Узрост грамадскай справе не перашкода!
Амаль 10 гадоў, як Мікалай Піліневіч з’яўляецца старастам вёскі Вялікая Лотва. За гэты час важнай вясковай грамадскай работы Мікалай Пятровіч неаднойчы станавіўся прызёрам раённага конкурсу на лепшага старасту. А па выніках 2024 года стаў лепшым з лепшых – атрымаў дыплом І ступені

Стараста вёскі Вялікая Лотва Мікалай Піліневіч з вясковымі актывістамі Валянцінай Люхта, Зояй Гачко і Леакадзіяй Люкіш.
Ініцыятыўнасць і арганізатарскія здольнасці дапамагаюць вясковаму старасце ў вырашэнні многіх спраў на карысць землякоў. А калі мець на ўвазе шаноўны ўзрост – сёлета Мікалай Піліневіч адзначыў 77-ы дзень нараджэння, – то ўвогуле па-добраму зайздросціш апантанасці, мэтанакіраванасці і актыўнасці гэтага чалавека.
– Мікалай Піліневіч – узорны стараста. Ён карыстаецца павагай у землякоў і клапоціцца пра тое, каб вяскоўцам жылося камфортна і зручна. А наказаў у жыхароў адной з самых вялікіх вёсак Навасёлкаўскага сельсавета (у Вялікай Лотве зарэгістравана каля 650 чалавек) нямала. А яшчэ ён надзвычай добры, шчыры і надзейны чалавек. Напэўна таму да яго цягнуцца людзі, давяраюць яму. Ды і каманду аднадумцаў з такіх жа няўрымслівых і лёгкіх на пад’ём грамадзян сталага ўзросту сабраў выдатную, – адзначае старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка.
Можна доўга пералічваць грамадска карысныя справы, на якія арганізаваў аднавяскоўцаў стараста. Сёлета падчас суботніка добраўпарадкавалі тутэйшыя могілкі, наводзіцца парадак на іншых тэрыторыях агульнага карыстання. Да яго звяртаюцца жыхары за дапамогай у выпісцы і дастаўцы мясцовых відаў паліва. Заяўкі стараста перадае ў сельвыканкам. Не толькі ў Год добраўпарадкавання, але і заўжды Мікалай Піліневіч уласным прыкладам дэманструе, якім павінен быць сапраўдны гаспадар. Разам з жонкай Лідзіяй Іванаўнай стварылі на сваім прысядзібным участку тэрыторыю суцэльнага ўзорнага парадку.
Вясковы стараста адзначае, што выніковасць яго грамадскай работы залежыць у большасці ад таго, што ён працуе ў камандзе – зладжанай і дружнай. А сярод сваіх галоўных памочнікаў-аднадумцаў з пашанай называе Зою Гачко, Леакадзію Люкіш, Валянціну Люхту, Вячаслава Хмарука, Сяргея Пабягайлу.
За шчырыя адносіны да людзей, надзейнасць, прынцыповасць, адказнасць паважаюць землякі свайго абранніка і рады, што менавіта ён прадстаўляе іх інтарэсы. Зацікаўлены ў такім памочніку і ў Навасёлкаўскім сельвыканкаме.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.





