Паветра чакае чысціні. Ляхавічан цікавіць, ці пачнуцца сёлета запланаваныя работы па будаўніцтве новых ачышчальных збудаванняў

Гэтаму газетнаму артыкулу папярэднічаў чарговы званок неабыякавых землякоў на рэдакцыйны тэлефон. Гараджан цікавіла, ці пачнуцца сёлета запланаваныя работы па будаўніцтве новых ачышчальных збудаванняў.
Пытанне, якім паветрам дыхаем, для ляхавічан, на жаль, не рытарычнае. Некаторыя нават з сарказмам называлі дрэнны пах водарнай візітоўкай прыгожых і ўтульных Ляхавіч. Зразумелая і заклапочанасць людзей пра тое, як паветра ўплывае на здароўе. Асабліва абвастралася сітуацыя пры цёплым надвор’і: немагчыма было не тое, што выйсці на вуліцу і ўдыхнуць свежага паветра, нават вокны ў дамах і кватэрах не адчынялі, каб схавацца ад дрэннага паху.

На балансе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» знаходзяцца ачышчальныя збудаванні штучнай біялагічнай ачысткі і сем каналізацыйных помпавых станцый. Дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі падкрэсліў, што праводзіцца пастаянны кантроль за якасцю сцёкавых водаў з ачышчальных збудаванняў, і звычайна перавышэнняў канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў не фіксуецца. Іншая сітуацыя з тым, што паступае на аб’ект. Андрэй Антонавіч адзначыў, што пры правядзенні маніторынгу якасці сцёкавых водаў з малочнага завода неаднойчы ўстанаўліваліся факты неадпаведнасці гранічна-дапушчальным канцэнтрацыям: фіксавалася павышаная кіслотнасць узору даследавання, што, мякка кажучы, не здорава. За гэта СААТ штрафавалася.
Начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская адзначыла:
– Дзеючым ачышчальным  збудаванням 15 гадоў, гэта зусім нямала. Прычынамі іх неэфектыўнай работы з’яўляюцца значная нераў-намернасць сутачнага графіку прытоку сцёкавых водаў па якасных параметрах, высокія рызыкі ўзнікнення залпавых выкідаў ад малочнага і кансервавага заводаў, дзе адсутнічаюць лакальныя ачышчальныя сістэмы. Вышэйазначаныя асаблівасці ў свой час не былі ўлічаны пры праектаванні аб’екта.
«Ачышчальнае» пытанне не першы год на асаблівым кантролі раённай улады. Разглядалася на апаратных нарадах у старшыні райвыканкама, пасяджэннях райвыканкама, ім займаліся дэпутаты на сесіях райсавета, на кантролі трымалі прыродаахоўная і санітарная службы. За дапамогай землякі звярталіся і падчас асабістых прыёмаў грамадзян. Тэму неаднойчы ўздымаў і «ЛВ». Выснова заўжды аднолькавая: неабходна прыняць усе меры, задзейнічаць многія рэсурсы, каб экалагічная сітуацыя істотна змянілася. Варыянтаў разглядалася некалькі, у тым ліку будаўніцтва лакальных – заводскіх – ачышчальных збудаванняў ці рэканструкцыя гарадскіх.
Ачышчальным патрабуецца карэнная мадэрнізацыя. Ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па аб’екце «Рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў г. Ляхавічы», праведзена яе дзяржаўная экспертыза. Цяпер вядуцца падрыхтоўчыя работы па правядзенні працэдуры па выбары падрадных арганізацый і абсталявання.
– Рэканструкцыя аб’екта прадугледжвае замену націскных калектараў, каналізацыйна-помпавых станцый, сістэмы даачышчэння, будаўніцтва цэху механічнага абязводжання асадку. Прадугледжваюцца таксама абяззаражвання ачышчаных сцёкавых водаў УФ-выпраменьваннем, змяненне тэхналагічных працэсаў ачышчэння сцёкавых водаў з прымяненнем тэхналогіі выдалення азоту і фосфару, дыспетчарызацыя і аўтаматызацыя гарадской каналізацыі і іншыя мерапрыемствы, – пракаментаваў начальнік участка «водаправодная і каналізацыйная гаспадарка» камунгаса Уладзімір Ракавец.
Не будзем удавацца ў тэхналагічныя і тэхнічныя падрабязнасці, звернем увагу на галоўнае. Пасля завяршэння рэканструкцыі камунальнага аб’екта экалагічная сітуацыя ў горадзе і раёне значна палепшыцца.
На рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў запланаваны сродкі Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Пачатак работ на аб’екце запланаваны на сёлета.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.