Пакаштуйце ікру… з шампіньёнаў. На Ляхавіцкім кансервавым заводзе сезон нарыхтовак

У цэхах кансервавага завода зараз стаіць водар агурковага марынаду. Работа з зялёнай агароднінай сёння адна з асноўных у тутэйшых перапрацоўшчыкаў.

– Усяго плануем закупіць каля 400 тон агуркоў. У гэтым напрамку цесна і плённа супрацоўнічаем з Ляхавіцкім райпо, праз якое набываем розную садавіну, агародніну, ягады. Прыкладна 360 тон агуркоў перапрацавалі ўжо. 25 тон засалілі, каб потым на працягу года выкарыстоўваць для прыгатавання салянак, расольнікаў. Астатнія – марынуем, у асноўным у трохлітровыя слоікі, і адпраўляем на продаж. Сёлета прыблізна 150 тон агуркоў замарынавалі ў літ-ровыя слоікі. Такі тавар будзем рэалізоўваць як ва ўласным магазіне «Заводскі», так і праз іншыя гандлёвыя сеткі, – расказвае дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Аляксандр Вашчук.

Паспела палюбіцца спажыў-цам мінулагодняя навінка – малінавае варэнне. У планах прадпрыемства – закупіць чатыры тоны маліны. Запатрабаваны ў пакупнікоў варэнне з клубніц, а таксама журавіны, працертыя з цукрам і, канешне, усе віды павідла, асабліва – яблычнае.

Што ні сезон – завадчане радуюць навінкамі. Будуць яны і сёлета. Вось-вось з’явіцца ў продажы (у першую чаргу абавязкова ў «Заводскім») ікра з шампіньёнаў, расфасаваная ў слоікі па 450 грамаў. Як адзначылі на прадпрыемстве, прадукцыя атрымалася надзвычай смачная.

Напэўна, хто паспрабаваў ляхавіцкія марынаваныя патысоны, захоча імі паласавацца зноў. Гэта прадукцыя таксама ў продажы.

У ход хутка пойдуць і кабачкі, вырашчаныя ва ўласнай падсобнай гаспадарцы. 200 тон гэтай агародніны ператворацца ў найсмачнейшую ікру. Дачакалася сваёй чаргі шчаўе. На наступным тыдні пачнецца трэцяя яго зрэзка. З запланаваных 280 тон перапрацавана ўжо 220.

Няма ў прадпрыемства праблем і са збытам гатовай прадукцыі – склады разгружаны. Вось што значыць якасць і прымальны кошт. Завод выканаў даведзенае на паўгоддзе заданне па экспарце. У асноўным прадукцыя нашага завода адпраўляецца ў Расію.

Галіна КАНЬКО.