Талакой справа ладзіцца

Чарговая апаратная нарада ў райвыканкаме ў панядзелак пачалася з абмеркавання аператыўнай сітуацыі, звязанай з умовамі надвор’я. У адрозненне ад цыклону “Даніэла”, які пакінуў пасля сябе глыбокі снежны след і чараду непрыемнасцей, “Эма” была не такой агрэсіўнай: акрамя ранішняга адключэння электрычнасці 16 студзеня ў Навасёлках, Забер’і і Залужжы, у раёне надзвычайных сітуацый не было зарэгістравана. Да вечара з аварыйнымі сітуацыямі разлічыліся. Усе астатнія службы працавалі ў штатным рэжыме. У дарожнікаў і камунальнікаў, трэба сказаць, ён быў даволі напружаным.

Супрацоўнікі РАНС у гэтыя дні на тэрыторыі сельсаветаў праводзілі пажарна-прафілактычныя мерапрыемствы, асаблівая ўвага падчас якіх надавалася адзінокім вяскоўцам і сем’ям, што выхоўваюць дзяцей. Амаль палова з выяўленых парушэнняў – няспраўнасці АПА. На кантролі – заснежаныя дахі збудаванняў і дамоў. Наогул, у раёне на выпадак экстрэмальных сітуацый наладжаны алгарытм узаемадзеяння экстранных службаў. Усе яны, дарэчы, гатовы да работы ў зімовых умовах.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч запатрабаваў забяспечыць парадак і бяспеку, актывізаваць работу па расчыстцы дарог і вуліц ад снегу, заклікаў насельніцтва далучыцца да гэтай справы. Праца талакой заўсёды выніковая.

На парадку дня нарады было таксама пытанне аб рабоце прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Ляхавіцкім раёне. Дырэктар прадстаўніцтва Іна Шугаева расказала пра напрамкі развіцця і навінкі страхавых паслуг. Асобна спынілася на добраахвотным медыцынскім страхаванні, уведзеным у практыку ў 2013 годзе. Сёння ў нашым раёне гэтай паслугай дзеля дадатковай абароны сваіх работнікаў і аказання ім якаснай меддапамогі, скарысталіся некаторыя прадпрыемствы і арганізацыі. Кіраўнік раёна адзначыў, што медыцынскае страхаванне – гэта не навінка, а рэаліі і патрабаванні сённяшняга жыцця, а арганізацыям і прадпрыемствам трэба больш актыўна страхаваць сваіх работнікаў. У гэтым працэсе не апошнюю ролю павінны адыграць і прафсаюзы, – рэзюмаваў Вячаслаў Сельмановіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *