Народная падзяка за здароўе. У мінулую пятніцу на сваім працоўным месцы віншаванні з нагоды прафесійнага свята прымалі героі сённяшняга часу – медыцынскія работнікі

Святочны канцэрт, самыя шчырыя словы ўдзячнасці, пажаданні самага галоўнага – здароўя, песні, вершы, апладысменты вам, профі ў белых халатах. Няхай хоць і ненадоўга, але мастацкія калектывы раёна спынілі час, стварылі святочную атмасферу, узнялі настрой тым, хто на перадавой барацьбы з каварным вірусам, чые будні напоўнены клопатам пра здароўе землякоў.

Віншаванні медыцынскім работнікам адрасаваў кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі і падзякаваў за тое, што кожны дзень, без перабольшання, работнікі аховы здароўя працуюць гераічна і самааддана, за талент і майстэрства, вернасць высокаму прызванню, увагу да людзей. Ён таксама адзначыў, што ахове здароўя надаецца самая пільная ўвага дзяржавы. Стабільна працуюць лячэбныя ўстановы, значныя фінансавыя сродкі накіроўваюцца на развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, укараняюцца сучасныя віды дыягностыкі і лячэння.

Аляксандр Віктаравіч уручыў заслужаныя ўзнагароды галоўным дзеючым асобам свята.

Сардэчныя словы гучалі ў адрас калег і ветэранаў ад галоўнага ўрача райбальніцы Георгія Хлябовіча, які ўручыў граматы і падзячныя пісьмы ад галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама,
Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы за шматгадовую і добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, вялікі ўклад у
развіццё сістэмы аховы здароўя і ў сувязі з прафесійным святам – Днём медыцынскіх работнікаў.

Салодкі пачастунак і віншаванні ад райкама БРСМ перадаў яго першы сакратар Яўгеній Сініла.

Сёння кожны дасылае вам, профі ў белых халатах, самыя шчырыя пажаданні. Простыя словы «трымайцеся, надзея на вас» – гэта народная падзяка за здароўе і жыццё землякоў. І, канешне, здароўя і сіл
вам, нашы медыкі.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фота ТУТ.