Не толькі меліярацыя іх лакацыя. Ляхавіцкае ПМС стала адным з пераможцаў працоўнага саперніцтва сярод меліярацыйных прадпрыемстваў у 2019 годзе

Спачатку было слова: артыкул, надрукаваны ў ведамасным выданні ДА «Белвадгас», пачынаўся на першай старонцы і інтрыгаваў сваёй назвай. Па сутнасці ж, «Паўднёвы рэгіён на вышыні!» уяўляў сабой справаздачу з нарады «Брэстмеліявадгаса» па выніках работы аб’яднання ў мінулым годзе. Канстатавалася, у прыватнасці, што «меліяратары Брэсцкай вобласці ў поўным аб’ёме выканалі ўсе паказчыкі 2019 года».

Галоўны інжынер ПМС Вячаслаў Кірыковіч (у цэнтры), экскаватаршчыкі-бульдазерысты Сяргей Сайко, Віктар Запруцкі, Іван Краўчук, Георгій Сайко.

А выклікаў жывы інтарэс апошні абзац, дзе кароткім радком  паведамлялася аб лаўрэатах года – прадпрыемствах, якія сталі пераможцамі працоўнага саперніцтва сярод меліярацыйных прадпрыемстваў у 2019 годзе. Дык вось, другое месца з уручэннем Ганаровай граматы ДА «Брэстмеліявадгас» прысуджана Ляхавіцкаму ПМС – за дасягнутыя высокія вынікі ў фінансава-гаспадарчай дзей-насці.

Базу ляхавіцкіх меліяратараў карэспандэнты «ЛВ» наведалі бліжэй да поўдня. У майстэрні пад наглядам сваіх гаспадароў стаяла некалькі адзінак «цяжкай» тэхнікі: прыйшоў час паставіць машыны на абслугоўванне. На пытанне, дзе дыслацыруецца астатні парк «жалеза» (а толькі экскаватараў, бульдозераў і трактароў у нашых меліяратараў у суме ці не два з паловай дзясятка), атрымалі адказ: у полі.

А, як расказаў дырэктар ПМС  Сяргей Баргамон, вытворчым полем прадпрыемства зараз служыць адзін з перыметраў аграгарадка Русінавічы. Спецыялісты ПМС ажыццяўляюць падчыстку
ўнутрыгаспадарчай меліярацыйнай сеткі СВК «Ляхавіцкі». Яшчэ адзін актуальны іх аб’ект – меліярацыйная сістэма «Сваятычы» ААТ «Шлях новы», на адным з участкаў якой працягваюцца рамонтныя работы. Сродкі на апошні праект выдаткаваў абласны бюджэт. Таму ж «Шляху новаму» меліяратары дапамагаюць з вывазкай арганічных угнаенняў. Дарэчы, «арганічны» праект ПМС з’яўляецца пастаянна дзеючым, адносіцца да шэрага так званых «іншых відаў работ», якія ў аб’ёме агульнай выручкі Ляхавіцкага ПМС склалі ў мінулым годзе амаль 39 працэнтаў.

Але ж звяно па вывазцы – толькі звяно ў ланцугу работ прадпрыемства. У працяг спіса ўзгадаем клопаты па зносе пустуючых дамоў, добраўпарадкаванне тэрыторый, рэкультывацыю выпрацаваных унутрыгаспадарчых кар’ераў і некаторыя іншыя пазіцыі.
Але ж гэта толькі дапаўненне да асноўнай вытворчай дзейнасці. А такой для ўсіх меліяратараў з’яўляецца безумоўнае выкананне падпраграмы «Захаванне і выкарыстанне меліяраваных земляў» у рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016-2020 гады.

Пры вызначэнні лепшых мелія-рацыйных прадпрыемстваў мае значэнне літаральна ўсё: аб’ёмы выкананых работ, іх сабекошт і дынаміка ў параўнанні з папярэднім годам, функцыянал вытворчай базы і яе адпаведнасць санітарна-бытавым патрабаванням, пастаноўка работы па ахове працы і многае іншае.

А за ўсім гэтым людзі – галоўны актыў любой гаспадарчай і не толькі структуры.

Артыкул 41. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.