Алгарытм удасканальваецца. Галоўны ўрач Ляхавіцкай райбальніцы пракаментаваў змяненні ў шпіталізацыі хворых з COVID-19

Па просьбе «ЛВ» галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч пракаментаваў апошнія змяненні ў шпіталізацыі хворых з COVID-19:
– У сувязі з тым, што змяншаецца колькасць інфіцыраваных каранавірусам і, адпаведна, пацыентаў з ускладненнямі – пнеўманіямі, ва ўстановах аховы здароўя праводзіцца зваротнае перапрафіляванне. Паступова да ранейшага рэжыму работы вяртаюцца і падраздзяленні Ляхавіцкай райбальніцы.
Што тычыцца COVID-19, то алгарытм дзеянняў па амбулаторнай дапамозе застаецца ранейшым. Калі ў чалавека з’яўляюцца асноўныя сімптомы каранавіруснай інфекцыі, ён выклікае медыкаў на дом ці звяртаецца ў паліклініку ў так званую брудную зону. Пры неабходнасці пацыенту прызначаюцца рэнтгенаграма, адпаведныя аналізы.
Пры лёгкай форме хваробы чалавек лечыцца дома, выконвае ўсе рэкамендацыі ўрача.
Калі ж выяўляецца пнеўманія сярэдняй ці значнай ступені цяжкасці, цяпер хворага на спецыяльным санітарным транспарце адпраўляюць у стацыянар па міжраённым прынцыпе, дакладней – у Баранавіцкую гарадскую бальніцу № 2. У стацыянары райбальніцы будзем аказваць неабходную медыцынскую дапамогу пацыентам з хранічнымі хваробамі, якім патрабуецца кругласутачнае назіранне.
Разам з тым, хачу звярнуцца да ляхавічан: у каранавіруснай эпідэміі яшчэ не пастаўлена кропка, таму заклікаю прытрымлівацца супрацьэпідэмічных мер. Не забывайце пра масачны этыкет, сацыяльнае дыстанцыраванне і антысептыкі. Прафілактыка – перш за ўсё.