Заранка расправіла крылы. У Ляхавічах ужо 16 гадоў дзейнічае клуб ЮНЕСКА «Заранка»

Ранняй вясной у лясы Беларусі вяртаюцца маленькія птушачкі заранкі. Сваімі звонкімі і жыццярадаснымі песнямі яны паведамляюць усяму свету, што прыйшла вясна, і настаў час прачынацца ад зімовай спячкі, тварыць і дзейнічаць. Невыпадкова ляхавіцкі клуб Беларускай асацыяцыі ЮНЕСКА ўжо 16 гадоў носіць назву «Заранка». Як тая невялікая птушачка, рабяты з клуба перапоўнены энергіяй і энтузіязмам, а яшчэ гатовы адкрываць для сябе нешта новае і цікавае. У Ляхавічах клуб існуе з 2004 года. Яго нязменным куратарам, ідэйным натхняльнікам застаецца Наталля Маслоўская. Калі Наталля Лявонцьеўна распавядае пра сваіх падапечных і дзейнасць клуба, у вачах сапраўдны агеньчык: столькі ўсяго зроблена, а колькі яшчэ задумак і ідэй.

За час працы клуб наведала мноства дзяцей з розных школ горада, і да кожнага Наталля Лявонцьеўна знаходзіла падыход, умела зацікавіць, раскрыць і разгледзець таленты. А яшчэ– вучыць быць самастойнымі і адказнымі.

Стаць «заранкаўцам» можа кожны жадаючы, галоўнае – энтузіязм і жаданне дзейнічаць. Зараз у клубе 11 валанцёраў.Зусім яшчэ юныя, але гатовыя мяняць свет у лепшы бок, яны з усёй сур’ёзнасцю разважаюць пра тое, хто такі сапраўдны валанцёр, чаму так важна дапамагаць і заставацца чалавекам у любой сітуацыі.

Клуб працуе па многіх напрамках: здаровы лад жыцця, валанцёрства і дабрачыннасць, вывучэнне Ляхавіцкага краю.Для членаў клуба стала ўжо добрай традыцыяй адпраўляцца ў міні-экскурсіі па раёне: па парках Рэпіхава, Савейкі, Грушаўка. Яшчэ адно традыцыйнае падарожжа – на возера Свіцязь.

І нават падчас адпачынку рабяты імкнуцца правесці час з карысцю: праводзяць аперацыю «Чысты бераг» – чысцяць ад смецця пасля нядбайных турыстаў узбярэжжа вадаёма. Да паходу рабяты рыхтуюцца самастойна: самі павінны пракласці маршрут, купіць білеты, разлічыць запасы  правіянту, знайсці спальныя мяшкі і палаткі.

І не таму, што дарослым няма калі гэтым займацца, а таму, што, на думку Наталлі Лявонцьеўны, гэта дапаможа дзецям стаць больш адказнымі, не баяцца размаўляць, навучыць арганізаванасці і вырашаць самастойна праблемы.

Яшэ адзін з напрамкаў дзейнасці «заранкаўцаў» – валанцёрства і дабрачыннасць. Сваімі напрацоўкамі яны дзеляцца і з іншымі валанцёрамі.

У мінулым годзе рабяты з клуба паўдзельнічалі ў Зімовай Акадэміі грамадскіх аб’яднанняў Брэсцкай вобласці з прэзентацыяй сваёй дзейнасці. Былі ўдзельнікамі акцыі «Запусцім блакітныя шары разам», прымеркаванай да Сусветнага дня распаўсюджання інфармацыі аб праблеме аўтызму. Ездзілі на дзявятыя Мастоўскія сустрэчы клубаў ЮНЕСКА, адпачывалі на змене «Адкрыты свет» у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня».

–Такія сустрэчы заўсёды натхняюць. Ты знаёмішся са сваімі аднадумцамі, дзелішся вопытам, даведваешся нешта новае. Я да гэтага часу ў сацсетках перапісваюся з рабятамі з «Зубраняці», – расказвае член клуба «Заранка» Сафіна Джафарава.

Старшыня ляхавіцкага клуба Максім Кудзялевіч, які ўдзельнічаў у Зімовай Акадэміі клубаў ЮНЕСКА, што праходзіла на базе НДЦ «Зубраня», правёў для равеснікаў трэнінг «Зразумей сябе».

– Спачатку вельмі хваляваўся, бо трэба было выступіць перад вялікай колькасцю людзей. Але калі бачыш, што тваім аднагодкам цікава, яны з задавальненнем падтрымліваюць цябе, уключаюцца ў трэнінг, адразу расслабляешся. Усё прайшлона сяброўскай і пазітыўнай ноце, – успамінае Максім.

Валанцёры не толькі ездзілі ў госці, але і прымалі гасцей у сябе. Яны сталі ініцыятарамі і арганізатарамі правядзення ў раёне форуму валанцёраў на базе гімназіі. У ім прыняла ўдзел валанцёр з Турцыі Гамзэ Каракуш. Дзяўчына расказала пра сваю краіну, пра валанцёрскую дзейнасць, якую вядзе.

Дарэчы, для гасцей горада рабяты могуць правесці экскурсіі па Ляхавічах, расказаць цікавыя факты пра наш райцэнтр і раён.

Шэсць валанцёраў клуба паўдзельнічалі ў арганізацыі першага раённага творчага інклюзіўнага фестывалю «Разам мы зможам больш», які прайшоў 12 снежня ў гарадскім Доме культуры і быў прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў.

Пасля гэтага мерапрыемства ў клуб трапіла навучэнка першай школы Арына Страмавус. У інклюзіўным фестывалі яна вырашыла паўдзельнічаць як валанцёр, але, па словах дзяўчынкі,яе так натхнілі ўпорства і мужнасць рабят з асаблівасцямі развіцця, што яна вырашыла застацца ў клубе і ўсяляк дапамагаць.

Кожная карысная ініцыятыва падтрымліваецца рабятамі абедзвюма рукамі. У натхнёных школьніках пазнаю сябе: у школе сама была членам клуба ЮНЕСКА «Заранка», таксама, як яны, ездзіла ў паходы, удзельнічала ў акцыях і фестывалях, з цікавасцю вывучала ляхавіцкія славутасці.

І цяпер з вышыні свайго, хоцьі параўнальна невялікага жыццёвага вопыту, магу сказаць, «заранкаўскія» ўрокі дружбы,любві да блізкіх і роднага краю не прайшлі дарма.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота аўтара.