Іх подзвіг бессмяротны

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны не пакінулі ў баку нашу малую радзіму. Сведчаннем гэтага з’яўляецца брацкая магіла са скульптурай савецкага воіна, размешчаная ў аграгарадку Дарава. На пастаменце высечана 27 імёнаў. Па некаторых звестках, у брацкай магіле пахаваны астанкі 35 воінаў-вызваліцеляў.

Гэта няпоўны спіс салдатаў, якія знайшлі тут вечны спакой. Людзі розных нацыянальнасцей, узростаў,прадстаўнікі розных родаў войскаў – усе яны аддалі сваё маладое жыццё, вызваляючы нашу вёску, і бяссмерцілі тым самым свае імёны.

Адным з загінулых быў капітан Майскі. Загінуў ён у першыя дні вайны – 24 чэрвеня 1941 года. З перапіскі з яго жонкай стала вядома, што ў 1936 годзе Барыс Міхайлавіч Майскі пастановай ЦВК СССР быў узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны» за баявую падрыхтоўку, што было ў той час вельмі ганарова. У гонар капітана Барыса Міхайлавіча Майскага названа вуліца ў аграгарадку Дарава.

Дзякуючы дзейнасці школьнага гуртка «Чырвоныя следапыты» сваякі многіх загінулых змаглі не толькі даведацца пра пахаванні сваіх родных, але і прыехаць, ушанаваць іх памяць. У 1967 годзе на мітынгу,прысвечаным памяці загінулых воінаў пры абароне і вызваленні вёскі Дарава, пабывалі іх родныя і блізкія з многіх куткоў краіны. У знак удзячнасці яны пакінулі заметку ў мясцовай газеце.

У 1981 годзе на брацкай магіле ў вёсцы Дарава быў запалены Вечны агонь.

Вучні нашай школы па крупінках збіраюць і захоўваюць гэтыя ўспаміны, ажыццяўляюць догляд за воінскім пахаваннем.

А 9 мая да нашага помніка, як і да тысяч іншых на тэрыторыі Беларусі, кладуцца кветкі. Мы помнім…

ФАКТ. Жахлівая статыстыка: Вялікая Айчынная вайна забрала больш за 20 МІЛЬЁНАЎ ЧАЛАВЕЧЫХ ЖЫЦЦЯЎ.  У Беларусі загінуў кожны трэці жыхар. Ваенныя старонкі назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю краіны, сталі часткай летапісу літаральна кожнай сям’і. Хтосьці адпраўляў на фронт сыноў, мужоў, дачок, а часам і ўсіх разам.

Рэдкалегія школьнай газеты Дараўскага ВПК «дзіцячы сад – сярэдняя школа».