За і супраць пражэктара. Работнікі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» адключылі электразабеспячэнне пражэктара

Неаднойчы за вырашэннем розных камунальных пытанняў у раёнку звярталіся жыльцы дома № 12 па вуліцы Чкалава ў райцэнтры. І вось на гарачай лініі «ЛВ» – чарговы званок са знаёмага адраса. Ад імя жыльцоў дома патэлефанавала ляхавічанка з просьбай разабрацца ў сітуацыі.

Пасля праведзенага капітальнага рамонту дома жыльцы аднаго з пад’ездаў за ўласныя сродкі ўстанавілі на фасадзе будынка пражэктар, каб у цёмны час сутак асвятлялася дваровая тэрыторыя для бяспекі і аўтамабіляў, якія стаяць на аўтастаянцы, і жыльцоў, і тых, хто праходзіць праз двор. Аднак такая крыніца асвятлення выконвала сваю функцыю нядоўга. Работнікі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» адключылі электразабеспячэнне пражэктара. Жыльцы дома звярнуліся ў райвыканкам з просьбай разабрацца. Атрымалі пісьмовы адказ, у якім сказана, што згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй устаноўка вулічнага асвятлення падчас капітальнага рамонту дома не прадугледжана. У сувязі з тым, што пад’езды, як і ганак дома, асвятляюцца, неабходнасць дадатковага асвятлення немэтазгодна, адзначаецца ў пісьме.
Перш чым устанавіць пражэктар, жыльцы дома правялі апытанне, і большасць гаспадароў кватэр падтрымала такую ініцыятыву. Але пасля таго, як аб’ект устанавілі, пачаліся скаргі, што ліхтар замінае, таму работнікі Ляхавіцкага камунгаса і адключылі яго ад сілкавання. Як можна вярнуць пражэктар – з такім пытаннем жыльцы дома № 12 па вуліцы Чкалава звярнуліся ў рэдакцыю раёнкі.
Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк адзначыў:
– Згодна з праектам устаноўка пражэктара не прадугледжана. Кожны пад’езд асветлены. Так, жыльцы дома за ўласныя сродкі ўстанавілі абсталяванне. Але пры гэтым такое дзеянне не ўзгоднена з ўсімі жыльцамі дома, якія і выказалі сваю незадаволенасць. Калі б рашэнне аб устаноўцы было аднагалосным, спрэчная сітуацыя не ўзнікла б.
Пакуль матэрыял рыхтаваўся, дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі запэўніў, што на казырку ўваходнай групы кожнага з пад’ездаў будуць устаноўлены дадатковыя ліхтары. Спадзяёмся, што такі выхад з сітуацыі задаволіць усіх жыльцоў дома № 12 па вуліцы Чкалава.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.