Усіх вясковых спраў майстрыха. Пасля знаёмства з жыхаркай Сваятычаў Таццянай Пірштук не пакідае думка: як толькі гэта жанчына ўсё паспявае?

Пасля знаёмства з жыхаркай Сваятычаў Таццянай Пірштук не пакідае думка: як толькі гэта жанчына ўсё паспявае? Можа ў яе сутках значна больш, чым 24 гадзіны? На справе ўсё куды празаічней: як сцвярджае сама Таццяна, хто рана ўстае, у таго ўсё атрымаецца. Яе раніца звычайна пачынаецца а палове пятай гадзіны.

– Да работы трэба ўсё па хатняй гаспадарцы зрабіць. Трымаем чатыры каровы, свіней, свойскую птушку. Абавязкова гатую сняданак для мужа і сыноў, збіраю мужа на работу, хлопцаў – у школу, –
расказвае Таццяна.
Прафесійны шлях ад кладаўшчыка да загадчыка малочнатаварнай фермы «Сваятычы» – складаны, напружаны, але на кожным з этапаў сваёй працоўнай дзейнасці ў ААТ «Жарабковічы» Таццяна Пірштук дэманструе адказныя адносіны да справы, уменне працаваць у калектыве, быць адначасова патрабавальнай і ўважлівай да падначаленых, гаворыць намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка.
Цяпер Таццяна Пірштук кіруе МТФ «Сваятычы» і цялятнікам у Дамашах, у яе падпарадкаванні 37 чалавек.
– Калектыў у нас дружны. Падтрымка ва ўсім і паўсюдна – гэта пра нас. Кожны старанна ставіцца да сваіх абавязкаў, разумеем, наколькі адказную справу робім, уклад кожнага ў агульны вытворчы вынік важкі, – расказвае пра спецыфіку работы загадчыца МТФ.
Пра жаночае шчасце. Па словах Таццяны Пірштук, яно ў сям’і. У яе яна – вялікая і дружная, надзейны прычал, дзе і радасці, і, калі ўзнікаюць, пэўныя жыццёвыя праблемы – усё вырашаецца сумесна.
– Самы цудоўны час, калі збіраемся разам. Мой гонар – чацвёра дзяцей. У старэйшай Кацярыны – свая сям’я, Ксенія зараз загадвае Сваятыцкім ФАПам. Блізняты Антон і Вячаслаў – васьмікласнікі Навасёлкаўскай СШ.
А яшчэ ёсць дзве ўнучкі. Так, я маладая бабуля!
З мужам працуем у адной гаспадарцы, ён узначальвае вытворчы ўчастак «Жарабковічаў» у Сваятычах. Без дапамогі сям’і і падтрымкі з хатнімі справамі не справіцца. У сям’і адпачываю душой, цудоўна, калі родныя, любімыя людзі побач, – сцвярджае Таццяна Пірштук.
Традыцыйна ў восьмы дзень сакавіка ў доме сям’і Пірштукоў зноў будзе шмат кветак і шчырых усмешак – любімай маме, жонцы, бабулі ад любячай сям’і.