведванне бязвізавай тэрыторыі. Дарэчы, ён выдаецца толькі сертыфікаванымі турыстычнымі агенцтвамі.
Асобным пунктам, што павінен зрабіць турыст перад паездкай у нашу краіну без візы, – не пазней, чым за 48 гадзін да вылету звярнуцца ў адну з беларускіх турфірмаў і забраніраваць пуцёўку ці, як мінімум, дзве турыстычныя паслугі.
Іншаземцы, якія прыбываюць у бязвізавую зону, павінны зарэгістравацца ў органах унутраных спраў на працягу пяці дзён. Як правіла, гэта аўтаматычна робяць атэлі, санаторыі, у якіх спыняецца турыст, а таксама прадпрымальнікі, якія афіцыйна здаюць кватэры замежным гасцям.
Дарэчы, бязвізавыя турысты могуць наведаць любое месца ў Беларусі на працягу 30 дзён пасля бязвізавага знаходжання. Аднак прыбыць у краіну і пакінуць яе яны павінны толькі праз Мінскі нацыянальны аэрапорт.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.