Дзе яны – там камфорт

На лютаўскім пасяджэнні райвыканкама былі падсумаваны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны ў мінулым годзе. «Ляхавіцкі веснік» інфармаваў пра гэта сваіх чытачоў, што называецца, па гарачых слядах. Праўда, пытанні будаўніцтва і рамонту жылля, утрымання дарог і вуліц, газіфікацыі населеных пунктаў і іншыя на камунальную тэматыку засталіся па-за газетным радком. Наўмысна, паколькі тэма прэтэндуе на ролю аднаго з драйвераў эканомікі, сваёй важнасцю, вастрынёй заслужыла быць абмеркаванай падрабязна. Сёння «ЛВ» прапануе чытачам інтэрв’ю з «профільным» намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем Ляшчэнем.

Год са знакам плюс
Андрэй Мікалаевіч, напачатку гутаркі прапаную даць ацэнку году мінуламу. Што зроблена, дзе ці ў чым не атрымалася выйсці на прагноз?
– Як і гаспадарчы комплекс у цэлым, будаўнікі і камунальнікі раёна завяршылі 2019 год нядрэнна. Выраслі вытворчыя аб’ёмы, працягваецца тэндэнцыя на далейшае развіццё галіны. За выключэннем аднаго, выкананы ўсе асноўныя прагнозныя паказчыкі.
За 12 месяцаў будаўнічыя арганізацыі раёна выканалі падрадных работ на больш як 11 з паловай мільёнаў рублёў. Тэмп росту ў параўнанні з папярэднім годам склаў амаль 136 працэнтаў. Лепш сябе мінулагодніх спраца-валі філіял «ДЭУ-24» РУП «Брэстаўтадар», Ляхавіцкія ДРБУ-200, ПМС, ЖКГ і ПМК-13. У цэлым жа за год арганізацыі розных формаў уласнасці ў раёне выканалі будаўніча-мантажных работ на суму 23,72 мільёна рублёў – на 42 працэнты больш сумы 2018 года.
А вось па тэмпах энергазберажэння выйсці на прагнозную лічбу не атрымалася.

Жыхарам горада і раёна куды больш скажуць «квадраты» пабудаванага жылля, кіламетры адрамантаваных дарог, інжынерных сетак і г. д.
– Для кожнага чалавека жыллё з’яўляецца першачарговай патрэбай, самым і ва ўсіх сэнсах дарагім актывам. Сёння ў чарзе за жыллём у раёне значыцца каля 870 чалавек. У тым ліку і 166 шматдзетных сем’яў. Чарга рухаецца з паскарэннем, хоць і не так хутка, як хацелася б нам і тым больш людзям з яе спіса. Летась у раёне за кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена 6246 квадратных метраў жылля, гадавое заданне перакрыта на 146 «квадратаў». Пабудаваны 24 індывідуальныя жылыя дамы агульнай плошчай 3536 квадратных метраў. Кожны трэці з гэтых дамоў мае сельскую прапіску, узведзены з дзяржаўнай падтрымкай. У Ляхавічах па вуліцы Юбілейнай вырас пяціпавярховік на 40 кватэр агульнай плошчай 2217 «квадратаў». Падрадчыкам на аб’екце выступала ПМК-13. Два з паловай дзясяткі кватэр у гэтым доме прызначаны для шматдзетных сем’яў, 10 – сацыяльнага і 5 – камерцыйнага карыстання.
Пракладваліся новыя і капітальна рамантаваліся старыя цеплавыя, водаправодныя і каналізацыйныя сеткі, дарогі і вуліцы населеных пунктаў. У 2019-м у раёне дабавілася дзве станцыі абязжалезвання вады – у аграгарадках Падлессе і Конькі, завершана будаўніцтва і ўведзены ў эксплуатацыю размеркавальны газаправод і газаправоды-ўводы да жылых дамоў па вуліцах Савецкай і Лугавой у аграгарадку Востраў.

«Шырокім крокам»
Словы «будоўля» і «будучыня» аднакарэнныя, без першага цяжка сабе ўявіць якаснае другое. Андрэй Мікалаевіч, што ў плане новых падрадаў нам рыхтуе год бягучы?
– На 2020 год планы ў нашых будаўнікоў яшчэ больш высокія, задачы – складаныя, але вырашальныя. Дарэчы, два з паловай месяцы з пачатку года нашы будаўнікі, дарожнікі, камунальнікі не сядзелі без справы. Але галоўнае наперадзе, а будаўнічыя разважан-ні на перспектыву пачну з галоўнага – з жылля.
На лістапад запланаваны ўвод у эксплуатацыю яшчэ аднаго шматпавярховіка. З’явіцца ён поруч з жылым інтэрнатам Ляхавіцкага дзярж-агракаледжа. Блізкая аналогія з новабудоўляй па вуліцы Юбілейнай: тыя ж матэрыя-лы, тая ж – шырокі крок – тэхналогія будаўніцтва, у якасці падрадчыка выступае ўсё тая ж ПМК-13. Аднак замест двух пад’ездаў-секцый па 20 кватэр у першым выпадку, у другім – тры і 60 кватэр у агульнай колькасці. Жыллё будзе размеркавана наступным чынам: уладальнікамі 45-ці кватэр стануць шматдзетныя сем’і, што знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, 15 – атрымаюць статус сацыяльнага жылля, стануць домам для асоб з ліку дзяцей- сірот, іншых катэгорый грамадзян.

Камерцыйнае ці, як яго яшчэ называюць, арэнднае жыллё там не прадугледжана?
– Не, пакватэрны расклад іменна такі, як і сказаў. А поўнасцю арэндным пасля рэканструкцыі стане былы інтэрнат ЛДАКа. Зараз ён ніяк не выкарыстоўваецца, і як любая пустуючая пабудова схільна хутка разбурацца. Не дапусціць падобнага – наша задача. З рэспубліканскай уласнасці былы інтэрнат быў пераведзены ў раённую камунальную, і ўжо на бягучы месяц запланаваны прыход на аб’ект будаўнікоў. Па праекце рэканструкцыя павінна быць завершана ў наступным лютым. У доме размесціцца 54 кватэры.
Захаваецца трэнд на абнаўленне інжынерных сетак, працягнецца рамонт кацельняў і перавод асобных з іх у рэжым аўтаматычнай работы. Жарабковіцкая і цэнтральная гарадская будуць рэканструяваны асабліва глыбока. Апошняя, напрыклад, – пад магчымасць працаваць на шчэпках, з устаноўкай абсталявання па здрабненні драўніны.
Для паляпшэння якасці пітной вады на гэты год запланавана будаўніцтва трох станцый абязжалезвання: у Востраве, Тальмінавічах і Задвор’і.

Квартал газу
– Ёсць знаёмыя, якія «манітораць» пытанне замены ў сябе дома газавай пліты на электрычную, устаноўкі электраацяп-ляльнага катла.
– Жаданне зразумелае, але калі яно трансфармуецца ў масавы трэнд, новай нагрузкі могуць не вытрымаць дзеючыя электрасеткі. Спатрэбіцца рэканструкцыя. У тым ліку і з мэтай альтэрнатывы, а галоўнае – дзеля паляпшэння якасці жыцця насельніцтва рэгіёна запланавана будаўніцтва падводзячага газаправода «Каранеўшчы- на – Падлессе – Зубелевічы – Нача – Жарабковічы» з магчымасцю пракладкі размеркавальнай «трубы» да кожнага спажыўца. Задача бягучага года – падрыхтоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Прапускная здольнаць газаправода разлічана пад забеспячэнне блакітным палівам не толькі старой жылой забудовы. Яшчэ і на перспектыву, для чаго ў Жарабковічах і Начы падабраны ўчасткі перспектыўнай забудовы: прыкладна 25-27 участкаў у першым выпадку, 28-30 – у другім. Чалавек, які будзе мець падставу і жаданне пабудавацца ў аграгарадках, атрымае ў распараджэнне зямлю з падведзенымі камунікацыямі. Водаправодам і адводам, ЛЭП, гравійнымі пад’ездамі і газавай трубой.

У ТЭМУ

Акрамя новага будаўніцтва, у 2020 годзе запланавана выканаць капітальны рамонт з мадэрнізацыяй жылога дома №12 і капітальны рамонт дома № 21, размешчаных па вуліцы Чкалава ў горадзе Ляхавічы.
Таксама ў чарзе на капітальны рамонт значыцца жылы дом № 5 па завулку Южакова ў райцэнтры.
Такім чынам, агульная плошча кватэр у дамах, уведзеных у эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту ў 2020 годзе, складзе больш за 5 тысяч квадратных метраў.

Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА.