Разабрацца з праблемай асабіста. У Ляхавічах асабісты прыём правяла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык

Асабісты прыём – такі фармат працы пастаянна практыкуюць прадстаўнікі ўлады. Бо не кожную праблему можна выкласці ў сухіх фактах на аркушы паперы, некаторыя пытанні патрабуюць рознабаковага разгляду, удакладнення дэталяў, высвятлення абставінаў. А ўсяго гэтага можна дасягнуць толькі пры жывых зносінах.

У мінулы панядзелак у Ляхавічах асабісты прыём правяла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык.

Сустрэча прайшла ў грамадскай прыёмнай Ляхавіцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь». Магчымасцю падзяліцца сваёй праблемай з дэпутатам і атрымаць дапамогу скарысталіся пяць чалавек, адзін задаў пытанне па тэлефоне.

Першай на прыём прыйшла сямейная пара з Ляхавічаў. Мужчына 26 гадоў правёў у месцах зняволення. А цяпер, прызнаецца, ўсвядоміў, што жыў няправільна і хоча пачаць з чыстага ліста. Сустрэў жанчыну, выхоўвае дзіця. Але з-за крымінальнага мінулага яму складана знайсці працу і атрымаць арэнднае жыллё. З гэтай жыццёвай гісторыяй старшыня райсавета дэпутатаў, кіраўнік раённай арганізацыі «Белай Русі» Леанід Калбаса знаёмы. Мужчыну ўжо ўладкоўвалі на працу ў Ляхавіцкім раёне, але ў 2013 годзе ён зноў быў асуджаны за крадзеж.

– Бачу ў вас жаданне памяняць штосьці ў жыцці, выхоўваць дзіця, утрымліваць сям’ю. Паспрабую вам дапамагчы, але вы павінны паабяцаць, што назаўжды завяжаце з крыміналам, – гаворыць Людміла Жалнерчык.

Жыхара вёскі Зубелевічы хвалявала пытанне работы каналіза-цыйнай сістэмы. Паводле яго слоў, яна некалькі гадоў назад выйшла са строю. Зараз вяскоўцам даводзіцца наймаць асенізатарскую машыну, каб адпам-поўваць сцёкі, але гэтага хапае ненадоўга.

Жыхарку райцэнтра хвалявала пытанне арэнднага жылля: дачка з мужам і ўнучкай атрымалі кватэру ў арэндным доме ў райцэнтры. Ордэр на ўезд атрымлівалі ўсёй сям’ёй. Аднак пара развялася, і муж папрасіў былую жонку і дзіця з’ехаць з жылля. Жанчыну цікавіла, ці законна гэта, і ці можа дачка прэтэндаваць на гэтую кватэру, калі былы муж сам вызваліць жылплошчу.

Таксама дэпутату паступілі пытанні аб газіфікацыі вёскі Канюхі, механізме ажыццяўлення Дэкрэта № 3. Землякі цікавіліся, ці можна больш «загрузіць» выкладчыкаў музыкі, ці будзе пакладзены кавалак асфальту на адрэзку дарогі Задвор’е – Набярэжная.

Усе пытанні ад ляхавічан застануцца на кантролі ў дэпутата.

У ТЭМУ. Традыцыя сустрэч кіраўніцтва раёна з працоўнымі калектывамі працягваецца. На гэтым тыдні, напрыклад, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Аляксандр Камінскі наведаў ДРБУ-200, ЗАТ «Белпрампрыбор», раён газазабеспячэння. Працаўнікі актыўнічалі: задавалі пытанні, выказвалі свае меркаванні, пажаданні і прапановы. Асаблівы акцэнт – на дасягненні раёна, землякоў заўжды цікавіць, што змянілася ў райцэнтры, як гэта выражаецца ў колькасных паказчыках, дзе адбыліся пазітыўныя перамены, куды набывалася, напрыклад, тэхніка, і, безумоўна, якія яшчэ навінкі чакаць у бліжэйшы час.


Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.