Ажуруна – нібы з карунак

Працаваць у таварыстве з абмежаванай адказнасцю «Ажуруна» — камфортна. Пра гэта  дакладна ведаюць многія нашы землякі, якія зусім нядаўна працаўладкаваліся на прадпрыемстве, якое мае непасрэднае дачыненне да выпуску жаночай бялізны знакамітага беларускага брэнда «Мілавіца». «Ажуруна» пачала адлік сваёй біяграфіі з 22 лістапада 2010 года, і нават за такі кароткі перыяд дабілася поспехаў. Падчас капітальнага рамонту часткі будынка былога камбіната бытавога абслугоўвання тут створаны ўтульныя, з захаваннем тэхнікі бяспекі і патрабаванняў аховы працы, памяшканні для работы і пакоі для адпачынку, офісныя кабінеты і складскія памяшканні, устаноўлена абсталяванне, якое прыйшло з галоўнага прадпрыемства «Мілавіца».

На ўсё гэта спатрэбілася звыш 120 мільёнаў рублёў.

Стартавала ў бізнесе «Ажуруна» з 30 новых працоўных месцаў. Адна з заснавальніц прад-прыемства і яго цяперашні дырэктар Наталля Рулінская не хавае, што даволі цяжка было знайсці кваліфікаваных швачак, якія б якасна і вынікова выконвалі сапраўды юве-лірную работу — пашыў жаночай бялізны. Аднак, прадпрымальныя бізнес-вумэн (разам з Наталляй Рулінскай заснавальніцай «Ажуруны» з’яўляецца і Ганна Клентак) і не збіраліся здавацца, яны ўпэўнена ішлі да пастаўленай мэты, бо прывыклі любую пачатую справу даводзіць да канца. Акрамя прафесіяналаў, у штат бралі і навічкоў швейнай справы — вучылі майстэрству шыць з нуля.

І рызыка сябе апраўдала. Спачатку на прад-прыемстве працавалі 30 чалавек у адну змену, цяпер тут працуюць 54 швачкі  ў 2 змены — і гэта не мяжа, бо ў планах заснавальнікаў пашырэнне прадпрыемства.

У свой час у заснавальнікаў «Ажуруны» быў выбар паміж гарадамі Ганцавічы, Івацэвічы і Ляхавічы. Больш выгаднае геагра-фічнае размяшчэнне нашага горада і зацікаўленасць у стварэнні новага прадпрыемства з боку раённай улады схілілі выбар на карысць Ляхавіч. Дарэчы, менавіта наш раён прызнаны лепшым рэ-гіёнам Брэстчыны па стварэнні ўмоў для развіцця прадпрымальніцтва па выніках конкурсу «Лепшы прадпрымальнік 2010 года Брэсцкай вобласці». Мікраклімат для дзейнасці малых прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў на Ляхавіччыне самы  спрыяльны. Справа за прадпрымальнымі і ініцыятыўнымі! Аналагі «Ажуруны» размешчаны яшчэ ў 16 гарадах Беларусі, і яны таксама супрацоўнічаюць з «Мілавіцай» карпаратыўна.

— Мы даём людзям працоўныя месцы і магчымасць атрымаць за сваю работу дастойную зарплату — расказвае Наталля Рулінская.

Як вядома, прадукцыя «Мілавіцы», акрамя айчынных рынкаў збыту, запатрабавана і ў замежных краінах, у прыватнасці, экспартуецца ў ЗША, Расію, Швецыю і г. д. А гэта значыць, што і ў замежжы ведаюць пра работу майстроў ляхавіцкай «Ажуруны».

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *