У ветэранаў актыўная жыццёвая пазіцыя. Кожны з ветэранаў працы ў свой час унёс свой уклад у развіццё Ляхавіччыны

Дзень пажылых людзей – даніна ўдзячнасці людзям старэйшага пакалення за іх працу, вопыт і актыўную жыццёвую пазіцыю. Кожны з ветэранаў працы ў свой час унёс свой уклад у развіццё Ляхавіччыны. Сёння ў раённай ветэранскай арганізацыі налічваецца 36 пярвічак, у якіх працуюць старшыні з неспакойнымі сэрцамі і нераўнадушныя да патрэб пажылых землякоў.

Адна з актыўных ветэранскіх пярвічак – «Неспакойныя сэрцы»
Востраўскага сельсавета, якую ўзначальвае Ганна Сцепанчук.
«Неспакойныя сэрцы» сталі пераможцамі ў раённым аглядзе-
конкурсе, які прысвячаўся 80-годдзю Вялікай Перамогі. Ацэнена дзейнасць пярвічкі і ў Брэсцкім абласным савеце ветэранаў.
У Востраўскім СДК у прысутнасці землякоў ва ўрачыстай абстаноўцы ветэранскай арганізацыі ўручана Падзяка Брэсцкага абласнога савета ветэранаў і Грамата раённай ветэранскай арганізацыі. Прыемны бонус – грашовае ўзнагароджанне.

Нашы ветэраны працы не сядзяць склаўшы рукі. З іх удзелам прайшоў квэст «Прышчэпка для здароўя», спартландыя сярод ветэранаў і падлеткаў «Спорт аб’ядноўвае пакаленні». Стала традыцыяй штогадовая спартакіяда, прысвечаная Дню памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Сёлета за званне лепшай змагаліся дзевяць каманд. Пераможцы атрымалі ад раённага савета ветэранаў дыпломы і падарункі, а смачныя пірагі ад райпо сталі цудоўным сюрпрызам для кожнай каманды.
Энергічнасць, актыўнасць, нераўнадушнасць – адметныя рысы нашых ветэранаў. Яны прымаюць удзел у выбарчай кампаніі, вызначаюцца падчас уборкі ўраджаю, не адстаюць ад моладзі ў грамадскім жыцці і спартыўных, культурна-масавых мерапрыемствах. Землякі заўсёды шчыра апладзіруюць ветэранам – удзельнікам народнага ансамбля «Сівізна». Не старэюць душой ветэраны. Садзілі дрэвы каля помніка спаленым вёскам у Марынове, а пасля сталі сведкамі яго ўрачыстага адкрыцця. Ветэраны сустракаюцца з моладдзю і перадаюць ёй свой жыццёвы вопыт і любоў да Бацькаўшчыны, дзеляцца меркаваннямі і думкамі на патрыятычныя тэмы – каб памяталі цану мірнага жыцця і незалежнасці.

Аляксандра МАТЧЭНЯ, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі.