У Ляхавіцкім райкаме ГА ”БРСМ” прымаюцца работы для ўдзелу ў конкурсе мабільнага кіно «Mobila Art»

Новыя цікавыя ідэі ўвасабляе ў жыццё Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Напрыканцы мінулага года пачаўся конкурс мабільнага кіно «Mobila Art». Паўдзельнічаць у ім могуць як маладзёжныя відэастудыі, так і асобныя аўтары ва ўзросце да 31 года. Прапаганда агульначалавечых каштоўнасцей мовай мабільнага кіно, падтрымка творчай актыўнасці юнакоў і дзяўчат, стварэнне дадатковых умоў для самарэалізацыі таленавітай моладзі, падтрымка ініцыятыў, накіраваных на рэалізацыю сацыяльна значнай дзейнасці — асноўныя задачы фестывалю.
Пераможцы і прызёры будуць вызначаны ў 6 намінацыях («Мы + свет вакол нас», «Цуды прыроды», «Дзіва-звер», «Самае смешнае мабільнае кіно», «Актуальны рэпартаж», «Мабільныя ідэі») і ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі.
Фільм-удзельнік павінен адлюстроўваць адну ці некалькі агульначалавечых каштоўнасцей (каханне, сям’я, дружба, Радзіма, патрыятызм, сумленнасць, дабрыня, гісторыя, культура, мастацтва і інш.). Сюжэты могуць быць узяты як з рэальнага жыцця, так і насіць пастановачны характар — на выбар рэжысёра-пастаноўшчыка. Абавязковая ўмова: конкурсныя работы могуць быць зняты толькі з дапамогай мабільнага тэлефона, а хранаметраж не павінен перавышаць 180 секунд. Дазваляецца ўдзельнічаць адначасова ў некалькіх намінацыях, пры гэтым агульная колькасць фільмаў аднаго ўдзельніка не можа быць большай за 5. Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца фільмы, якія прапагандуюць насілле, парнаграфію, нацыянальную і міжэтнічную варожасць, рэлігійную нецярпімасць.
Падчас фестывальнай праграмы можна будзе паглядзець фільмы-пераможцы, пабываць на творчых сустрэчах з аўтарамі кіно, на прэс-канферэнцыі і цырымоніі ўзнагароджання.
Фільмы для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца да 30 студзеня 2013 года ў Ляхавіцкім райкаме ГА ”БРСМ”. Даведкі па тэлефоне 2-44-01. У маладых, ініцыятыўных, творчых ёсць шанц паспытаць сябе ў новым амплуа — рэжысёрскім.
Ларыса ЮШКЕВІЧ,
першы сакратар
райкама ГА ”БРСМ”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *