Трынаццатая становіцца першай. І адзінай . Безумоўны лідар па будаўніцтве ў раёне – Ляхавіцкая ПМК № 13

У хуткім часе ў Ляхавічах з’явіцца жылы дом, абсталяваны пасажырскімі ліфтамі. З завяршэннем работ, якія працягваюцца ў нядрэнным тэмпе і выйшлі ўжо на трэці паверх, дом стане першым падобным у нашым раёне. Не банальны факт, пра які, сярод іншага, мы даведаліся падчас «святочнай», з нагоды прафесійнага дня, гутаркі з начальнікам ПМК № 13 Даніілам Скрыцкім.

Крок, што вымяраецца ў квадратных метрах

Начальнік ПМК № 13 Данііл Скрыцкі (у цэнтры), старшы
прараб Віктар Саўчук, брыгадзір брыгады мантажнікаў Дзяніс Салевіч і старшы прараб Ігар Пастарнакевіч.

Будаўнічая тэхналогія «шырокі крок» паспела пакінуць глыбокі след на тэрыторыі нашага раёна. Усе ўзведзеныя за апошнія некалькі гадоў жылыя шматкватэрнікі будаваліся ў адпаведнасці з параўнальна новымі, «шырокімі» тэхналогіямі. Напрыклад, дамы, размешчаныя па завулку Фестывальным, вуліцы Юбілейнай і апошні з завершаных па вуліцы Чкалава, адносяцца іменна да гэтай серыі.

– Тэхналогія мае шэраг пераваг у плане ўзвядзення, што тычыцца спажывецкіх характарыстык, і іншае. Да таго ж практычна ўся наменклатура неабходных будаўнічых матэрыялаў і элементаў вырабляецца ў суседніх Ганцавічах, – запэўнівае Данііл Скрыцкі.

Чацвёртым у гэтым шэрагу аб’ектаў стане дом усё па той жа вуліцы Чкалава. Спецыялісты Ляхавіцкай ПМК № 13 ААТ «Пінсксаўгасбуд» прыступілі да аб’екта ў мінулым сакавіку і на дзень сённяшні паспелі «падняцца» ўжо на трэці паверх.

– Ажыццяўляецца мантаж каркаса будынка на ўзроўні трэцяга паверха, вядуцца ўнутраныя аддзелачныя, сантэхнічныя, электрамантажныя работы. Паралельна пракладваем інжынерныя сеткі. Усё гэта сіламі адзіна толькі ПМК № 13, без прыцягнення субпадрадчыкаў. Аднамаментна на будоўлі занята чатыры дзясяткі разнапрофільных спецыялістаў, – працягвае гутарку Данііл Аляксандравіч.

Дом мае быць пяціпавярховым, 60-кватэрным. Чвэрць кватэр у ім будуецца за кошт бюджэтных сродкаў і, па выніку, атрымае статус сацыяльнага жылля. А з небанальнага тое, што дом будзе аснашчаны пасажырскімі ліфтамі.

А яшчэ адзін свой падрад будаўнікі трынаццатай калоны паспяхова завяршылі і літаральна «ўчора» з аб’ектам развіталіся. Засталася пуска-наладка, і станцыя абязжалезвання ў аграгарадку Малое Гарадзішча будзе гатова да прамысловай эксплуатацыі.

Акрамя новага будаўніцтва, арганізацыя шмат чаго зрабіла па лініі рэканструкцыі і рамонце старых, якія знаходзіліся ў эксплуатацыі доўгія дзясяткі гадоў, пабудоў. Само сабой, знасіліся і фізічна, і ў маральным значэнні, ды і новая сучаснасць прад’яўляе ўсё новыя ж патрабаванні-стандарты. Апошнім з такіх – здача аб’екта пад ключ адбылася на фінішы першага месяца лета –стаў жылы дом па вуліцы Чкалава ў райцэнтры. Шэры і невыразны з пункту гледжання звычайнага гараджаніна, пасля капітальнага рамонту ў выкананні ПМК № 13 ён «засвяціў» новымі колерамі.

І, трэба думаць, стаў несці ў сабе нейкія дадатковыя, новыя ці абноўленыя функцыі.

– А рэканструкцыя гэтага дома была асабліва няпростай, заняла нямала часу. У старой канструкцыі давялося многае і нестандартна ў плане вядзення работ перайначыць. Але справіліся – у канцы сакавіка раён атрымаў чарговыя больш за тры тысячы квадратных метраў жылля, – не без гонару за сваіх будаўнікоў гаворыць Данііл Скрыцкі пра аб’ект з ляхавіцкім адрасам вуліца Леніна, 62.

На адлегласці ад базы

Вядучыя інжынеры Алена Кайгародава, Анжэла Юзафовіч, начальнік аддзела Юлія Пятроўская і вядучы эканаміст Ганна Біза.

Працуюць работнікі ПМК-13 і на адлегласці ад сваёй ляхавіцкай базы. З падрадамі зараз няпроста ўсім. Каб нешта атрымаць і на гэтым зарабіць, даводзіцца актыўнічаць у пошуках, «таргавацца», даказваць спачатку сваё права брацца за аб’ект, а затым паказваць на ім сваё майстэрства і прафесіяналізм.

У ПМК №13 ёсць падрад (а каліпрытрымлівацца дакладнай тэрміналогіі – субпадрад) у Мінскім раёне. Працуюць на аддзелцы адміністрацыйнага будынка, размешчанага ў перыметры аэрадрома «Ліпкі».

– Практычна ўсе спецыялісты-аддзелачнікі арганізацыі, а гэта паўтара дзясятка чалавек, знаходзяцца там у доўгатэрміновай камандзіроўцы, – паведамляе кіраўнік арганізацыі.

Функцыянальная база арганізацыі – гэта не толькі будаўніцтва, яшчэ і «каля будаўніцтва». Растворабетонны вузел, лесапільная ўстаноўка, аўта-мабілі-трактары, пад’ёмна-транспартныя і іншага кшталту спецбудмашыны гатовы працаваць не толькі на свае – па меры магчымасці могуць прыйсці на дапамогу «простым» людзям.

Людзі – гэта галоўнае, што ёсць у трынаццатай калоны. Іх 160. Розных, але часцей за ўсё адказных работнікаў і добрых прафесіяналаў.

Разам з кіраўніцтвам і прафсаюзным камітэтам арганізацыі «Ляхавіцкі веснік» віншуе іх з прафесійным святам.

З узнагародай! За шматгадовую добрасумленную працу ў будаўнічай галіне і ў сувязі з прафесійным святам – Днём будаўніка – узнагародамі адзначаны шэраг работнікаў унітарнага будаўнічага прадпрыемства «Перасоўная механізаваная калона № 13» ААТ «Пінсксаўгасбуд».

Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны вядучы інжынер-дыспетчар Віктар АСІПОВІЧ.

Падзячным пісьмом Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта – мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання Дзмітрый ТРАХІМОВІЧ.

Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў – газаэлектразваршчык пятага разраду Міхаіл ЗВАНКОВІЧ.

Падзячнае пісьмо райвыканкама за добрасумленную і плённую працу, высокі прафесіяналізм і адказнасць і ў сувязі з прафесійным святам – Днём будаўніка – адрасавана начальніку аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі раённага выканаўчага камітэта Марыне ЗАВАДСКАЙ.

Слова віншавальнае. Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў накіравалі віншаванні з прафесійным святам – Днём будаўніка – усім, хто сёння працуе ў будаўнічай сферы раёна, і ветэранам будаўнічай галіны.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.