У справу ўступаюць мацнейшыя. ААТ «Жарабковічы» задае тон на жніве-2021. Тут самыя важкія намалоты

Што ні намінацыя раённай Дошкі гонару на жніве, у тройцы прызёраў прысутнічаюць прозвішчы рупліўцаў хлебнай нівы з ААТ «Жарабковічы». Прычым такая традыцыя з году ў год. А гэта яшчэ і сведчанне таго, што стратэгія развіцця раслінаводства ў самым маштабным сельгаспрадпрыемстве раёна (з 13036 раённых гектараў, адведзеных пад збожжавыя, 3165 прыпадаюць менавіта на «Жарабковічы») правільная і накіравана на высокія ўраджаі.

Нават сёлета, калі надвор’е, як толькі магло, правярала хлебароба на трываласць, жарабковіцкія намалоты важкія і самыя ўнушальныя ў раёне.

Пра спадзяванні і рэальнасць

Пры сярэднераённым паказчыку ўраджайнасці 36,4 цэнтнера з гектара ў «Жарабковічах» збожжавыя даюць 60,9 цэнтнера з гектара. Уражвае? А вось дырэктар сельгаспрадпрыемства такімі лічбамі задаволены не надта:

– 61 цэнтнер на круг для нашых выдатна падрыхтаваных палёў, засеяных элітным насеннем, не скажу, што дрэнна, але малавата. Разлічвалі на куды большае. Сёння асноўная задача – ашчадна ў кароткія тэрміны ўбраць вырашчаны ўраджай. У гаспадарцы для гэтага ўсё ёсць: і тэхніка – 18 камбайнаў, 15 адзінак для адвозкі зерня, шэсць ЗСК, і паліва, і, галоўнае, выдатныя добрасумленныя працаўнікі. Так што сваё важкае слова «Жарабковічы» абавязкова скажуць, – адзначае Антон Булаты.

І ў гэтых словах кіраўніка сумнявацца не даводзіцца. На які вытворчы ўчастак жніўнай кампаніі ні зазірні – паўсюдна можна ўпэўніцца, што адказнасць, працавітасць, самааддача на самым высокім узроўні.

– Аналізуем кожны сезон, уносім пэўныя карэкціроўкі, каб не паўтараць папярэднія памылкі. Упэўнены, каб гарачыня так не ўдарыла па нашай гліністай глебе, ураджай атрымалі б значна вышэйшы. Летась рапсу сабралі каля 3600 тон, сёлета – на тысячу менш. Зменшылася і ўраджайнасць збожжавых. Тым не менш дзяржзаказ, а гэта 100 тон рапсу, 700 тон піваварнага ячменю і 1500 тон збожжа, безумоўна, выканаем. Маем някепскія планы на каралеву палёў – кукурузу, – не губляе аптымізму намеснік ды-
рэктара «Жарабковічаў» Сяргей Каляда.

Не толькі «багатка» багатая на рэкорды

Нібы спаборнічае з сонцам, у каго больш залацісты колер, цяжкі пшанічны колас на палях адразу за аграгарадком Жарабковічы. Сорт пшаніцы «багатка» заважвае тут па 85 цэнтнераў з гектара.

– Гэты сорт можа даваць да 90 цэнтнераў на круг. І сёлета дзе-нідзе так і атрымліваецца. Менавіта на тутэйшым полі працуюць некалькі экіпажаў. Тон задае моладзь – каманда ў складзе старшага камбайнера Георгія Жука і камбайнера Уладзіміра Баўтрукевіча. Яны ўжо другі сезон працуюць разам. Малайцы. Шчыруюць добрасумленна і важна – якасна, –гаворыць начальнік вытворчага ўчастка № 1 Аляксей Навалочка, які ўважліва сочыць за палявым працэсам.

Намеснікі дырэктара Сяргей Каляда і Алена Навалочка.

Пастаянна ў лідарах у раённым спаборніцтве сярод камбайнераў першыя раённыя тысячнікі на жніве Андрэй Дзянішчык і Павел Булаты. І сваё апошняе слова на жніве-2021 яшчэ не сказалі.

А хто ведае, можа тую тону збожжа, якая і вызначыць пераможца, абмалоціць у бункер свайго камбайна дуэт у складзе Сяргея Бурака і Юрыя Таранды. Дарэчы, Юрый – ветэран службы МНС. Прычым сярод жарабковіцкіх удзельнікаў жніва ён не адзіны супрацоўнік РАНС. Стараецца і яшчэ адзін тутэйшы экіпаж – Раман Папко і Юрый Буцько. Віртуозна кіруюць магутнымі МАЗамі на маршруце «поле –
элеватар» вадзіцелі Аляксандр Сокал, Ігар Каўроўскі, Аляксандр Холад.

Аляксандр Сокал і Аляксандр Холад.

Здаровая канкурэнцыя – толькі на карысць агульнай справе. Пацвярджае гэта і вопытны ўдзельнік жніва Віктар Клемяня, які сёлета разам са сваім напарнікам Сяргеем Зянько на другім месцы ў раёне сярод экіпажаў камбайнераў. Для Віктара жніво-2021 трэцяе ў якасці камбайнера, а да гэтага былі сотні кіламетраў на перавозцы зерня.

– Усё ідзе добра. Цяпер важна, каб тэхніка не давала збою, і дажджы не зачасцілі. З Сяргеем разумеем адзін аднаго з паўслова. Ён без праблем мяне падменіць. Звычайна ў поле выходзім, калі падсохне, прыкладна ў 10-11 гадзін, і працуем калі да 21, калі да 22 гадзін, – адзначае камбайнер-перадавік Віктар Клемяня.

– Мы каманда. І гэтым усё сказана. Сіла нашага экіпажа – у адзінстве. Мы працуем дружна, падтрымліваючы і дапамагаючы адзін аднаму. Першымі быць прыемна і пачэсна, – дадае Сяргей Зянько. Сяргей – начальнік ПАВП № 11 у аграгарадку Ліпск, а вось у водпуску замест адпачынку выбірае работу на жніве.

– Летам падзарабіць у наша сельгаспрадпрыемства прыходзяць прадстаўнікі розных прафесій: выратавальнікі, работнікі навучальных устаноў, студэнты, школьнікі. Прыязджаюць не толькі з Ляхавічаў, але і з іншых гарадоў. І мы рады такой дапамозе. Цяпер любыя дадатковыя рукі важныя і неабходныя. А ў зарплаце такіх памочнікаў не пакрыўдзім. Тым больш, сельгаспрацаўнікі, незалеж-
на, пастаянныя ці часовыя, карыстаюцца ўсімі льготамі і прывілеямі, у тым ліку атрымліваюць амаль што бясплатнае двухразовае харчаванне (толькі 10 капеек у дзень плацяць са сваёй кішэні). З 12 да 24 гадзін штодня працуюць лазні ў Сваятычах і Жарабковічах. Камбайнераў і вадзіцеляў на работу і з работы дадому дастаўляюць транспартам гаспадаркі. Арганізаваны рэгулярны падвоз сельгаспрацаўнікоў з іншых населеных пунктаў, – расказвае намеснік дырэктара «Жарабковічаў» Алена Навалочка.

Алена Іванаўна нагадвае і пра іншыя жарабковіцкія жніўныя акалічнасці. Створаны брыгады для тэрміновага рамонту сельскагаспадарчай уборачнай тэхнікі. Калі патрабуецца дэталь, тут жа адпраўляецца спецыяліст, каб тэрмінова даставіць яе ў рамонтную майстэрню. Выдатным стымулам стала правядзенне спаборніцтва на кожным з этапаў работы – вываз і пагрузка арганікі, нарыхтоўка кармоў, сяўба, уборка і г. д. 

Па жніўным раскладзе кіпіць работа на зернетаках. У кругласутачным рэжыме дзейнічаюць ЗСК. Кожная аператарская змена доўжыцца па 12 гадзін. Сярод тых,хто паказвае лепшыя паказчыкі на зернеачышчальна-сушыльных комплексах, і аператары з ААТ «Жарабковічы». Прафесійна спраўляюцца з ускладзенымі абавязкамі аператары Вадзім Кудзін, Мікалай Халопіца, Андрэй Свінабурка, Мікалай Занько.

– На ЗСК працую другі год. А так я электраманцёр. За змену звычайна даводзім да кандыцыі каля 100 тон збожжа. Сёлета яно больш сухое, чым летась, таму перапрацоўка ідзе хутчэй, – тлумачыць Мікалай Халопіца.

Мікалай Халопіца.

На Падлескім участку за зернесушыльную гаспадарку ў адказе Аляксандр Лойка, Валерый Таранда, Вячаслаў Мазюк.

Вячаслаў Мазюк.

Сямейны падрад

Сяргея і Анастасію Каралёвых у «Жарабковічах» ведаюць як надзейных працаўнікоў: муж – механізатар, жонка – вартаўнік. А ў паўсядзённым жыцці як дбайных гаспадароў (трымаюць вялікую гаспадарку) і клапатлівых бацькоў двух сыноў. А вось падчас жніва сямейная пара Каралёвых – зладжаны экіпаж камбайнераў. Сёлета ў іх трэцяе сумесная жніво. Першую скрыпку іграе Сяргей. Але Анастасія стараецца не адставаць ад мужа, дапамагае яму ва ўсім.

Сяргей і Анастасія Каралёвы.

– І з тэхнікай навучылася разбірацца. Канешне, муж куды хутчэй з любой паломкай справіцца, у яго вучуся. А вось за рулём уласнага аўтамабіля часцей езджу я. Лічу, камбайнер таксама і жаночая справа. Сынам паабяцалі купіць горныя веласіпеды, так што зарабляем, – падзялілася планамі Анастасія Каралёва, пакуль муж рыхтаваў іх КЗС-10 для пераходу з уборкі рапсу на ячмень. 

Дарэчы, пра жаночую справу. Супер-вадзіцелі – гэта і пра Ядвігу Сковыш і Наталлю Балашову, якія па-майстэрску кіруюць мікрааўтобусам. Між іншым, і Алена Навалочка выдатна спраўляецца з тэхнікай – па любым полі пранясецца не горш за вадзіцеля-мужчыну.

Яшчэ школьнікам, а потым і студэнтам не адзін сезон запар разам з бацькам працаваў памочнікам камбайнера Раман Турко. Потым была тэрміновая служба ў арміі, іншая работа. І вось малады чалавек вярнуўся на сваю малую радзіму. Ажаніўся і ўладкаваўся механізатарам у родную гаспадарку. І з першай спробы ў якасці вадзіцеля на адвозцы зерня 25-гадовы Раман Турко трапіў у прызёры раённага спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў. На рахунку – 1312 тон зерня.

– Мясцовыя дарогі ведаю добра, як і тое, дзе можна маршрут з поля на зерняток скараціць. Важна перавезці без страт, бачу, як цяжка даецца кожны абмалочаны гектар, якая дарагая кожная намалочаная тона. Бацькі мяне вучылі шанаваць працу іншых і самому працаваць добрасумленна, – разважае вадзіцель-перадавік Раман Турко.

Раман Турко.

Вось так гектар за гектарам, бункер за бункерам, кіламетр за кіламетрам, тона за тонай перасягнулі экватар уборачнай «Жарабковічы». А канчатковыя вынікі падвядуцца зусім хутка – раённыя «Дажынкі» не за гарамі. Ужо напрыканцы жніўня аграгарадок Падлессе, дзе добраўпарадкаваннем многіх аб’ектаў таксама займаецца ААТ «Жарабковічы», будзе вітаць герояў жніва.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.