Сацыяльнае папаўненне

Сёлета ў першым паўгоддзі на Ляхавіччыне стане на адну сацыяльную ўстанову больш. На базе былой Крывошынскай участковай бальніцы адкрыецца псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых людзей і інвалідаў.

– Яшчэ летась распачаўся капітальны рамонт з мадэрнізацыяй колішніх бальнічных памяшканняў. Каля 1,5 мільёна рублёў на гэтыя мэты выдаткавана з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Тут будуць створаны неабходныя ўмовы для кругласутачнага пастаяннага знаходжання пацыентаў псіханеўралагічнага профілю. Пакоі для пражывання раз-лічаны на 4-5 чалавек. Размесціцца і свой харчаблок, а таксама медыцынскі корпус. Часткова абнаўляецца мэбля, – расказвае дырэктар ДУ «Крывошынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» Алег Траццяк.
Трапіць у гэту сацыяльную ўстанову можна па заключэнні ўрачэбнай камісіі. Усе неабходныя дакументы афармляюцца праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Персанал (у пераважнай большасці санітары, але тут будуць працаваць медсёстры, урач псіхіятр-неўролаг) падбіраецца загадзя. Як адзначыў Алег Траццяк, працоўнае месца прадаставяць усім, хто раней працаваў у Крывошынскай участковай бальніцы, акрамя таго, з’явяцца новыя працоўныя месцы. І гэта, безумоўна, важна ў плане вырашэння пытання занятасці ў сельскай мясцовасці.
Што тычыцца ложкаў сястрынскага догляду, якія функцыянавалі на базе Крывошынскай участковай бальніцы, то сёння яны раскватараваліся ў Альхоўцах у будынку былой урачэбнай амбулаторыі. Як паведаміў намеснік галоўнага ўрача
ЦРБ Міхаіл Куляшоў, у бальніцы сястрынскага догляду
праходзяць лячэнне 20 пажылых грамадзян. Пра іх клапоціцца медыцынскі персанал пад кіраўніцтвам вопытнай старшай медсястры Рамуальды Страмавус. Міхаіл Куляшоў падкрэсліў, што для пацыентаў створаны належныя ўмовы. Двойчы на тыдзень прыязджае ўрач з райбальніцы. Стравы гатуюць у харчаблоку ЦРБ і прывозяць на спецыялізаваным транспарце.

Галіна КАНЬКО