У імя закону і справядлівасці. 26 чэрвеня свой прафесійны дзень адзначаюць работнікі пракуратуры

Напярэдадні свята «ЛВ» прыйшоў у райпракуратуру не толькі з віншаваннямі, але і са сваім – інфармацыйным – інтарэсам. Якія функцыі ўскладзены на названы дзяржаўны інстытут, што за задачы і з выкарыстаннем якіх «тэхналогій» ім вырашаюцца. На гэтыя і іншыя пытанні адказала памочнік пракурора Ляхавіцкага раёна юрыст першага класа Аліна МАЦКЕВІЧ.

– Аліна Міхайлаўна, якія функцыі замацаваны за ведамствам, што ў аснове задач, прызваных вырашацца ў пракуратуры?

– Пракуратура – гэта сістэма органаў, якая ад імя дзяржавы ажыццяўляе нагляд за захаваннем заканадаўства, правоў, свабод чалавека і грамадзяніна, а таксама выкананнем іншых функцый, вызначаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Раённая пракуратура праводзіць сапраўды вялікую работу па абароне правоў нашых землякоў, супрацьдзеянні правапарушэнням і злачынствам, у тым ліку – карупцыйнай накіраванасці. Мы адсочваем выкананне законаў аб бюджэце, ахове навакольнага асяроддзя, працоўнага, жыллёвага заканадаўства і іншае.

– Сёння прымалі ўдзел у судовым пасяджэнні…

– Разглядалася даволі павучальная справа. Некаторы час назад у пракуратуру звярнуўся мясцовы агракаледж. Яго выпускнік 2018 года быў размеркаваны на працу ў адну з сельгасарганізацый раёна. Нейкі час адпрацаваў і быў звольнены за прагулы. «Недапрацоўка» тэрміну размеркавання склала 17 месяцаў. Пракуратура звярнулася ў суд з іскам аб спагнанні з маладога спецыяліста сродкаў, затрачаных на яго навучанне. Суд абавязаў маладога чалавека выплаціць на карысць дзяржавы 7660 рублёў.

– Органы пракуратуры вялікую ўвагу надаюць рабоце са зваротамі грамадзян. З якімі пытаннямі нашы землякі звяртаюцца найчасцей?

– Асабліва папулярнымі застаюцца нязгода з рашэннем кампетэнтнага органа аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці, правядзеннем РАУС рознага кшталту праверак. Юрыдычныя асобы звяртаюцца за абаронай сваіх маёмасных правоў, фізічныя – скардзяцца на дапушчаную арганізацыямі несвоечасоваць або непаўнату разлікаў з імі па заработнай плаце і іншых плацяжах.

– Сёння пракуратура раёна – гэта…

– Гэта тры пракурорскія работнікі – пракурор, яго намеснік і памочнік. І чатыры работнікі пракуратуры – загадчыца канцылярыі, вадзіцель, уборшчык службовых памяшканняў, дворнік. Іх, а таксама ўсіх калег шчыра і ад душы віншую з прафесійным святам. Жадаю здароўя, шчасця і меншай занятасці па працы, паколькі, чым менш работы ў пракурора, тым лепш з законапаслухмянасцю тграмадзян.

Райвыканкам і райсавет дэпутатаў накіравалі віншаванні з прафесійным святам работнікам і ветэранам пракуратуры Ляхавіцкага раёна.

Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА.