Адказны план на будучыню. На базе райкама БРСМ працавала маладзёжнай дыялогавай пляцоўкі «Беларусь – гэта мы»

Чым жыве моладзь, што яе хвалюе сёння, як атрымліваецца рэалізоўваць сябе – пра гэта і многае іншае ішла размова падчас маладзёжнай дыялогавай пляцоўкі «Беларусь – гэта мы», што прайшла на базе райкама БРСМ. Сярод удзельнікаў – тыя, хто прысвяціў лета не толькі адпачынку, але і рабоце ў студатрадзе, а таксама тыя, хто паспеў сябе праявіць у справах БРСМ. Тым больш актуальнай гэта размова была напярэдадні 1 жніўня – Дня студатрадаў.

Няхай сёння яны яшчэ ў школьным узросце і пра электаральную кампанію разважаюць толькі тэарэтычна, але праз пару гадоў стануць сапраўднымі выбаршчыкамі. Да такой важнай справы і падыход адпаведны, сур’ёзны.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч падрабязна спынілася на рабоце створанай у краіне Канстытуцыйнай камісіі, нагадала яе склад, расказала пра работу над праектам змяненняў Асноўнага Закона краіны, што ў будучым плануецца вынесці на рэферэндум.

– Рабят будучыя выбары зацікавілі асабліва, яны разумеюць важнасць і адказнасць справы, у якой ім належыць прымаць удзел праз пэўны час. Прыемна, што ўжо сёння ім цікава ведаць дэталі грамадска-палітычнага жыцця нашай краіны, на якім этапе збор прапаноў па змяненні Канстытуцыі, калі плануецца рэферэндум. Пагаварылі і пра выбары ў мясцовыя Саветы, – адзначае Ларыса Юшкевіч.

Працягвае знаёмства з моладдзю Ляхавіччыны першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава. Каб ведаць, як працаваць з моладдзю, чуць і адчуваць яе патрэбы і праблемы, важна быць з маладымі на адной хвалі. Як маладзёжная палітыка рэалізуецца ў Беларусі, якія аспекты хвалююць маладых людзей, якія гарантыі і перспектывы маюць маладыя спецыялісты – размова атрымалася багатай на тэмы.

Важны момант – другасная занятасць. Юнакі і дзяўчаты падзяліліся з маладзёжным лідарам сваімі ўражаннямі ад працоўнай дзесяцідзёнкі. Сярод пажаданняў – папрацаваць яшчэ, а значыць і студатрадаўскія байцы, і работадаўца знайшлі адзін аднога для ідэальнага супрацоўніцтва.

Напрыканцы сустрэчы актывістаў чакалі салодкія падарункі і размова па інтарэсах на неафіцыйныя тэмы.

Рыта Красавіцкая.

Фота з архіва БРСМ.