Сакрэт выхавання чэмпіёнаў. Падзяліцца сакрэтам поспеху можа трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы СДЮШАР Алена Ульянава

Як выхаваць чэмпіёна? Адказаць на гэта пытанне і падзяліцца сакрэтам поспеху можа наша зямлячка – трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы СДЮШАР Алена Ульянава. Цяжка падлічыць, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак займаліся лёгкай атлетыкай пад кіраўніцтвам і пільнай увагай вопытнага трэнера – у спартыўна-выхаваўчай прафесіі Алена Ульянава амаль тры дзесяцігоддзі.

Адразу пасля заканчэння Беларускай акадэміі фізічнага выхавання Алена вярнулася на сваю малую радзіму ў Ляхавічы, каб прывіваць любоў да здаровага ладу жыцця і дапамагаць рабіць першыя крокі ў спорце юным землякам.
– Заўсёды буду ўдзячна сваім першым трэнерам Івану Юрлевічу, а потым і Андрэю Куркачу, якія зацікавілі мяне лёгкай атлетыкай, многаму навучылі: і як радавацца перамогам, і як дастойна прымаць паражэнні. Цяпер і я сваім выхаванцам заўжды гавару: без пройгрышу не бывае выйгрышу, – расказвае Алена Ульянава.
Амаль штодня трэнер-выкладчык спяшаецца ў СДЮШАР на сустрэчу са сваімі падапечнымі: у чатырох групах займаецца 46 юных лёгкаатлетаў. І да кожнага ў трэнера свой падыход, сваё важкае і шчырае слова, якое дапамагае ў трэніроўках і падчас спартыўных стартаў. Побач з рабятамі яна і на спаборніцтвах розных узроўняў.
– Калі сама яшчэ выступала ў якасці спартсмена, думала, як добра трэнерам, яны проста сочаць за спаборніцтвамі. Цяпер, пакуль дзеці выступаюць, не знаходжу сабе месца, хвалююся, каб усё атрымалася. Перад стартам абавязкова настройваю на тое, што да апошняй секунды нельга пераставаць змагацца. Спорт любіць моцных не толькі сілай, але і настроем, – разважае трэнер-
выкладчык.
– Алена Ульянава – адна з лепшых у нашым калектыве. Яна – прыклад для маладых выкладчыкаў, у яе важкі аўтарытэт сярод калег. Неаднойчы, у тым ліку і па выніках мінулага года, пры-
знавалася лепшым трэнерам Ляхавіцкай СДЮШАР. Заслужана, што партрэт Алены Ульянавай сёлета занесены на раённую Галерэю славы. А як яе любяць дзеці! Адказнасць, камунікабельнасць, актыўнасць, накіраванасць на поспех, аптымізм – усё гэта ўласціва нашай Алене, – адзначае дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч.
Любоў да дзяцей у Алены Ульянавай не толькі прафесійнае. Шчасцем і радасцю напаўняецца яе позірк, калі пачынае гаварыць пра галоўнага сёння чалавека ў яе жыцці – пяцігадовага ўнука.
– Як для выкладчыка, для мяне важна, каб дзеці любілі спорт, якім займаюцца. Для жанчыны лічу галоўным лад і спакой у сям’і, каб усё добра было ў дзяцей і ўнукаў. І, канешне, хочацца, каб у маёй любімай Беларусі быў заўжды мір, – упэўнена Алена Ульянава.