«Белая Русь» жадае шчасця. Прадстаўнікі раённай арганізацыі «Белая Русь» шчыра павіншавалі сям’ю ляхавічан з нараджэннем

«Я самая шчаслівая мама!» – не хавае эмоцый ляхавічанка Дар’я Гаўрыльчык. У галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – наша зямлячка стала маці трэці раз.
Дар’ю з малышкай з Баранавіцкага раддома, акрамя родных, сустракалі прадстаўнікі раённай арганізацыі РГА «Белая Русь». Кветкі, пажаданні, падарункі – віншавалі сям’ю з прыбаўленнем радасна і сардэчна.

Дванаццаты год акцыя «Белая Русь» – з любоўю да дзяцей» крочыць з цёплымі эмоцыямі да мам і нованароджаных.
– У нашай краіне мацярынству, дзяцінству, падтрымцы сям’і – увага асаблівая. Вельмі прыемна, што дзяўчынка з’явілася ў такі адметны для ўсіх беларусаў дзень. Упэўнены, што і лёс у яе будзе цудоўны. Няхай расце здаровай і прыгожай, – адзначае Леанід Калбаса.
Нованароджаную бацькі Дар’я і Віталій вырашылі назваць Сафіяй. Са з’яўленнем дачкі Гаўрыльчыкі атрымалі мнагадзетны статус: у сям’і падрастаюць яшчэ Ксенія і Марыя. Ім вельмі падабаецца маленькая сястрычка, якая нагадвае ляльку. У яе столькі вопраткі, цацак, спецыяльна падрыхтаваны ложак – як для прынцэсы! Зараз сястрычкі, калі тата на працы, – галоўныя маміны памочніцы. І вельмі гэтым ганарацца. Ксюша – старэйшая, скончыла сёлета другі клас, авалодвае ігрой на фартэпіяна ў Ляхавіцкай школе мастацтваў. У Машы, якой у лістападзе споўніцца чатыры гады, захапленні пакуль самыя звычайныя – любіць складваць фігуры з канструктара, гуляць у лялькі.
Самыя шчаслівыя моманты, калі ўся сям’я збіраецца разам. Ім аднолькава цікава і прадстаўленне ў цырку, і прагулка па парку, і экскурсія ў Белавежскую пушчу. Канешне, з павелічэннем сям’і графік адпачынку змяняецца, але гэта, адзначаюць, часова.
Да водпуску па доглядзе за дзіцем Даша працавала швачкай. Ёй у задавальненне гатаваць смачныя абеды для дамашніх. Кандытар па адукацыі, часта песціць родных піражкамі, тартамі, пячэннем. Вопытную маму не палохаюць клопаты мнагадзетнай сям’і.
Муж Віталій, дарэчы, сам з мнагадзетнай сям’і, а яшчэ майстар на ўсе рукі, столяр на мясцовым дрэваапрацоўчым прадпрыемстве. Будуюць уласны дом і мараць пра вялікі сад, кветкавыя клумбы і роўныя рады агародніны.
9 ліпеня Гаўрыльчыкі атрымалі ў аддзеле загса Ляхавіцкага райвыканкама пасведчанне аб нараджэнні дачушкі.
У архіве сям’і з’явіўся яшчэ адзін дзіцячы дакумент, а гэта плюсавая дэмаграфія Ляхавіччыны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.