Па дарозе да «Дажынак». Аграгарадок Падлессе – сёлетняя сталіца раённага фестывалю-кірмашу «Дажынкі»

Адна за адной перагортваюць аграрыі старонкі жніва-2021. А тым часам важныя будаўніча-рэканструкцыйныя падзеі разгортваюцца ў аграгарадку Падлессе – сёлетняй сталіцы раённага фестывалю-кірмашу «Дажынкі».

Задзейнічаны многія службы і арганізацыі, кожная з якіх выконвае свой участак работы.

Дарога Ляхавічы – Падлессе хоць сёння гатова вітаць удзельнікаў і гасцей Дажынак: прыдарожныя палосы падкошаны, старыя дрэвы абрэзаны, вакол прагрэйдзіравана. На вуліцы Цэнтральнай папрыгажэлі прыпыначныя пункты рэйсавых аўтобусаў, зроблены бягучы рамонт пакрыцця пасадачнай пляцоўкі. На некаторых аграгарадскіх вуліцах –добраўпарадкаванне ў разгары.

Прадаўжаецца асфальтаванне галоўнай «дажыначнай» вуліцы Савецкай. Усё вышэйпералічанае – зона адказнасці ДРБУ-200. Між іншым, перш чым пачацца дарожным работам па гэтай вуліцы, сіламі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» поўнасцю заменены водаправод. А вось добраўпарадкаваннем пляцовак каля магазіна, урачэбнай амбулаторыі зоймецца дарожная арганізацыя з Клецка. Мясцовую кацельню ўпрыгожылі буслы, аўтар карціны – камунгас.

– Адзначу, работы вядуцца ва ўзмоцненым рэжыме. Пакуль пераважная частка адпавядае запланаванаму. Важна не толькі тэрміновасць, але і якасць. Каб потым не давялося экстранна выпраўляць свае ж памылкі. Вядзецца пастаянны кантроль і маніторынг за ходам падрыхтоўкі, – адзначае намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк.

Падрыхтоўка да «Дажынак» – на пастаянным кантролі ўлады. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса неаднаразова інспектаваў падрыхтоўчыя работы.

– Літаральна ўсе прадпрыемствы і арганізацыі, якія так ці інакш рыхтуюць Падлессе да фестывалю-кірмашу, працуюць адказна. Зразумела, што ўсе такога кшталту мерапрыемствы не толькі дазволяць прыгожа і гасцінна сустрэць аграрнае свята, але і зробяць аграгарадок больш добраўпарадкаваным. Усімі дабротамі і прыгажосцю тутэйшыя жыхары будуць карыстацца і далей. Напрыклад, гаспадарчая група Ляхавіцкай райбальніцы вядзе бягучы рамонт амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, рамонт зроблены і ў дзіцячым садзе – базавай школе. Адрамантаваны фасад СДК. Зменіць знешні выгляд дарожка да брацкай магілы загінулым пры вызваленні Падлесся ад фашысцкіх акупантаў воінам Савецкай Арміі. Дарэчы, брацкая магіла ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, – адзначае Леанід Калбаса.

А тым часам будаўнічая брыгада ААТ «Жарабковічы» завяршае работы на адміністрацыйным будынку сельгаспрадпрыемства – адрамантаваны фасад і прыступкі.

Сумесна сельвыканкам і ААТ «Жарабковічы» зрабілі нямала. Зіхаціць кветнік каля сельскага Дома культуры. Набіраюцца сіл 90 клёнікаў, бярозак, каштанаў, якія вясной дасадзілі ў бярозавым
гаі каля ВПК.

– Як толькі Падлессе аб’явілі сталіцай «Дажынак», адразу спланавалі свой участак работ. У першую чаргу, заняліся добраўпарадкаваннем падведамасных тэрыторый, – расказвае старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая.

Праязджаючы нядаўна па Падлессі, звярнулі ўвагу, што на адных падворках прыгожа, утульна, радуюць кветнікі, тэрыторыя добраўпарадкавана. Але, на жаль, пакуль не на кожнай вуліцы дбаюць пра стан падворкаў. Зразумела, няпроста ўстанавіць новую агароджу ці замяніць стары дах. Але ж не трэба шмат намаганняў, каб падмесці, прыбрацца ў двары, скасіць пустазелле. Не варта чакаць, што нехта прыйдзе і зробіць гэта за цябе. Тым больш, да сустрэчы гасцей любы сапраўдны гаспадар стараецца, наводзіць марафет. Час зрабіць кожны падворак прыгожым яшчэ ёсць. А гаспадароў лепшых падворкаў будуць ушаноўваць на свяце.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.