І на наступны сезон запішыце…Больш за сотню маладых людзей Ляхавіцкага раёна сёлета шчыравалі ў студатрадах

Лета рванула на трэці круг, а вось студатрады абароты не зніжаюць. Гарачыя дэкады на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна працягваюцца для юнакоў і дзяўчат, для якіх лета – час падзарабіць першыя ўласныя грошы. Уладкавацца на працу ў такім маладым узросце – прэстыжна і, як гаворыцца, «рэспектна». Тым больш, калі побач шчыруе прафесіянал, як-ніяк, а нядрэнную порцыю вопыту і ведаў атрымаеш. Сёння на Ляхавіччыне ў розных кропках працавалі (і некаторыя яшчэ працягваюць працаваць) 13 студатрадаў. Такім чынам, працоўныя кніжкі атрымалі 116 маладых людзей.

З панядзелка закіпела работа ў ААТ «Шлях новы». Сельскагаспадарчы атрад «Маладзёжная страла» дыслацыруецца на ферме ў вёсцы Літве, частка работы плануецца на КЗС у Галавачах. Работы хапае кожнаму з шасці студатрадаўцаў. У асноўным прыбіраюць тэрыторыю фермы і працоўныя памяшканні, фарбавалі сцены, дапамагаюць разбірацца з зернем. Да працы адносіны самыя што ні ёсць адказныя і сур’ёзныя.

Вучань Дараўскай школы Аляксандр Масквін прызнаецца, што планаваў пайсці працаваць у студатрад яшчэ ў маі:

– У мінулым годзе чуў ад сяброўкі пра такую практыку. Водгукі самыя станоўчыя, вырашыў сёлета паспрабаваць сябе ў ролі сапраўднага працаўніка сур’ёзнай арганізацыі. Час за працай з калегамі не толькі па школе, а цяпер і па цэху праходзіць хутка. Працуем з 8.00 да 12.56 –не паспяваем і стаміцца.

Ды і кіраўніцтва гаспадаркі задаволена такімі дбайнымі рупліўцамі.

– Перарабляць за імі не трэба, пераправяраць таксама. Работу ведаюць і імкнуцца не расчараваць калег з вопытам. Прыслухоўваюцца да парад. Для рабят першае працоўнае месца – значны крок да дарослага жыцця. Дысцыпліна, акуратнасць, вытрымка, жаданне працаваць і дапамагаць адзін аднаму – вось што, акрамя грашовага заахвочвання, атрымліваюць нашы юныя землякі, – расказвае брыгадзір малочнатаварнай фермы «Літва» Мікалай Трафімчук.

ААТ «Ліпнянка» таксама сёлета прыняло на працу шасцярых часовых работнікаў. Канікулы вучні Ліпскай школы прысвяцілі не толькі добраму адпачынку, але і самаму актыўнаму ўдзелу ў гарачай жніўнай кампаніі. Яны шчыравалі побач з аператарамі зернесушыльна-ачышчальнага комплексу.

ААТ «Нача» ў гэтым годзе двойчы стала месцам, куды часова ўладкоўвалі студатрадаўцаў. Каляджанам пашчасціла на дзесяць дзён стаць паўнацэннымі работнікамі гэтай сельгасарганізацыі. На мінулым тыдні сваю зарплату яны ўжо атрымалі.

– Адзнакі рабятам па водгуках куратараў «Начы» – самыя выдатныя. Давялося сустрэцца пасля працоўнага дня з каляджанамі студатрада імя Варановіча. Яны ў захапленні ад сваіх дзесяці дзён – працавалі і на добраўпарадкаванні палацава-паркавага ансамбля Чарноцкіх у Начы, будучым кадрам аграрнай сферы пашанцавала працаваць і ў полі. Такія работнікі толькі на радасць любой гаспадарцы. А калі рабяты яшчэ і задаволены атрыманым вопытам і ўласназаробленымі грашыма – гэта падзяка ўдвая прыемная. Тым больш, рабяты прасіліся «забраніраваць» для іх месцы ў студатрадзе на наступны год, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч.

Трэцяга жніўня быў апошні працоўны дзень у педагагічным студатрадзе імя Хмырова, што праца-ваў у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Чайка».

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.