Аграмайстэрня для спецыялістаў. 6-7 лютага ў Горацкай Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі сабраліся маладыя аграрыі краіны

Што аб’ядноўвае ўдзельнікаў рэспубліканскага злёту, якія 6-7 лютага сабраліся ў Горацкай Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі? Усе яны маладыя работнікі сферы аграпрамысловага комплексу. А яшчэ кожны з іх нераўнадушна ставіцца да справы. Сярод трох сотняў маладых аграрыяў – і прадстаўнікі Ляхавіччыны: ветурач ААТ «Шлях новы» Надзея Аксёнава і бухгалтар Вікторыя Янушкевіч з ААТ «Жарабковічы».

Надзея Аксёнава дзеліцца, што форум прынёс станоўчыя і яркія эмоцыі. Пачулі шмат карыснага, цікавага і новага. У рабоце злёту прымалі ўдзел міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолій Хацько, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў, іншыя службовыя асобы. Такі ўзровень яшчэ раз пацвярджае вялікую ўвагу дзяржавы да моладзі і яе інтарэсаў.
– Міністр адзначыў важнасць зваротнай сувязі з маладымі. Яму цікава было пачуць запыты юнакоў і дзяўчат, даведацца пра іх інтарэсы, праблемы, якія хвалююць. Кіраўнік аграрнай галіны краіны прывёў такі факт: сёння сярод дырэктараў і старшынь прадпрыемстваў АПК каля шасці працэнтаў – маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў, – расказвае Надзея.
– Праграма была настолькі насычанай, што два дні праляцелі незаўважна. Форум праходзіў у фармаце адкрытага дыялога. Шмат увагі надавалася сацыяльным гарантыям, на якія маюць права маладыя спецыялісты. Сярод іх, у тым ліку, і прадастаўленне льготных крэдытаў для будаўніцтва жылля і набыцця маёмасці, даплаты і многае іншае. Для тых, хто прыязджае на сваё першае працоўнае месца, гэтыя пытанні бадай самыя хвалюючыя. Я, напрыклад, з Гомеля, і важнасць падтрымкі адчула на ўласным вопыце, – падкрэслівае малады ветурач. І працягвае: – На злёце прыемна ўразілі планы адносна вёскі будучага. Такі праект цалкам пераверне ўяўленне пра сельскія населеныя пункты. Спадабалася практычная накіраванасць злёту: аграрыяў аб’ядналі па інтарэсах у тэматычных секцыях. Як ветэрынарны ўрач, аказалася ў групе заатэхнічнай і ветэрынарнай медыцыны. Гаварылі, напрыклад, пра інтэнсіфікацыю жывёлагадоўлі, пытанне эфектыўнасці гэтай галіны сельскай гаспадаркі сёння вельмі актуальнае.
Дарэчы, хоць у прафесіі Надзея пакуль навічок (пасля заканчэння Віцебскай ветакадэміі працуе першы год), але ўжо мае ўласны погляд на многія прафесійныя з’явы і справы. Гэтаму садзейнічала не толькі навучанне ў ВНУ, але і асабісты інтарэс: з дзяцінства марыла стаць ветэрынарам і перагортвала горы літаратуры, назірала за працай спецыялістаў.
Вікторыя Янушкевіч у ААТ «Жарабковічы» сёмы год займае пасаду бухгалтара. Яе як нераўнадушнага і адказнага спецыяліста, члена Маладзёжнага парламента камандзіравалі на форум маладых работнікаў АПК. І гэтая падзея пакінула самыя прыемныя ўражанні. Спадабалася літаральна ўсё, расказвае Вікторыя: ад сустрэчы з калегамі, з якімі можна было абмяняцца ўражаннямі і пачуць,
як у іх пастаўлена справа, да выставы-дэгустацыі прадукцыі прадпрыемстваў АПК. Удзельнікам прэзентавалі дасягненні АПК, лепшыя праекты конкурсу «100 ідэй для Беларусі», навукова-метадычныя распрацоўкі Беларускай сельгасакадэміі.
– Укараненне некаторых з іх, лічу, значна спрасціла б наша жыццё. Знаёмства з вытворчай, перапрацоўчай і сацыяльнай інфраструктурай Горацкага раёна натхняе, – адзначае Вікторыя. – Мы пабывалі на рыбаводчым індустрыяльным комплексе «Фарэлевая гаспадарка «Лохва». Там паспяхова вырошчваюць рыбу сямейства асятровых. Прадэманстравалі нам вучэбную гаспадарку акадэміі
і г. д. У 2013 годзе заканчвала гэту навучальную ўстанову, было цікава паглядзець, якія змены там адбыліся, што новага з’явілася. Рада апынуцца ў альма-матар ў іншай ролі. У тэматычнай секцыі «бухгалтарскі ўлік, эканоміка, правазнаўства» выступалі асобы дасведчаныя, пачутае – важкі плюс да прафесійнай дзейнасці. Такія злёты-форумы вельмі патрэбныя для працоўнай моладзі. Гэта і вучоба, і вопыт, і магчымасць натхніцца новымі ідэямі дзеля развіцця сваіх прадпрыемстваў, мясцін, дзе жывём, – падкрэслівае Вікторыя Янушкевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва райкама прафсаюза работнікаў АПК.