Інвестыцыі ў інавацыі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 26 чэрвеня з рабочай паездкай Салігорскі раён.
У Салігорску Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з актывам Мінскай вобласці, а затым наведаў прадпрыемства «Белкалій-Мігаа».
У час рабочай паездкі Прэзідэнту далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Мінскай вобласці і Салігорскага раёна, фінансава-гаспадарчай дзейнасці «Беларуськалія», рэалізацыі інвестпраекта па будаўніцтве на пляцоўцы салігорскага прадпрыемства завода па вытворчасці нітрату калію.
«Беларуськалій» – гэта нацыянальны здабытак, гордасць, адзін са стаўпоў беларускага экспарту, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што прадпрыемства прапаноўвалі прадаць за бясцэнак, але на гэта не пайшлі.
«Было няпроста. Людзі старэйшыя помняць, як нашы гарнякі «пешшу па бездарожжы крочылі на сталiцу». Помніце, і каструлямі барабанілі, і талеркамі. Я тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, – успомніў Кіраўнік дзяржавы. – А не хапала шмат чаго, калі я сутыкнуўся з гэтым пытаннем. Але, як сказаў губернатар, мы працу, занятасць і зарплату паставілі тады ў аснову нашай палітыкі. Хоць і зарплату не было з чаго плаціць».
Шмат чаго было зроблена для развіцця прадпрыемства, у тым ліку па лініі імпартазамяшчэння, укаранення айчынных тэхналогій і абсталявання. Калійную галіну будуць развіваць і ў далейшым, у прыватнасці новыя радовішчы, а гэта ў сваю чаргу дае імпульс бліжэйшым населеным пунктам.
«Мы ў Беларусі не сталі ламаць тое, што было. Захоўваючы патэнцыял з савецкіх часоў, мы прырастаем новым», – падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад: на тэрыторыі Мінскай вобласці з удзелам кітайскіх сяброў рэалізуюцца два праекты, якія маюць стратэгічнае значэнне для краіны. Па-першае, гэта Кітайска-беларускі парк «Вялікі камень», які прызначаны стаць адным з ключавых пунктаў ініцыятывы «Пояс і шлях» у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. «Тонкая хімія, біятэхналогіі, электроніка, машынабудаванне, новыя матэрыялы. У гэтых сферах ляжыць не толькі новая якасць эканомікі Мінскай вобласці, але і істотнае павышэнне канкурэнтаздольнасці нашай краіны», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адно прадпрыемства – Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. «Гэта самыя высокія тэхналогіі. Глыбокую перапрацоўку збожжа з атрыманнем амінакіслот ажыццяўляюць лічаныя дзяржавы свету. Гэты праект цалкам укладваецца ў напрамкі развіцця на наступную пяцігодку – якасць, экспарт, імпартазамяшчэнне», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб прадпрыемствах, якія дасталіся з савецкага перыяду, Прэзідэнт згадаў БЕЛАЗ, дзе цяпер робяць самую сучасную кар’ерную тэхніку.
Акрамя таго, за апошнія гады ў сталічным рэгіёне арганізавана серыйная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, будзе пашырацца лінейка, павышацца лакалізацыя, і ў гэтым таксама стаяць вялікія задачы ў галіне імпартазамяшчэння. Яшчэ адна новая вытворчасць – «Штадлер Мінск», якая выпускае чыгуначную тэхніку.
«У нас яшчэ вялікая паляна неасвоеных ідэй.
І нават не ідэй, а вядомых у свеце тэхналогій. І ў гэтым напрамку нам трэба рухацца, паглыбляцца. У гэтым нашы асноўныя інвестыцыі. І самае галоўнае: у нас ёсць людзі – кадры, якія гэта разумеюць і могуць гэта рабіць», – падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што некаторыя прапануюць масава пусціць у Беларусь міжнародныя карпарацыі, у якіх ёсць рынкі і грошы, каб яны, фактычна, скупілі айчынныя прадпрыемствы. Прэзідэнт упэўнены, што такі падыход сябе не апраўдае.
«Расслабляцца ні ў якім разе нельга. Сёння час патрабуе імклівага руху наперад з выразным разуменнем мэт і перспектыў сталічнага рэгіёна. Гэта не дзяжурная фраза. Крызіс – гэта не толькі бяда, але і час магчымасцей. Мы павінны вось гэты складаны час выкарыстаць так, каб ускочыць куды-небудзь у новыя рынкі, што адкрыліся, і зачапіцца там. Не зачэпімся – будзе вельмі цяжка», – падкрэсліў беларускі лідар.
«Нам трэба ў гэты перыяд нічога не разбурыць, выратаваць нашу дзяржаву, эканоміку, абараніць людзей і хаця б на 5 працэнтаў рушыць наперад. Зробім гэта – пяцігодку пражывём спакойна, мірна, без усякіх узрушэнняў. Гэта для нас сёння галоўнае», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Па матэрыялах БЕЛТА.