Будзе і на Начаўскіх вуліцах свята… Такая выснова напрошваецца пасля сходу грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння

Такая выснова напрошваецца пасля сходу грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, што адбыўся ў Начаўскім СДК для грамадзян аднайменнага сельсавета. Вяскоўцы па практыцы мінулых сходаў на сустрэчу прыйшлі падрыхтаванымі. Як гаворыцца, зверылі гадзіннікі – што абяцалі, што зрабілі, а што зацягнулі…

Па напрацаваным раскладзе пагаварылі пра надзённае:
тэарэтычная частка закранала пытанні работы сельвыканкама, вынікі работы ААТ «Нача», дзейнасці медустаноў, гаварылі пра вядомае, але ж заўжды набалелае – пажарную бяспеку і крымінагенную сітуацыю.
Кейс пытанняў у жыхароў Начы не малы, частку з іх абяцаюць вырашыць «Дажынкі». Вынікі жніўнага сезона падвядуць тут: раённы сельскагаспадарчы фестываль-кірмаш будзе прымаць Нача. І хоць з лакацыяй вызначыліся адназначна, то з месцам галоўных падзей не зусім. Час ёсць, галоўнае – сустрэць «Дажынкі» годна, прыгожа і, што не менш важна, з камфортам. Якога тут, мяркуючы па скаргах жыхароў, і не хапае.
Тэарэтычная частка змянілася на заданні з зорачкай. І ў многім вырашэнне чакаецца і абяцаецца. Старшыня сельвыканкама Вячаслаў Новік праінфармаваў, што чакаецца бягучы рамонт асфальтавага пакрыцця ўчасткаў дарог Канюхі – Нача, Перахрэсце –
Нача. У рэшце рэшт дачакаюцца змяненняў вуліцы 60 гадоў Савецкай Улады, Мінская, Спартыўная, Савецкая ў Начы.
Яшчэ з мінулага сходу засталося пытанне добраўпарадкавання тэрыторыі каля магазіна «Родны кут»: пад ухілам там збіраецца вада, утвараюцца лужыны і бруд. Адказ ДРБУ-200 просты: хутка выправіцца. Тое ж тычыцца і месца прыпынку школьнага і рэйсавага аўтобусаў па вуліцы Савецкай. З «Дажынкамі» многае зменіцца. Паглядзім! «ЛВ» будзе сачыць за пераўтварэннямі!
Не хапае жыхарам Начы добраўпарадкаванай дзіцячай пляцоўкі. Пасыпаліся прапановы – добра! Аднак у гэтага медаля ёсць іншы бок –
дзіцячая бяспека, хто будзе абслугоўваць, на чыім балансе. Ды і ўстаноўка такога кшталту элемента добраўпарадкавання патрабуе адпаведнай дазвольнай дакументацыі. Пытанне застаецца адкрытым…
Не адна скарга сыпалася з адраса вуліца Савецкая, 18.
У адной з арэндных кватэр уваходныя дзверы, лічы, стаяць дзеля прыгажосці – па словах вяскоўкі, тэмпература ў памяшканні каля 15 градусаў. Ды і святло часта міргае пасля ўстаноўкі новага
электрапрыбора. З апошнім прадстаўнік Ляхавіцкага раёна электрасетак паабяцаў раза-
брацца.
– А яшчэ з крана цячэ ржавая вада. На мінулым сходзе абяцалі выправіць. А што цяпер? – агучыла жыхарка Начы.
– Праблема ёсць. У Начы працуе станцыя абязжалезвання. Справа ў тым, што з чатырох кіламетраў водаправода толькі палова заменена. Работы працягнем. У цэнтры Начы, дзе ёсць цыркуляцыя, пытанняў з якасцю вады не існуе. Аднак ёсць тупіковыя ўчасткі, дзе цыркуляцыі няма, там і ўзнікаюць праблемы. У бліжэйшы час пра-
чысцім. Сітуацыю выправім, – пракаменціраваў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
Шэраг скаргаў тычыўся пустуючых дамоў, частка з якіх на балансе ААТ «Нача». Сёння гэтыя безгаспадарныя пабудовы надаюць шэрасці населенаму пункту. Добра, што ёсць адрасы, дзе гаспадары прыватызавалі кватэру.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз даручыў дырэктару ААТ «Нача» Сяргею Шушпаннікаву адсачыць гэта пытанне. Калі ёсць пэўныя недахопы – выправіць. Тым больш, у Начы адзін з пустуючых дамоў плануецца адрамантаваць і перавесці ў статус арэнднага. Магчыма, менавіта гэтыя квадратныя метры стануць сваімі для маладых спецыялістаў прадпрыемства. У плане падрыхтоўкі да «Дажынак» значацца адрасы шматкватэрнікаў, дзе адбудзецца рамонт фасада, даху, афарбоўка агароджы і іншае. Дарэчы, і вяскоўцам прапанавалі не быць убаку ад падзеі – на суботніках ствараць прыгажосць разам.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык адзначыў, што зараз перад таварыствам стаіць задача нарасціць аб’ёмы вытворчасці, паскорыць тэмпы, тым больш рэсурсы ёсць. А за гэтым стаіць абнаўленне і інфраструктуры: жыве прадпрыемства – працвітае і населены пункт. Тым больш, плануецца, што сёлета будзе ўведзены ў эксплуатацыю кароўнік на 480 галоў на МТФ «Цэнтр». І доўгачаканае адкрыццё з плюсам паўплывае на вынікі. Перавод на сучасную тэхналогію беспрывязнага ўтрымання, збалансаванае харчаванне, даенне ў даільнай зале – іншы ўзровень умоў для жывёл.
І, канешне, умоў працы.
…А вось на тэме газіфікацыі тон размовы значна пасур’ёзнеў. Абяцанні зацягнуліся з аднаго боку, з другога, пакуль незразумелы механізм гэтага працэсу. Дамовіліся сустрэцца асобна і абмеркаваць далейшы план.
Пытанні былі, ёсць і будуць. І гэта не можа не радаваць. Галоўнае, каб і вяскоўцы, і кожны на сваім месцы адказна ставіліся і да абяцанняў, і да іх выкананняў. За словы варта адказваць!