Юнае пяро і «Новы погляд». Лепшыя юнкары Брэстчыны вучацца ў Начаўскай СШ. Іх школьная газета і тэлеграм-канал «Новы погляд» адзначаны дыпломам пераможцы ў абласным конкурсе СМІ

з настаўнікам Ганнай Падгурскай і намеснікам дырэктара СШ Святланай Машэй.
Што можа школьная газета? Многае – з гатоўнасцю адказваюць юнкары з Начаўскай СШ і дадаюць: газета аб’ядноўвае навучэнцаў з розных класаў, інфармуе, дапамагае фарміраваць грамадскую думку і грамадзянскую пазіцыю. А яшчэ раскрывае творчыя здольнасці і садзейнічае засваенню асноў рознабаковай прафесіі журналіста.

Рэдкалегія газеты «Новы погляд» прапісана ў Начаўскай СШ. Пачатак
школьнаму СМІ ў 2018 годзе паклалі факультатыў «Юны журналіст»
і газета «Погляд». Яе абноўленым працягам стаў «Новы погляд» і аб’яднанне па інтарэсах «Юны журналіст». Сёння выданне ствараюць 13 хлопчыкаў і дзяўчынак – навучэнцаў 5–9-х класаў пад кіраўніцтвам педагога Ганны Падгурскай. Раз у месяц газета, што выпускаецца на некалькіх старонках, расказвае пра школьнае жыццё і поспехі навучэнцаў, культурныя мерапрыемствы і важныя падзеі раённага маштабу. У школьнай газеце ўсё, як у сапраўднай рэдакцыі: галоўны рэдактар, фотакарэспандэнт, адказныя за дызайн і вёрстку і, канешне, юныя журналісты. Але ролі гэтыя не пастаянныя, і кожны мае шанц паспрабаваць сябе на рознай пасадзе.
Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах і па сумяшчальніцтве галоўны рэдактар школьнай газеты Ганна Падгурская дзеліцца, што школьнае выданне мае пэўны багаж ведаў і вопыту.
– За гэты час нямала юнкараў паспрабавалі, так сказаць, журна-
лісцкага хлеба на смак і засвоілі асновы інтэрв’ю, стварэння рэпартажу, напісання навін і арганізацыі здымачнага працэсу. Яны з інтарэсам пішуць артыкулы, падбіраюць патрэбную інфармацыю, апрацоўваюць яе. Многія ўменні, упэўнена, у жыцці спатрэбяцца, – адзначае педагог.

Сярод адзнак дзейнасці «Новага погляду» – дыплом III ступені ў V Рэспубліканскім маладзёжным фестывалі-конкурсе «Медыясфера-2023», дыплом III ступені абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу дзіцячых СМІ «Свежы вецер – 2024» і іншыя.


Практычную дзейнасць юнкараў суправаджаюць тэарэтычныя заняткі. Рабяты выконваюць моўныя практыкаванні, знаёмяцца з рознымі стылямі і жанрамі, вучацца не заставацца абыякавымі, асвятляць праблемы і дапамагаць вырашаць іх. У складзе школьнай рэдакцыі і тэлеграм-канал, дзе публікуюцца навіны, фота і кароткія відэарэпартажы. Па выніках мінулага навучальнага года журналістам года ў школе стала дзевяцікласніца Кацярына Шастак. У рэдкалегіі яна з пятага класа і сёння ў стварэнні газеты – правая рука галоўнага рэдактара. Яна можа набраць тэкст з гатовым матэрыялам, устаўляе фота. Малодшым юнкараўцам давяраюць падбор паштовак на святы, вясёлых гісторый і іншага матэрыялу на апошнюю старонку і г. д.
Актыўны ўдзельнік рэдкалегіі –сямікласнік Канстанцін Чалядка.
Ён жа з’яўляецца і аўтарам многіх публікацый. Старонкі газеты ўпрыгожваюць артыкулы Анастасіі Ясінскай, Кацярыны Шастак, Алега Таўпекі і іншых юнкараў. Тэксты рэдагуюць усе разам са сваім педагогам, як і выбіраюць тэмы газетных палос. Дзесяцікласніца Валерыя Вейкніс разам з Крысцінай Погас адказваюць за фотанапаўненне газеты. У верасні традыцыйна складаецца «партрэт школы». Зараз такое заданне атрымалі пяцікласнікі Соф’я Ваўчок і Іван Голя. Дарэчы, заметкі Анастасіі Ясінскай, Кацярыны Шастак і Канстанціна Чалядкі былі апублікаваны ў рэспубліканскім выданні «Зорька». Канешне, начаўскія юнкары актыўныя аўтары і «Ляхавіцкага весніка». Іх навіны заўсёды актуальныя і цікавыя.
– Цікаўнасць, адказнасць, уменне працаваць у камандзе, знаходзіць кантакт з рознымі людзьмі і задаваць прадметныя пытанні – усяму гэтаму вучацца нашы навучэнцы на занятках «Юнага журналіста». Бачыць свой твор, сваё імя ці сваё фота на старонках школьнай газеты – ганарова і пачэсна, – падкрэслівае дырэктар школы Марына Мароз і дадае, што, магчыма, хтосьці з юнкараўцаў у будучым стане вядомым журналістам, прэс-сакратаром або пісьменнікам.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Анастасія ЯСІНСКАЯ:
– «Новы погляд» для мяне – натхненне і хобі. Мы размаўляем, прыдумваем тэмы для артыкулаў. Вельмі стараемся, каб тым,
хто чытае нашу газету, было цікава даведацца пра навіны нашай школы.
Крысціна ПОГАС:
– «Новы погляд» – гэта цікавая работа і крэатыўныя ідэі, а яшчэ каштоўны вопыт для маёй будучыні.
Кацярына ШАСТАК:
– Гурток дазваляе быць у курсе ўсіх школьных падзей і дае магчымасць выказваць свае ідэі.
Пры стварэнні газеты мы даведваемся шмат новай інфармацыі. Прымаючы ўдзел у школьнай газеце, я стала заўважаць тое, на што іншыя школьнікі не заўсёды звяртаюць увагу. І вядома ж, я адчуваю сябе крыху журналістам.
«Новы погляд» атрымаў важкую ўзнагароду! Рэдкалегія школьнай газеты і тэлеграм-канал «Новы погляд» Начаўскай СШ перамаглі ў намінацыі «Лепшы юнкар Брэстчыны» ў штогадовым абласным спаборніцтве сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных, раённых і гарадскіх газет, тэлебачання і радыё, журналістаў. Дыплом з рук намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктара Рафаловіча ва ўрачыстай абстаноўцы атрымала намеснік дырэктара Начаўскай СШ Святлана Машэй.
Школьная газета «Новы погляд» з’яўляецца актыўнай удзельніцай праекта «ЛВ» і аддзела па адукацыі райвыканкама «Школьны дзённік».

