Медыцына павінна быць здаровай. На вераснёўскім пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама разглядалі раённую медыцыну

Пра неабходнасць развіцця раённай медыцыны, у якую ўкладваюцца значныя бюджэтныя сродкі, пра кадравы складнік, у тым ліку, замацаванне маладых спецыялістаў ва ўстановах аховы здароўя, пра важнасць тэхнічнага ўзбраення Ляхавіцкай ЦРБ сучасным медыцынскім абсталяваннем і яго абавязковую эксплуатацыю на поўную магутнасць гаварыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз на вераснёўскім пасяджэнні райвыканкама. Разглядалася пытанне «Аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека на 2021–2025 гады ў Ляхавіцкім раёне і прымаемых мерах па матэрыяльна-тэхнічным, кадравым забеспячэнні і павышэнні якасці медыцынскіх паслуг ва ўстановах аховы здароўя раёна». Зробленае, праблемныя моманты, планы на перспектыву – аснова выступлення галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Аляксея Майсея.

Кадравыя акалічнасці
У чарговы раз адзначалася, што аснова асноў у галіне аховы здароўя –
кадравы складнік. Што маем на сёння? Укамплектаванасць урачамі на Ляхавіччыне складае 89 працэнтаў, сярэднім медыцынскім персаналам – 93,1 працэнта. Сёлета ў жніўні ў розных падраздзяленнях Ляхавіцкай ЦРБ пачалі сваю працоўную дзейнасць 19 маладых спецыялістаў: 3 урачы і 16 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Як адзначыў Аляксей Майсей, па-ранейшаму застаюцца вакантнымі пасады ўрачоў – афтальмолага, стаматолага, анколага, дэрматавенеролага, агульнай практыкі. Што, у сваю чаргу, стварае пэўныя праблемы ў аказанні асобных відаў медыцынскай дапамогі насельніцтву. Існуюць праблемы і ў забеспячэнні сярэднім медперсаналам, тычыцца гэта загадчыкаў ФАПаў, фельчараў-лабарантаў, медыцынскіх сясцёр.
Дарэчы, замацаванасць на першым працоўным месцы маладых
спецыялістаў сярод урачоў складае 33,3 працэнта, сярэдніх медработ-
нікаў – 68,2 працэнта. Немалаважную ролю ў гэтым аспекце вырашае забяспечанасць жыллём. Па стане на 1 верасня 2025 года, на такія мэты райбальніцы выдаткавана 13 арэндных кватэр, акрамя таго, месцы ў інтэрнаце прадастаўляе ЦРБ.
Кіраўніцтва райбальніцы прымае разнастайныя меры як у плане прафарыентацыйнай работы (сустрэчы са старшакласнікамі школ раёна, выдача мэтавых накіраванняў, удзел у размеркаванні выпускнікоў профільных ВНУ і ССНУ), так і дзеля іх замацавання. Акрамя таго, шукаюць і іншае выйсце з сітуацыі. У прыватнасці, размова ідзе пра перакваліфікацыю.

Асаблівы клопат – дзеці
Дэмаграфічная сітуацыя ў раёне характарызуецца змяншэннем колькасці насельніцтва. За апошнія пяць гадоў колькасць дзяцей зменшылася на 660. Як адзначыў галоўны ўрач, паказчык нараджальнасці ў раёне за 7 месяцаў 2025 года склаў 2,3 праміле на 1 000 дзіцячага насельніцтва, за аналагічны мінулагодні перыяд – 2,8.
У мінулым годзе на свет з’явіліся 127 маленькіх ляхавічан, сёлета за 7 месяцаў – 55. На асаблівым кантролі медыкаў – здароўе дзяцей. У мінулым годзе 100 працэнтаў дзіцячага насельніцтва раёна ахоп-
лена прафілактычнымі аглядамі, што паўплывала на паказчык
захворвання, які летась знізіўся ў 1,1 раза ў параўнанні з 2023 годам і па-ранейшаму застаецца ніжэй сярэднеабласнога.
Змяншэнне колькасці насельніцтва абумоўлена не толькі высокай смяротнасцю пры нізкай нараджальнасці, але і высокай міграцыяй. Увогуле, з 2021 года колькасць насельніцтва скарацілася больш чым на 1 500 чалавек. Разам з тым, як адзначыў галоўны ўрач ЦРБ, за 6 месяцаў 2025 года адзначаецца значнае (39,7 працэнта) у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам зніжэнне смяротнасці сярод грамадзян працаздольнага ўзросту.
Для паляпшэння даступнасці меддапамогі двойчы ў месяц арганізоўваюцца выезды ўрачоў АУАП на прыпісаныя да іх ФАПы. Паліклініка ў двухзменным рэжыме працуе з панядзелка па пятніцу
з 8 да 20 гадзін, у адназменным – у суботу з 8 да 15 гадзін, прыём
вядуць у суботу ўрач-педыятр, зубны фельчар, кабінет дыспансе-
рызацыі, АУАП. Кругласутачна працуе кабінет камп’ютарнай тама-
графіі, а са жніўня 2024 года арганізавана работа кабінета ультра-
гукавой дыягностыкі па суботах.

Папярэдзіць, выявіць, вылечыць
Аналізуючы вырашэнне падпраграмы «Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў», Аляксей Майсей расказаў, што для папулярызацыі здаровага ладу жыцця, правільнага харчавання, адмовы ад шкодных звычак – курэння, злоўжывання алкаголем, ужывання наркотыкаў – праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Сярод іх найбольш папулярныя і запатрабаваныя – навучальныя семінары, дні здароўя, лекцыі, асветніцкія сустрэчы з медыкамі, друкуюцца і размяшчаюцца тэматычныя артыкулы ў «ЛВ» і на інтэрнэт-рэсурсах раёнкі. Толькі сёлета ў такога кшталту мерапрыемствах прынялі ўдзел больш за пяць тысяч чалавек розных узростаў. Для другаснай прафілактыкі хранічных захворванняў на базе ЦРБ дзейнічае 8 школ здароўя, дзе ў гэтым годзе праведзена 270 заняткаў з больш чым тысячай пацыентаў. Ва ўсіх установах адукацыі раёна рэалізуецца праект «Школа – тэрыторыя здароўя».
Па словах Аляксея Майсея, важна ахапіць як мага больш насельніцтва паслугамі першаснай медыцынскай дапамогі. Мэтавы паказчык – доля ўрачоў, якія працуюць па прынцыпе ўрача агульнай практыкі, стапрацэнтна выкананы. На ўсіх участках паліклінікі, ва ўрачэбных амбулаторыях створаны і працуюць каманды ўрача агульнай практыкі. Брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі аснашчаны неабходным абсталяваннем. Толькі сёлета набыты партатыўны апарат ШВЛ, комплекс аператыўнага кантролю ЭКГ, дэфібрылятары. Дарэчы, за 8 месяцаў гэтага года за сродкі бюджэту закуплена абсталявання на 358 тысяч рублёў для розных падраздзяленняў райбальніцы.
Яшчэ адна з прыярытэтных задач – зніжэнне заўчаснай смяротнасці і змяншэнне выпадкаў інваліднасці па прычыне неінфекцыйных захворванняў. Тут па-ранейшаму важная роля адведзена дыспансерызацыі (за 8 месяцаў 2025 года дыспансерызацыяй ахоплена 80 працэнтаў дарослых жыхароў раёна). Колькасць упершыню выяўленых захворванняў склала 20,6 працэнта. Для жыхароў Ляхавіччыны пашыраецца даступнасць спецыялізаванай медыцынскай дапамогі і высокатэхналагічных аператыўных умяшанняў, дзе прыярытэтнымі напрамкамі з’яўляюцца кардыялогія і анкалогія. Сёлета за 6 месяцаў пацыентам
з нашага раёна выканана 49 каранараангіяграфій (за 2024 год – 55), пяці пацыентам (летась – шасці) праведзены аперацыі на сэрцы, 14 – устаноўлены электракардыястымулятары (за мінулы год – 15).
Увядзенне ў эксплуатацыю камп’ютарнага тамографа дазволіла палепшыць раннюю дыягностыку анкалагічных захворванняў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца абследаванню пэўных груп насельніцтва на выяўленне ранніх форм раку шыйкі маткі, малочных залоз, тоўстага кішэчніка, прастаты.
На рэалізацыю мерапрыемстваў па падпраграме «Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў» на 2025 год выдатка-
вана амаль 28 тысяч рублёў (на 2024 год каля 9 тысяч).
Разгледжана і выкананне іншых падпраграм.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.