Пра матэматыку на мове жыцця.Вучу бачыць матэматыку ў рэальным жыцці, адзначае настаўніца Ляхавіцкай гімназіі Таццяна Крапіневіч

Вучу бачыць матэматыку ў рэальным жыцці, выкарыстоўваць яе ў бізнесе, навуковых даследаваннях, тэхналогіях, адзначае настаўніца Ляхавіцкай гімназіі Таццяна Крапіневіч і простай мовай тлумачыць складаныя паняцці і тэмы вучэбнага прадмета. Напрыклад, даўжыню акружнасці вывучаюць на прыкладзе веласіпеднага кола, працэнты – па скідках у магазіне, з сярэднім арыфметычным знаёмяцца з дапамогай цукерак, а дробамі авалодваюць з выкарыстаннем папяровых талерачак… Проста? Займальна і запамінальна! І веды не падаюцца гатовымі.

У прафесіі педагога Таццяна лічыць важным любіць тое, што робіш штодзённа. Яна ў пастаянным творчым пошуку для ўдасканалення ведаў, уменняў і навыкаў.
Днямі настаўніка матэматыкі гімназіі калегі і навучэнцы віншавалі з перамогай у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Зараз Таццяна Аляксандраўна рыхтуецца да рэспубліканскага тура і зноў крэатывіць, складанае пераўтварае ў відовішчнае і цікавае. Працу паспяхова сумяшчае з удзелам у рэспубліканскай праграме «Настаўнік для Беларусі». Дзякуючы менавіта гэтай праграме Таццяна са сталіцы пераехала ў наш райцэнтр і ўжо трэці год вучыць матэматыцы ляхавіцкіх гімназістаў. Новы віток жыццю надало жаданне змяніць сферу дзейнасці. Офіс
Таццяна змяніла на клас і вельмі задаволена сваім рашэннем. А сям’я яе ўсяляк падтрымала.
Педагог лічыць, што адукацыя сёння – гэта перш за ўсё падрыхтоўка да дарослага жыцця. Калі яна ўваходзіць у клас, то бачыць перад сабой патэнцыяльных медыкаў, прадпрымальнікаў, інжынераў, праграмістаў і іншых.
– Хачу, каб кожны з маіх навучэнцаў усвядоміў, што ён можа стаць, кім толькі пажадае, дасягнуць любых вяршынь. Веру, што кожны з іх здольны змяніць свет да лепшага. Таму імкнуся падтрымліваць сваіх гімназістаў у кожным кроку, натхняць і матываваць на шляху да мэты, – дзеліцца настаўніца матэматыкі.
Дарэчы, Таццяна – маці чатырох дзяцей, старэйшаму з якіх 22 гады, а малодшай дачцэ – 13.