Вайна ў лёсе маёй сям’і

Усё далей ад нас дзень Вялікай Перамогі – 9 мая 1945 года. Але мы ведаем, што нашы прадзеды заваявалі яе цаной сваіх жыццяў, каб пакінуць нам, сваім нашчадкам, мірнае неба. Пра гэта нам расказваюць бацькі, настаўнікі, пра гэта мы ведаем з кніг і фільмаў. Як закранула вайна сем’і маіх равеснікаў, што яны ведаюць пра сваіх продкаў і іх гераізм падчас Вялікай Айчыннай вайны – пра ўсё гэта ў нашым апытанні.

Юлія КАЛЯДА:

– І маю сям’ю Вялікая Айчынная вайна не абышла бокам. У гэтай вайне ўдзельнічаў мой прадзед Мікалай Каляда. Яго прызвалі на фронт у жніўні 1944 года, і ён навабранцам трапіў на 1-ы Беларускі фронт.  Разам з тысячамі іншых салдатаў ён вызваляў нашу родную краіну. Ім было цяжка, але яны з гэтай задачай справіліся. Пасля мой прадзед удзельнічаў у Вісла-Одэрскай, Варшаўска- Познаньскай аперацыях, вызваляў ад фашыстаў Польшчу.

Зіма выдалася суровай ,катастрафічна не хапала ежы і боепрыпасаў, але нашы салдаты змаглі не толькі спыніць ворага, але і акружыць, і разбіць яго. Прадзед быў паранены…

Ён дайшоў да Берліна, быў узнага-роджаны медалямі «За адвагу» і «За ўзяцце Берліна».

Мая сям’я шануе прадзеда-героя, які змагаўся з фашызмам. І я таксама ўдзячна яму за мірнае неба над галавой, за магчымасць не баяцца бамбёжак, не адчуваць голад і страх. Наша пакаленне не павінна забываць пра той подзвіг, што здзейсніў наш народ за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

Аляксей ПІЛІНОГА:

– Прайшоў вайну мой дзед Уладзімір Мікалаевіч Ракашэвіч. Ва ўзросце 18 гадоў быў прызваны служыць у войска польскае. Быў разведчыкам, фарсіраваў рэкі Віслу і Одэр, дайшоў да Дрэздэна. У красавіку 1945 года быў паранены. Перамогу сустракаў у Варшаве ў шпіталі.

Глеб СІДОР:

– Я добра ведаю гісторыю свайго роду. У нашай сям’і гэта адзін з галоўных пунктаў у пытанні выхавання.

Напярэдадні Дня Перамогі не магу не ўзгадаць сваіх бабуляў і дзядулю, якія бачылі вайну дзіцячымі вачыма. У іх памяці паўстаюць гул самалётаў, бамбёжкі, бежанцы. «Дзеці вайны» – так сёння мы называем непаўналетніх сведкаў Вялікай Айчыннай.

Мой прадзед з бацькавага боку Іван Антонавіч Дайняк ваяваў на фронце, дайшоў да Будапешта,меў шмат узнагарод, адбудоўваў краіну, падымаў калгас у пасляваенны час. Асоба ў нашай сям’іт легендарная.

Аляксандр Вікенцьевіч Пранчак – прадзед з боку маці – на фронце прапаў без вестак.

Вялікая Айчынная вайна – гэта след і ў лёсе маёй сям’і, які, перакананы, не сатрэцца часам.

Раман Варатынец, СШ № 1, газета «Вместе».