Як запальваюць зоркі

Мы настолькі прывыклі да масавых святаў, разнастайных шоу, канцэртаў і фестываляў, пазнавальных і забаўляльных праграм, акцый, выстаў народнай творчасці, пленэраў, што, здаецца, землякоў нічым не здзівіць. Аднак работнікі гарадскіх і сельскіх устаноў культуры зноў і зноў фантануюць ідэямі, ствараюць, прапануюць, ініцыююць, прыдумваюць, каб заняць наш вольны час, зрабіць яго змястоўным, цікавым, насычаным і запамінальным.

Не трэба доўга разбірацца, што так прыцягвае ляхавічан і гасцей горада на ўрачыстасцях, прымеркаваных да Дня Перамогі і Дня Рэспублікі. Усё проста. Людзі чакаюць хвалюючых момантаў і атрымліваюць іх. Зусім іншая – забаўляльная – накіраванасць у папулярных сярод дарослых і дзяцей «Каляднай санаты» ці «Вясёлкі дзяцінства», не атрымаць тут суцэльны зарад бадзёрасці проста немагчыма.

Ляхавіччына славіцца каларытнымі гістарычнымі мясцінамі, дзе сапраўды адчуваеш подых мінулых эпох. І як жа гарманічна ўпісваюцца ў іх народныя фэсты, фальклорныя фестывалі. Каторы год запар не змяншаецца колькасць удзельнікаў свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных», якое апошнім часам праводзіцца ў Грушаўцы. І цяпер ужо ўдзел у ім лічаць справай гонару не толькі мясцовыя артысты.

Культуры многа не бывае. Гэту выснову пацвердзілі і «Флер’яноўскія чытанні», што праходзяць у комплексе былой сядзібы Бохвіцаў у вёсцы Флер’янова. А пачатак сваёй, хочацца спадзявацца, доўгай гісторыі яны бяруць з 2016 года. Праграма маштабнага мерапрыемства пад адкрытым небам атрымліваецца досыць насычанай. Гэта выступленні таленавітых пісьменнікаў-землякоў, тэатралізаваныя прадстаўленні, выстава рэдкай кнігі Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і выдавецтва «Мастацкая літаратура», выстава-продаж работ майстроў народнай творчасці, страў беларускай кухні.

Работнікі клубнай сістэмы прыкладаюць шмат намаганняў, каб разнастаіць вольны час землякоў. Прычым побач з новымі формамі цудоўна «адчуваюць» сябе традыцыйныя, любімыя і знаёмыя.
Свята вёскі – адно з самых чаканых для сялян, да яго рыхтуюцца загадзя, яно выклікае шырокі рэзананс –як-ніяк збіраецца ўся акруга. А летась з’явілася новаўвядзенне: па вечарах над райцэнтрам гучала музыка, спявалі песні – культработнікі ладзілі «Разгуляй».

Што ні запрашэнне на спатканне, то абавязкова нешта эксклюзіўнае і захапляльнае – так можна сказаць пра любое мерапрыемства аўтарства супрацоўнікаў бібліятэк. Прычым, датычыцца гэта як гарадской купалаўкі, так і сельскіх кніжных храмаў.

У ТЭМУ. У 2019 годзе завершаны работы па аб’екце «Капітальны рамонт будынка археалагічнага музея «Бярэсце» і яго рээкспазіцыі. За 2017-2019 гады на ўказаныя мэты накіравана 1656,9 тысячы рублёў са сродкаў абласнога бюджэту. Уведзены ў эксплуатацыю будынак Брэсцкага тэатра лялек – самы вялікі па займаемай плошчы сярод тэатраў лялек рэспублікі. Сцэнічны комплекс аснашчаны сучаснай гукавой, светлавой і відэаапаратурай. На аб’екце «Помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя. Косаўскі палацава-паркавы ансамбль» завершаны работы па будаўніцтве 2-га пускавога комплексу, які ўключае ў сябе памяшканні гасцініцы і кафэ. На аб’еце «Палацавы комплекс у гарадскім пасёлку Ружаны» праведзены работы па рэстаўрацыі кладкі вонкавых сцен. Завершаны аднаўленчыя работы па аб’екце «Аднаўленне радавога маёнтка Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці». Пачаты работы па захаванні знакавага аб’екта спадчыны «Прысядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Закозель Драгічынскага раёна».

Колькі станоўчых водгукаў у адрас купалаўкі і яе супрацоўнікаў гучала ад наведвальнікаў, якія прыйшлі на «Біблія-змярканне». А колькі жадаючых акунуцца ў іншыя эпохі і прымераць на сябе, напрыклад, вобраз паненкі або адважнага салдата ў фотазонах, прыдуманых «купалаўцамі».

Як не ўзгадаць першыя на Ляхавіччыне краязнаўчыя чытанні «Я тут, пад гэтым небам, нарадзіўся» ў Падлескім сельскім Доме культуры.
Па-сапраўднаму цёп-лай, шчырай, натхняльнай становіцца выключна кожная сустрэча аматараў творчасці з паэтамі, пісьменнікамі. Гэта і мясцовыя самабытныя аўтары, і прызнаныя беларускія карыфеі.
У мінулым годзе ў рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «за пошукавую і даследчую работу» Ляхавіцкая ЦБС узнагаро-джана дыпломам ІІ ступені.

Не змаўкаюць працяглыя апладысменты ў адрас ляхавіцкіх артыстаў і за межамі нашай краіны. Ашаламляльны поспех мела выступленне арт-групы «ВІНС-акорд» (кіраўнік Ірына Тулейка) у Санкт-Пецярбургу. Дарэчы, гэтаму калектыву летась прысвоена званне «народны». Усяго ў нашым раёне 19 калектываў са статусамі «народны», «узорны», «заслужаны». У 2017 годзе да іх далучылася яшчэ адна самабытная, непаўторная, з усебаковым рэпертуарам эксперыментальная
вакальная група «Берагіня» Дараўскага СДК. Праз год на творчым небасхіле «народных» заззялі зор-кі інструментальнага ансамбля «Джаз-Арт», у складзе якога настаўнікі Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў і тэатральнага калектыву «Дом Дыягена» ГДК.

Кожны год сярод лепшых працаўнікоў Ляхавіччыны, чые прозвішчы заносяцца на раённую Галерэю славы, – і работнікі ўстаноў культуры. Такога гонару былі ўдастоены настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў Якаў Мурзіч, Ірына Тулейка, Алена Тумаш, мастацкі кіраўнік Русінавіцкага СДК Андрэй Цямчык, а таксама народная эстрадная студыя «Экспрэс», народная эксперыментальная група «Берагіня» Дараўскага СДК, калектывы Ляхавіцкай ДШМ, Ляхавіцкай цэнтра-лізаванай бібліятэчнай сістэмы. Ганаровага звання «Чалавек года» ўдастоены настаўніца ДШМ Людміла Жукава, былы дырэктар школы мастацтваў Уладзімір Крук, мастацкі кіраўнік Навасёлкаўскага СДК Таццяна Пішч, кіраўнік гуртка Мыслабажскага Дома народнай творчасці Алена Базылева.

Нямала дасягненняў за апошнюю пяцігодку і ў цэнтралізаванай клубнай сістэмы. З дыпломамі І ступені рэгіянальнага марафону маладзёжнай творчасці ў Кобрыне вярнуўся на Ляхавіччыну тэатральны калектыў ГДК. Гучна і арыгінальна заяўляюць пра сваю творчасць народны клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК, народны тэатр мі-ніяцюр «Вастраўчане» Востраўскага СДК. Пацвярджэнне таму, сярод іншага, –і рэспубліканскі фестываль народнага гумару «Аўцюкі».

Зоркай многіх фесты-валяў становіцца клуб ваенна-гістарычнай рэ-канструкцыі «Кантон Цюрых» Ураджайнінскага СДК. Феерычна выступілі ў Паставах на міжнародным фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік» народны ансамбль народнай песні і музыкі «Крыніца» і народны ансамбль народных інструментаў «Народныя музыкі».

Канешне, творчасць, жаданне разнастаіць жыццё землякоў – вызначальнае для культработнікаў. Але без падтрымкі дзяржавы і ў гэтай сферы было б цяжка. Для арганізацыі канцэртнай дзейнасці мастацкіх калектываў на Ляхавіччыне ў мінулым го-дзе набыты новы аўтобус. Каб вярнуць былую папулярнасць гарадскому кінатэатру «Кастрычнік», сёлета ў маі набыта новае лічбавае кінапраекцыйнае абсталяванне. У лютым 2019 года зарэгістраваны ў базе даных праграм і праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі праект трансгранічнага супрацоўніцтва «Аднаў-ленне агульнай культурнай спадчыны як асновы для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва маладзёжных і творчых калектываў Польшчы і Беларусі». Агульны аб’ём фінансавання –1327500 еўра. Атрыманы першы транш у суме 415000 еўра. У сакавіку гэтага года пачаліся рамонтна-аднаўленчыя работы на комплексе былой сядзібы Рэйтанаў, які з’яўляецца помнікам архі-тэктуры ХІХ-ХХ стагоддзяў, у вёсцы Грушаўка.

У ТЭМУ. З мэтай папулярызацыі традыцый нацыянальнай культуры на тэрыторыі Брэсцкай вобласці штогод праводзяцца буйнамаштабныя фестывалі. Найбольш значнымі сталі Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа», Міжнародны фестываль класічнай музыкі «Студзеньскія музычныя вечары», Міжнародны конкурс юных музыкантаў «Палескі агеньчык», Міжнародны пленэр ганчароў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.