У СВК «Востраў-Агра» прайшоў справаздачны сход

Такім шыкоўным цэнтрам культуры і вольнага часу, як у Востраве, можа пахваліцца не кожны аграгарадок і тым больш не кожная вёска. Прасторна, светла, уладкавана, дагледжана, прыгожа — пасля капітальнага рамонту, які каштаваў раённаму бюджэту каля 1,8 мільярда рублёў, тут і прыдрацца няма да чаго, у сэнсе эстэтыкі, камфорту, выдатных умоў для адпачынку вяскоўцаў. Шчыра парадавалася за вастраўчан. З задавальненнем зазірнула ў бібліятэку, прайшлася па «культурных» востраўскіх апартаментах і з цудоўнымі ўражаннямі спусцілася на першы паверх, дзе людзі збіраліся на справаздачны сход сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Востраў-Агра».
Сход паўплываў на настрой — прыменшыў мажору, што зусім не дзіўна, зыходзячы з пачутага.
У дакладзе старшыні гаспадаркі Уладзіміра Мароза, выступленнях спецыялістаў гучала тэма неаптымістычная. Калі коратка сфармуляваць, то атрымаецца: бедная гаспадарка, бедныя землі, як выжыць, што «выжаць» з зямлі, каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок… І яшчэ — пра дапамогу, натуральна, СВК «Востраў-Агра» звонку.
Сапраўды, здабыткамі сельгаскааператыў не пахваліцца — іх проста няма. Ёсць пэўныя станоўчыя зрухі, якія тэндэнцыяй дагэтуль не сталі. І тыя працэнты, што агучваліся ў дакладзе лічбай большай за 100, — вельмі адносныя, калі параўноўваць з сярэднераённымі паказчыкамі, тым больш, — моцных гаспадарак. Пра гэта нагадаў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Варажун. За год пасля справаздачнага сходу-2012 на паперы засталіся планы, вызначаныя для рэалізацыі. З 16 пунктаў выкананы 3. Мяркуйце самі: ураджайнасць зерневых планавалася — 34 цэнтнеры з гектара, фактычна атрымана 26,8, кукурузы на зерне — адпаведна, 70 і 49,2, на сілас — 400 і 201. Замест 35 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў на ўмоўную галаву жывёлы тут летась нарыхтавалі 20,6. Кожная буронка дала ў мінулым годзе 3288 кг малака пры запланаваных 3750, а сярэднясутачныя прывагі БРЖ не дацягнулі да вызначаных 650 грамаў. Вышэйшым гатункам і гатункам экстра прададзена толькі 30 працэнтаў малака, пастаўленага на перапрацоўчае прадпрыемства, а планавалі — 85 працэнтаў. Ды і тлустасць малака не дацягнула да вызначаных 3,8 працэнта.
Адкуль будуць грошы ў гаспадарцы, калі аб’ёмы вытворчасці даволі сціплыя, мякка кажучы. Вытворчасць валавой прадукцыі на аднаго работніка ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна за 2012 год дасягнула 109 мільёнаў рублёў, а ў «Востраве-Агра» — 55,4. Ці трэба больш красамоўнае абгрунтаванне размеру сярэдняй зарплаты ў гэтай гаспадарцы — 1736 тысяч рублёў?
Нельга сказаць, што людзі тут не ўмеюць працаваць. Не лайдакі, умеюць, і рукі ў іх залатыя. Толькі вось па-старынцы сёння нельга. Мэтазгоднасць, рацыянальнасць, беражлівасць, выніковасць — чым яшчэ вызначыць слова «праца», каб усё з задуманага і запланаванага атрымалася? Мяркую, і гэтага хапіла б, калі б яно з поўным каэфіцыентам карыснага дзеяння, сістэмна выкарыстоўвалася. Аднак, на жаль, рацыянальным ніяк не назавеш многае з тутэйшай практыкі. Напрыклад, пад зерневыя і зернебабовыя на гектар пасеваў у гаспадарцы ўнесена 153 кілаграмы дзеючага рэчыва NРК, акупнасць аднаго кілаграма якіх склала 6 кілаграмаў (па раёне — 9). Такая вось «няправільная» арыфметыка.
Значныя сумы грошай недаатрыманы ад жывёлагадоўлі. Шчыльнасць БРЖ на 100 га сельгасугоддзяў тут склала ўсяго 41 галаву жывёлы, на 100 кароў і цялушак атрымана 78 цялят. Гаспадарка не зберагла і недаатрымала 15 цялят. А пры ўмове, што яны ёсць і дасягнулі 70-кілаграмовай вагі кожны, іх можна было рэалізаваць на жывёлагадоўчыя комплексы раёна і атрымаць за гэта 40 млн. рублёў. Надой на карову хаця і сплюсаваў да ўзроўню 2011 года, аднак, да запланаваных 3750 кілаграмаў не дацягнуў.  З-за рэалізацыі малака нізкім гатункам гаспадарка недаатрымала яшчэ 352 мільёны рублёў, а з-за ялавасці кароў недабралі 1,194 мільярда рублёў выручкі. Як жа не быць бедным пры такім раскладзе?
І гэта пры тым, што гаспадарка штогод атрымлівае фінансавую бюджэтную дапамогу: з 2010 па 2012 гады яна склала 1302 млн. рублёў. Акрамя таго, у лізінг выдзялялася нямала тэхнікі. Не, не кінуты сам-насам са сваімі праблемамі «Востраў-Агра». І землі тут няхай і не самыя ўрадлівыя, але ж патэнцыял іх урадлівасці значна большы, чым учарашнія і сённяшнія тутэйшыя паказчыкі. Канешне, чаго чакаць ад той самай кукурузы, калі поле засеяна некандыцыйным насеннем? Як істотна падрастуць надоі, калі ферма патанула ў гноі (ва ўсякім разе, на сходзе такое прагучала)?
Самае цікавае, што выйсце тут дакладна ведаюць. Старшыня гаспадаркі выказаўся адназначна: каб добра жыць, трэба добра працаваць. Ваша праўда! Ну, а для працы патрабуюцца належныя ўмовы, для работы па сучасных тэхналогіях — тым больш. Гэта задача для ўсіх, але ў першую чаргу — для праўлення СВК, спецыялістаў.
Ёсць пра што падумаць старшыні, праўленню, спецыялістам і, зрэшты, зрушыцца з застою. Так, спраў — воз і цялежка. Але… вочы баяцца, а рукі робяць. Беднасць, канешне, не загана, але і не козыр. Супраць беднасці ёсць прыёмы: праца на вынік, развіццё, якасна-колькасны рост вытворчасці.
…Мясціны тут прыгожыя. Аграгарадок Востраў адпавядае свайму статусу. Людзі як людзі: і спяваць, і працаваць, і радавацца, і непакоіцца ад душы ўмеюць. Ад іх залежыць, што ў заўтрашнім раскладзе. Дарэчы, старшыня гаспадаркі на сходзе прапанаваў паставіць у прамую залежнасць ад колькасці і якасці атрыманай прадукцыі зарплату спецыялістаў. Сход прагаласаваў «за».

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *