Калі лік ідзе на секунды. На базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН прайшоў семінар «Рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі. Аказанне першай дапамогі пацярпелым»

На базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН прайшоў семінар «Рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі. Аказанне першай дапамогі пацярпелым», у якім прынялі ўдзел валанцёры з атрада хуткага рэагавання раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і пяць сядзелак з ТЦСАН.

Майстар-клас па аказанні першай дапамогі правялі спецыяліст абласной арганізацыі БТЧК, інструктар па аказанні першай дапамогі Мая Грышчук.

Валанцёры на манекенах адпрацоўвалі выратавальныя прыёмы пры ўкусах, пераломах, крывацёках, непраходнасці дыхальных шляхоў і г. д. Таксама валанцёры яшчэ раз паўтарылі, як рабіць штучнае дыханне і масаж сэрца дарослым і дзецям.

– Мы і ў далейшым будзем праводзіць падобныя семінары, каб ніякая надзвычайная сітуацыя не магла прымусіць разгубіцца, а ўсе дзеянні былі зладжаныя і хуткія, – расказала старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.

Усім удзельнікам семінара былі выдадзены сертыфікаты.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.