Прафсаюз – кожны з нас і мы разам. У першы дзень мая адно з самых масавых і старэйшых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі адзначае юбілей. Прафсаюзам –120 гадоў!

Гісторыя прафсаюзнага руху цесна пераплятаецца з гісторыяй краіны, з жыццём усіх і кожнага: хто працуе, стварае, вучыцца. А для некаторых землякоў прафсаюзы сталі да ўсяго і часткай працоўнай біяграфіі ў якасці старшыняў прафсаюзных пярвічак. Успамінаюць, расказваюць, разважаюць прафсаюзныя лідары розных гадоў.

Фота з архіва «ЛВ»

Святлана Бялецкая, колішні старшыня райкама
прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:

– З цеплынёй у душы ўспамінаю сваю цікавую, працягласцю ў
20 гадоў, прафсаюзную работу. Канешне, спачатку было цяжка. У 1999 годзе ў сістэме адукацыі толькі ўводзіліся фонды матэрыяльнага стымулявання, матэрыяльная дапамога. Неабходна было выпрацоўваць сістэму справядлівага і празрыстага размеркавання такіх фондаў.
Разам з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, старшынямі прафкамаў арганізоўвалі і праводзілі семінары, абмеркаванні, сустрэчы ў калектывах, разбіраліся ў кантрактнай сістэме.
Колькі традыцый адноўлена ў сумеснай дзейнасці прафсаюзаў і наймальнікаў! У прыватнасці, конкурс маладых спецыялістаў «Педагагічны дэбют», ушанаванне юбіляраў – устаноў адукацыі, святочныя занальныя агеньчыкі для ветэранаў педагагічнай працы, стварэнне летапісаў школ і дзіцячых садкоў, абагульненне звестак пра педагагічныя дынастыі.
Асаблівым напрамкам прафсаюзнай дзейнасці заўсёды была работа з ветэранамі. Тон задавалі старшыні ветэранскай арганізацыі педагогаў Аляксандра Павядайла, Галіна Ярац, Людміла Рагацэвіч, Кацярына Легеда. Заўжды з удзячнасцю і павагай буду ўспамінаць сваіх калег – старшыняў прафсаюзных пярвічак – самых актыўных і надзейных, апантаных і дружалюбных. Разам з Галінай Юнік (гімназія), Святланай Багдановіч (СШ № 2), Таццянай Абражэвіч (СШ № 1),
Валянцінай Кандратчык (Конькаўская СШ), Зінаідай Палуэктавай (Жарабковіцкая СШ), Ядвігай Папко (Мядзведзіцкая СШ), Людмілай Саўчык (Крывошынская СШ), Любоўю Соц (Свяціцкая СШ) мы пісалі прафсаюзную педагагічную гісторыю Ляхавіччыны.
Люблю пераглядаць фотаздымкі з прафсаюзнага архіва. За кожным з іх асаблівыя ўспаміны. Вось віншуем калегу з 90-годдзем, а гэта ўжо пераможная радасць маладога спецыяліста. А вось і ён –
настаўнік года. Гэта мы разам на турзлёце, фестывалі талентаў. Успамінаецца, як камусьці адстаялі водпуск, іншага засцераглі ад звальнення, а некаму дабавілі дадатковы дзень да водпуску. Такія яны, прафсаюзныя будні – нялёгкія, але важныя і шчаслівыя.

Васілій ГАРБАЧОЎ, колішні старшыня прафсаюзнай арганізацыі Ляхавіцкай ЦРБ:
– Узначальваць прафсаюзную пярвічку медыкаў амаль 15 гадоў –
гэта значыць штодзённа быць у цэнтры грамадскага жыцця ўсіх падраздзяленняў райбальніцы: клапаціцца пра дабрабыт, захаванне сацыяльных гарантый для калег. Пра ўплывовасць пярвічкі гаворыць той факт, што больш за 99 працэнтаў работнікаў райбальніцы былі і застаюцца членамі прафсаюза.
Прыярытэтнай задачай для прафкама стала развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства паміж прафсаюзамі і адміністрацыяй ЦРБ. Выкананне працоўнага заканадаўства і вытворчай дысцыпліны, стварэнне бяспечных умоў працы, рост заработнай платы – ключавыя моманты, на якіх была засяроджана першачарговая ўвага прафсаюзнага актыву. На парадку медыцынскага прафсаюзнага дня быў і маніторынг пытанняў, звязаных з аплатай працы, занятасцю і сацыяльнымі гарантыямі ва ўстановах аховы здароўя, работа з маладымі кадрамі, клопат пра медыкаў-ветэранаў. Без ініцыятывы, падтрымкі прафсаюза не абыходзілася ніводнае культурна-масавае і спартыўна-аздараўленчае мерапрыемства. Дапамога сем’ям да навучальнага года, патанненне пуцёвак у дзіцячыя летнікі, навагоднія падарункі, канцэртныя праграмы да Дня жанчын, Дня медыцынскага работніка, падарожжы і экскурсіі, конкурс прафмайстэрства сярод медсясцёр – і тут прафсаюз у якасці аднаго з арганізатараў і галоўнага спонсара. Заўсёды шчымліва ўшаноўвалі ветэранаў-медыкаў – актывістаў прафсаюзнага руху. А, напрыклад, медсястра Валянціна Шклянік за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме аховы здароўя і актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці была ўдастоена нагруднага знака «Ветэран» Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аховы здароўя. У нас дзейнічаў вельмі дружны прафсаюзны актыў: Марына Вармахоўская, Валянціна Лабейка, Тамара Страшук, Алена Сокал, Наталля Піскун, Святлана Бурвель,Вольга Дубоўская, Таццяна Маляр – лёгкія на пад’ём, ініцыятыўныя, нераўнадушныя.

Ганна ДЗЯЦЕЛ, старшыня прафсаюзнай пярвічкі райветстанцыі:
– Калі ў верасні мінулага года мяне абралі старшынёй прафсаюзнай пярвічкі, вельмі хвалявалася, ці спраўлюся. Разумела, што нясу адказнасць за 40 чалавек, якія ўваходзяць у склад пярвічкі. Першы значны вопыт – заключэнне ў сёлетнім лютым новага калектыўнага дагавора паміж наймальнікам і прафсаюзам. Задача па згуртаванні калектыву – адна з асноўных. Нездарма дэвіз прафсаюзнага руху: «Прафсаюз – гэта кожны з нас і мы разам». Сапраўды важна, каб мы былі побач не толькі ў прафесійным плане, але разам арганізоўвалі вольны час, дапамагалі і падтрымлівалі адзін аднаго, дзяліліся радасцямі і разам вырашалі праблемы. Ужо сёлета праведзена нямала мерапрыемстваў, якія яшчэ больш здружылі, аб’ядналі наш калектыў.
Арганізацыя вольнага часу работнікаў райветстанцыі – важны напрамак, але ў аснове прафсаюзнай дзейнасці – абарона
правоў членаў прафсаюза, стварэнне бяспечных умоў працы.

Тамара ПРАКАП’ЮК, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:
– За ўнушальны час прафсаюзнага руху сабраўся вялікі багаж традыцый, навыкаў, вопыту. Ёсць пра што расказаць! Шмат гадоў абароне правоў і інтарэсаў працаўнікоў служылі лідары прафсаюзнага руху раёна Святлана Бялецкая, Васілій Гарбачоў, Людміла Ланкуць, Аляксандра Матчэня, Мікалай Юруць і іншыя. І сённяшні прафсаюзны актыў Ляхавіччыны – мэтанакіраваныя, ініцыятыўныя, творчыя, неабыякавыя землякі. Такія як Ірына Чура, Людміла Буцько, Уладзімір Грыгаровіч, Іна Смаршчок, Сяргей Памазанскі, Алена Тарлюк.
Вопыт і мудрасць заслужаных работнікаў у спалучэнні з ініцыятывай і энергіяй маладых даюць значныя вынікі. Пра гэта сведчыць і высокі ўзровень сацыяльнага партнёрства паміж наймальнікамі і прафсаюзнымі пярвічкамі. Наладжана эфектыўнае ўзаемадзеянне прафсаюзаў з органамі дзяржкіравання па пытаннях занятасці насельніцтва, недапушчэння запазычанасці па заработнай плаце, стварэнні бяспечных умоў працы. Гэта і паслядоўная работа па аказанні матэрыяльнай дапамогі членам прафсаюза, якія трапілі ў цяжкія жыццёвыя сітуацыі. На рахунку прафсаюзаў – актыўны ўдзел у грамадскіх, культурна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых і іншых мерапрыемствах.
Сёння ў радах Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў – 8 081 чалавек, у тым ліку і ветэраны прафсаюзнага руху. Мы ўсе розныя, але мы – каманда, у якой надзейнае, вопытнае старэйшае пакаленне, поўнае сіл і стабільнасці сярэдняе пакаленне і актыўная моладзь, якая фантануе ідэямі.
Сёлета 1 мая ў Дзень працы прафсаюз зноў аб’яўляе раённую маёўку на абноўленай пляцоўцы ў гарадскім парку па вуліцы Дзесюкевіча. Запрашаем усіх далучыцца да святкавання 120-гадовага юбілею прафсаюзаў.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.