Ад шышкі да сасны. Лесаводы Ляхавіччыны не спыняюць работу ў лесе і зімой

Калі нехта думае, што зімой работы ў лесе спыняюцца, глыбока памыляецца.
Так, напрыканцы студзеня Ляхавіцкі лясгас здаў пяць тон сасновых шышак на насенне ў Івацэвіцкі лесанасенны комплекс. З іх тры тоны – палепшанай якасці – сабраны мясцовымі працаўнікамі ляс-ніцтваў на спецыялізаванай Быценскай лесанасеннай плантацыі Баранавіцкага лясгаса.
Такая сыравіна збіраецца для лесааднаўлення. Шышкі перапрацоўваюць на насенне, з якога і атрымліваюць пасадачны матэрыял для мясцовых лесаводаў. Адзін з варыянтаў – высеў у цяпліцах. У Крывошынскім і Востраўскім лясніцтвах маюцца такія «яслі», дзе гадуюць саджанцы, у тым ліку, з закрытай каранёвай сістэмай, расказала «ЛВ» намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка.
Штогод у лясгасе аб’ём штучнага лесааднаўлення складае больш за 100 гек-тараў. За кошт змешаных лясных культур, вырашчаных з палепшанага пасадачнага матэрыялу, фарміруюцца лясы павышаннай устойлівасці і прадукцыйнасці.
Нашы лесаводы думаюць пра запасы насення ўжо сёння. У 2018 годзе на тэрыторыі Крывошынскага лясніцтва на плошчы пяць гектараў закладзена лесанасенная плантацыя елкі еўрапейскай другога пакалення. Наяўнасць такога ўчастка праз час дазволіць атрымліваць каштоўнае па сваіх спадчынных уласцівасцях «патомства». Акрамя гэтага яшчэ маецца больш за 13 гектараў насаджэнняў сасны звычайнай палепшаных якасцяў і 21 такое дрэва ў Востраўскім лясніцтве. Уласнае насенне – гэта яшчэ і эканамічны плюс, і, што важна, экалагічны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фотаз сайта https://photosight.ru