Прад’явіце кнігу. Што рабіць, калі вам не прадастаўляюць кнігу заўваг і прапаноў

Па першым патрабаванні пакупніка прадавец павінен прадаставіць яму кнігу заўваг і прапаноў. Інакш – давядзецца заплаціць штраф.

Калі не вы самі, то хтосьці са знаёмых ці сяброў, напэўна, станавіўся ўдзельнікам канфлікту «прадавец – пакупнік». Іншы раз сітуацыя складваецца так, што незадаволены таварам ці дзеяннямі прадаўца пакупнік патрабуе кнігу заўваг і прапаноў, каб у пісьмовай форме, дакументальна пазначыць свае прэтэнзіі.
Згодна з правіламі, прадавец павінен адразу прадаставіць дакумент. Аднак, не ўсе добрасумленна выконваюць гэты абавязак – упэўнілася на ўласным прыкладзе.
Адзін з прадаўцоў на ляхавіцкім рынку ігнараваў пытанні пра кошт тавару, ды і на просьбу прадаставіць кнігу заўваг і прапаноў адказаў адмоўна. Маўляў, яна дома. Не захацелася мне марнаваць час, лішні раз нервавацца і звяртацца ў нейкія інстанцыі.
Прапаную алгарытм дзеянняў землякам, якія могуць трапіць у аналагічную сітуацыю.

– Кніга заўваг і прапаноў павінна знаходзіцца непасрэдна ў кожным гандлёвым аб’екце – магазіне, павільёне, кіёску, як і на кожным гандлёвым месцы на рынку, аб’екце грамадскага харчавання… Адказны за вядзенне абавязаны па першым патрабаванні пакупніка  ці спажыўца яе прадаставіць. Пры гэтым прадавец не мае права патрабаваць у пакупніка дакумент, які пацвярджае асобу. Пакупнік не павінен тлумачыць прычыну, па якой у яго ўзнікла неабходнасць унесці запіс у даную кнігу, – зазначыла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Дзіяна Раманава.
Запісы, якія ўносяцца пакупніком у кнігу заўваг і прапаноў, разглядаюцца адміністрацыяй не пазней за 15 дзён, а звароты, што патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі, – не пазней за месяц. Пакупніку накіроўваецца адказ, а непасрэдна ў самой кнізе робіцца адзнака.
Дзіяна Раманава расказала, што вядзенне кнігі заўваг і прапаноў (дакумент адзінага ўзору, прызначаны для ўнясення змяненняў (заяў і скаргаў)) аб дзейнасці арганізацый, індывідуальных прадпры-мальнікаў, якасці рэалізу-емых тавараў, выконваемых работах, аказваемых паслугах прадугледжана Законам Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 г.
№ 300-3 «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
Штотыднёва спецы-ялісты аддзела эканомікі райвыканкама право-дзяць маніторынгі аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Падчас іх сярод іншых адсочваюць не толькі выкананне правілаў гандлю, але і вядзенне кніг заўваг і прапаноў. У цэнтры ўвагі – своечасовасць адказаў пакупнікам і спажыўцам. За апошні час парушэнняў не выяўляецца. Ды і саміх запісаў у такіх дакументах, напрыклад, сёлета амаль не было.
У асноўным, па словах Дзіяны Раманавай, тэлефануюць у аддзел эканомікі з разнастайнымі скаргамі на якасць тавараў і паслуг, асартымент у гандлёвых кропках раёна.
Дарэчы, у аддзеле эканомікі па аўторках і чацвяргах з 9 да 13 гадзін
па нумары 6-07-72 працуе гарачая тэлефонная лінія па пытаннях выканання заканадаўства ў сферы гандлю і грамадскага харчавання.
– У выпадку, калі кліенту ці пакупніку адмаўляюць у выдачы кнігі скаргаў і прапаноў, ён мае права звярнуцца са скаргай у РАУС, напрыклад, у дзяжурную часць. Супрацоўнікі міліцыі праводзяць праверку адносна кожнай канкрэтнай сітуацыі. Калі высвятляецца, што прычын адмовіць у выдачы дакумента не было, то прадавец ці пастаўшчык паслуг можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці: штрафу ў памеры да 10 базавых велічынь згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў гандлю, – пракаментаваў сітуацыю начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі.
Што тычыцца рынкаў, то кніга заўваг і прапаноў павінна быць як у адміністрацыі рынку, так і ў прадаўцоў, якія з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі ці індывідуальнымі прадпрымальнікамі. А сама адміністрацыя абавязана прымаць меры па выкананні прадаўцамі заканадаўства аб ахове правоў спажыўцоў, фіксаваць факт звароту пакупніка, аказваць садзейнічанне ў перадачы яго прэтэнзій прадаўцу, калі той адсутнічае.
Таму, калі ўсё ж самастойна вырашыць канфлікт з прадаўцом на рынку не атрымалася, то звярніцеся ў адміністрацыю. Канешне, лепш сітуацыю да канфлікту не даводзіць. Калі ён усё ж здарыўся, паступайце па законе, а для гэтага трэба яго ведаць.

Галіна КАНЬКО.