Небяспечны «камень». У аўторак у Падбароччы Ганчароўскага сельсавета працавалі сапёры

Нагодай для тэрміновага прыезду ў вёску сапёрна-піратэхнічнай групы вайсковай часці 7404 Унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь стаў іржавы боепрыпас. Як паведаміў рэдакцыі камандзір групы Алег Аршынаў, у Падбароччы былі бліжэй да 17 гадзін. На месцы патэнцыяльна небяс-печную знаходку ідэнтыфікавалі як 81-міліметровую нямецкую мінамётную міну часоў Вялікай Айчыннай вайны. За дзесяцігоддзі «спячкі» міна не страціла свайго баявога функцыяналу: была запоўнена выбуховым рэчывам, на сваім месцы знаходзіўся сродак узрывання. Знаходку сапёры «паднялі», адвезлі на спецыяльна вызначаную падрыўную пляцоўку і знішчылі.

А папярэднічалі падзеі звычайныя ў гэты час клопаты. Міну знайшлі работнікі, якія займаліся зборам камянёў на сельгаспалетку, размешчаным у квадраце вуліц Кветкавай і Сонечнай населенага пункта.

Іван КАВАЛЕНКА.