Калі мама – гераіня. У вялікай сям’і ляхавічан Андрусевічаў – свята

26 лютага Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 79 аб узнагароджанні ордэнам Маці жанчын, якія нарадзілі і выхоўваюць пяць і больш дзяцей.    Сярод узнагароджаных і ляхавічанка – начальнік аддзялення паштовай сувязі «Ляхавічы-2» Юлія Андрусевіч.    Высокая дзяржаўная адзнака ўручана зямлячцы напярэдадні Дня жанчын.

Маме Юліі днямі ўручылі ордэн Маці. І гэта яшчэ адно сведчанне пільнай увагі нашай дзяржавы да мацярынства і сям’і.

Мама добрая, справядлівая, пяшчотная, класная, вясёлая, а яшчэ смачна гатуе – пералічваюць якасці Юліі Андрусевіч яе сыночкі і дочкі. Яна мама шасцярых дзяцей: Ірыны, Вікторыі, Дзмітрыя, Аляксандра, Марыны і Кірыла.

Мнагадзетны статус жыццярадаснай і абаяльнай ляхавічанцы да твару. Асабліва расцвітае, калі тры дочкі і тры сыночкі абдымуць, прытуляцца да пяшчотных маміных рук. Юля зараз у самым шчаслівым для кожнай жанчыны водпуску – па доглядзе за дзіцем. Калі больш дакладна – за двума: сямімесячным Кірылам і двухгадовай Марынай.
З мужам Аляксандрам абодва раслі ў вялікіх сем’ях, таму такая цудоўная дзіцячая каманда, можна сказаць, была «запраграмавана» ўжо на падсвядомым узроўні.
– Так прыемна глядзець на маленькага чалавечка, трымаць на руках, радавацца кожнаму яго дасягненню, назіраць, як расце. І ў адзін дзень ты разумееш, што твой сын ці дачка сталі самастойнай асобай. Шэсць пар самых дарагіх вачэй, абдымкі і рознагалосае «мама»… Гэтыя адчуванні ні з чым не параўнаць, – дзеліцца Юлія.
– Ірка прыйшла, – гучна апавяшчае Марынка. Дзесяцікласніца Ірына вучыцца ў СШ № 1 і заўсёды з радасцю вяртаецца дадому, дзе яе з нецярпеннем чакаюць браты і сёстры. Аўтарытэт старэйшай ніхто не аспрэчвае: і вучыцца добра, і ведае шмат. Малодшым заўсёды можна папрасіць у яе дапамогі. Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, самастойна навучылася іграць на гітары.
Віка на паўтара гады меншая за Ірыну. Займаецца ў сёмым класе музычнай школы, як і сястра, па класе фартэпіяна. Прыгожа малюе. З сястрой яны галоўныя маміны памочніцы. Віка выпякае смачныя бісквіты, Ірка робіць эклеры – смаката! А трэба, такі сямейны канцэрт арганізуюць – заслухаешся. За імі і хлопцы навучыліся на піяніна пару мелодый «агучваць», але яны плануюць пасябраваць з саксафонам. Саша з Дзімам – сябры, адзін аднаго дапаўняюць: Саша ўсё робіць грунтоўна, няспешна, дзесяцігадовы Дзіма ж наадварот – хутка-хутка. Любіць катацца на роліках і сярод іншых прафесій вы-
дзяляе настаўніцкую. Саша, дарэчы, нарадзіўся 9 мая, і сям’я адзначае двайное свята – Вялікую Айчынную вайну прайшоў прадзед Іван Міхайлавіч.
Марыша – любіміца ўсёй сям’і, пакуль яе заняткі абмяжоўваюцца гульнямі з лялькамі і цацкамі. А яшчэ маленькай прынцэсе вельмі падабаецца падмаляваць вочкі, падвесці вусны цікавымі «штучкамі» і фарбамі з мамінай ці Іркінай касметычкі…
У вялікай і дружнай сям’і Андрусевічаў абавязкі не дзеляць. Хто можа – той і дапамагае. Не чакаюць, што зробіць нехта іншы. У школу дзяцей падвозіць бацька. Мама ў гэты час возіцца з Кірылам – ён нарадзіўся ў мінулым жніўні і патрабуе больш увагі, чым іншыя рабяты. Пасля прачынаецца Марыша, і дзень працягваецца па заведзеным парадку.
Цяжка? Не, адказвае мама Юля. Падумаеш, трохі больш мыцця – дык мые машына. Прасаваць – таксама не праблема. Дочкі дапамогуць з навядзеннем чысціні ў доме.
Ды і дзяржаўная падтрымка – важкі плюс. Чаго варта бясплатнае школьнае харчаванне на чатырох дзяцей, палову ад поўнай сумы каштуюць і падручнікі. Не трэба аплачваць заняткі ў школе мастацтваў. Юлія Васільеўна пералічвае дзяржаўныя бонусы мнагадзетнасці. Сярод іх і дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад трох да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, якая складае 50 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму. З дзяржпадтрымкай і рэканструкцыю дома зрабілі.
Надзейная апора ва ўсім – муж. Ён бярэ на сябе шмат сямейных клопатаў. А ўсе воблачныя жыццёвыя моманты перакрываюцца сонечным настроем, калі збіраюцца разам, расказваюць наперабой пра справы, калі абедаюць са смакам, калі свецяцца ад шчасця вочы…
Юліна хобі – рукадзелле. Пяцелька за пяцелькай – пруткамі ці кручком – і вывязваюцца сукенка, касцюмчык, кофта. А яшчэ са стужак робіць прыгожыя банцікі – любата.
Такое маміна шчасце: клапатлівае, рознагалосае, любімае.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.