Час мяняецца, а пошта застаецца. 30-гадовы юбілей адзначае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белпошта»

Сёння юбілей адзначае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белпошта».
За 30 гадоў свайго існавання нацыянальны аператар паштовай сувязі прайшоў шлях ад традыцыйнай паштовай службы да сучаснага шматфункцыянальнага прадпрыемства, дзе актыўна ўкараняюцца лічбавыя тэхналогіі
і пашыраецца спектр прадастаўляемых паслуг. З чым прыйшлі ляхавіцкія паштавікі да юбілейнай даты, і што новага яны прапануюць жыхарам раёна, «ЛВ» пацікавіўся ў намесніка начальніка Баранавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі
Вольгі Борыс.

– У Ляхавіцкім раёне зараз 20 стацыянарных аб’ектаў паштовай сувязі, дзейнічае служба матарызаванай дастаўкі. Калектыў паштавікоў сёння невялікі – 57 чалавек, але выконвае важную работу. Мотадастаўка аблягчыла працу паштальёнаў і вырашыла праблему даступнасці паштовых паслуг для жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў. Па сутнасці, пошта на колах аказвае тыя ж паслугі, што і любое стацыянарнае аддзяленне. Мотапаштальёны дастаўляюць вяскоўцам газеты, пасылкі, пенсіі, харчовыя і прамысловыя тавары, прымаюць плацяжы і афармляюць падпіску. Спецыяльныя мабільныя ўстройствы, якімі карыстаюцца і звычайныя паштальёны, і работнікі мотапошты, значна павышаюць якасць абслугоўвання – няма патрэбы выпісваць розныя квітанцыі ад рукі.
Паштовая сувязь – гэта больш за паўсотню розных відаў паслуг, акрамя традыцыйных і няпрофільныя: прыём плацяжоў, аплата крэдытаў, паслугі па страхаванні, рэалізацыя тавараў паўсядзённага попыту і многае іншае. Мы імкнёмся ўдасканальваць сваю работу, павышаць якасць абслугоўвання нашых кліентаў, развіваць новыя паслугі, улічваючы пажаданні людзей. Узгадаю толькі некаторыя з навінак. У наш час, калі хуткасць і зручнасць маюць вырашальнае значэнне, нават адпраўка пісьмаў і пасылак можа быць прыемнай. Для гэтага РУП «Белпошта» стварыла функцыянальны мабільны дадатак, з дапамогай якога магчыма паскорана атрымаць адпраўленне з дапамогай QR-кода, аформіць адпраўленні анлайн, запісацца ў паштовае аддзяленне,
аформіць, адсачыць і перанакіраваць адпраўленне і іншае. Усё гэта дазваляе эканоміць час, сілы, бо дадатак «Белпошта» даступны ў рэжыме 24/7 і змяшчае актуальную інфармацыю пра кожнае аддзяленне паштовай сувязі і спісы аказваемых у ім паслуг. Развіваецца і электронны гандаль. У «Белпошты» ёсць свой інтэрнэт-магазін беларускіх тавараў з багатым асартыментам. Заказаць тавар можна на сайце shop.belpost.by. Той, хто не мае доступу ў інтэрнэт, можа выбраць усё неабходнае ў каталогу, які знаходзіцца ў кожным аддзяленні сувязі, ёсць таксама ў паштальёнаў.
Канешне, любыя дасягненні – гэта, у першую чаргу, заслуга паштовых работнікаў.
У нашых падраздзяленнях нямала выдатных прафесіяналаў, майстэрства якіх адзначана на самым высокім узроўні. Старшы інструктар-інспектар па эксплуатацыйных і арганізацыйных пытаннях Тамара Булатая, якая працуе ў паштовай галіне 38 гадоў, атрымала нагрудны знак Міністэрства сувязі «Ганаровы работнік сувязі Беларусі».
19 работнікаў, якія плённа працавалі на розных участках паштовай сувязі больш за 20 гадоў, атрымалі званне «Ветэран працы». Сярод іх і спецыяліст па паштовай дзейнасці АПС-2 Людміла Жагунь, якая 37 гадоў аддала паштовай рабоце менавіта ў Ляхавіцкім раёне і навучыла тонкасцям прафесіі нямала сваіх калег. Прыкладаў адданасці справе сярод ляхавіцкіх паштавікоў нямала. А самай галоўнай адзнакай для іх з’яўляюцца словы падзякі за ветлівае абслугоўванне ад нашых шматлікіх кліентаў, – расказала Вольга Борыс.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.