Цырульня для саду. Майстар-клас ад вучонага-практыка па ўраджайных сотках

Як правільна правесці абрэзку пладовых дрэў і ў які тэрмін, на што звярнуць увагу пры вырошчванні расады і як падкормліваць розныя культуры – на гэтыя і іншыя пытанні сёння і ў наступных выпусках «Ураджайныя соткі» «ЛВ» адкажа вучоны аграном-плодаагароднік, вінаградар ляхавічанка Таццяна ПРЫХАЧ (на здымку). Сакрэты шчодрага ўраджаю яна ведае не па кнігах. Яе пасадкам ва ўласным садзе-агародзе можна толькі пазайдросціць. Калі ласка, першы майстар-клас ад вучонага-практыка па ўраджайных сотках!

Каб у гэтым сезоне яблыні, грушы, чарэшні і іншыя садовыя культуры парадавалі шчод-рым ураджаем, ні ў якім разе не грэбуйце вясенняй абрэзкай пладовых дрэваў. Разгледзім некаторыя асаблівасці гэтай працэдуры: навошта яна патрэбна, якія яе мэты. Абрэзкай рэгулююць рост і плоданашэнне, велічыню і якасць пладоў, перыядычнасць плоданашэння (чаргаванне ўраджайных і неўраджайных гадоў),
амалоджванне, зіма-ўстойлівасць. Крона павінна быць трывалай, зручнай для догляду і здымання ўраджаю. Галінкі дрэў павінны добра асвятляцца.

Віды абрэзкі

У залежнасці ад мэтаў, абрэзку падзяляюць на некалькі відаў: фітасанітарная, прарэджвальная, фарміруючая, амалоджвальная. Прычым, для кожнага варыянта абрэзкі прадугледжаны розныя тэрміны і прыёмы.
Пачынаць неабходна з фітасанітарнай (выдаліце сухія, паламаныя, пашкоджаныя галінкі). Потым прыступайце да прарэджвальнай (выдаліце галінкі, якія растуць унутры дрэва, пераплеценыя, што загушчаюць крону). Фарміруючая абрэзка праводзіцца для стварэння патрэбнага вам тыпу кроны (верацёнападобнай, чашападобнай, разрэджана-яруснай).
У першую чаргу такая абрэзка неабходна маладым дрэвам і кустарнікам: гэта паскарае пачатак цвіцення і плоданашэння, аблягчае догляд за дарослай раслінай. Граматна сфарміраваная крона забяспечвае добрае асвятленне, дэкаратыўнасць, зніжае рызыку разломаў і абломаў галінак, паражэння хваробамі. Амалодж-вальная абрэзка прымяняецца для таго, каб стымуляваць абнаўленне старых дрэваў і кустарнікаў, якія страцілі здольнасць да росту і добрага плоданашэння. Сігнал да таго, што расліна мае патрэбу ў амалоджвальнай абрэзцы, – слабы прырост, дрэннае цвіценне і пладанашэнне. Для гэтага ўкарочваюць старыя галінкі, пакідаючы аблісцелыя маладыя па-расткі – з іх фарміруюць новую крону. Праводзіць такую абрэзку на старых дрэвах рэкамендуюць кожныя 3-4 гады (для яблыні і грушы радзей – раз у 5-6 гадоў). Запушчаныя дрэвы лепш аб-рэзваць у некалькі этапаў – на працягу некалькіх гадоў, паступова выразаючы старыя галінкі, зніжаючы і асвятляючы крону.

Тэрміны абрэзкі

Няма дакладнага меркавання, у якую пару года лепш рабіць абрэзку. Абрэзваюць дрэвы круглы год, у залежнасці ад віду абрэзкі. Фітасанітарная праводзіцца круглы год,
прарэджвальная і фарміруючая – у перыяд пакою і летам, амалоджвальная – у зімова-вясенне-асенні перыяд. Аптымальны тэрмін – канец зімы – сярэдзіны красавіка. Аднак у вялікіх, прамысловых садах за такі кароткі перыяд не заўсёды паспяваюць правесці абрэзку ўсяго саду, таму дапускаецца праводзіць яе на працягу ўсёй зімы (у перыяды адлігі або калі тэмпература паветра не ніжэй за -8-10 градусаў).

Тры этапы абрэзкі

  1. Укараціць ствол
    (мал. 1). Аптымальная вышыня – 3-4 метры, можна ніжэй. Так зручна збіраць плады: яны не будуць сыпацца з вышыні, не прыйдзецца лезці па лесвіцы за імі. Тут важна правільна спіліць ствол –
    крыху вышэй верхняй галінкі, літаральна на 1-2 сантыметры.
    Калі пакінуць пянёк, ён хутка згніе, і на макушцы ўтворыцца дупло, куды будзе трапляць дажджавая вада, і дрэва хутка загіне.
  2. Выразаць усе парасткі, якія растуць унутр кроны (мал. 2). Яны загушчаюць дрэва, унутры застойваюцца паветра і вільгаць. У выніку там селяцца шкоднікі і размнажаюцца грыбкі. У садаводаў ёсць такое выказванне: «Верабей павінен спакойна праляцець праз крону».
  3. Абрэзаць (укараціць) бакавыя галінкі (мал. 3). Іх даўжыня павінна быць прыкладна 2,5 метра. А абрэзваць іх трэба на знешнюю галінку.
    Амалоджвальная абрэзка пладовых дрэваў робіць тры справы адначасова: плады становяцца буйнейшымі, ураджайнасць павялічваецца на 20-60 працэнтаў, павышаецца марозаўстойлівасць дрэваў, і ў той жа час іх прасцей апрацоўваць ад хвароб і шкоднікаў.