З удзячнасцю і пашанай. Медыкі Ляхавіцкага раёна атрымалі ўзнагароды

Сярод шэрага сацыяльна значных аб’ектаў, якія на мінулым тыдні ўрачыста адкрыліся ў суседнім Баранавіцкім раёне, новая станцыя хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі. На яе будаўніцтва было накіравана больш за 6,8 мільёна рублёў, яшчэ больш за 280 тысяч рублёў выдаткавана на закупку абсталявання. Гэта шыкоўны падарунак і для медыкаў, і, канешне, для ўсіх жыхароў Баранавіцкага рэгіёна.

У гэты ж дзень у Баранавіцкім гарвыканкаме ўшаноўвалі медыкаў Брэсцкай вобласці, якія прадэманстравалі высокі прафесіяналізм, адданасць справе на перадавой барацьбы з каранавірусам.
Заслужаныя ўзнагароды каля 70 прадстаўнікам сферы аховы здароўя і санітарнай службы Брэстчыны ўручылі першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс. Сярод узнагароджаных і медыкі Ляхавіцкай ЦРБ. Падзяку Прэм’ер-міністра атрымаў загадчык тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Міхаіл Буйкевіч, Грамату Брэсцкага аблвыканкама – галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч.
На мінулым тыдні намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан уручыла Ганаровую грамату Міністэрства аховы здароўя малодшай медыцынскай сястры інфекцыйнага аддзялення ЦРБ Валянціне Пілінога, Падзяку міністра аховы здароўя – загадчыку паліклінікі Анатолію Панько, фельчару аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Аляксандру Чайкоўскаму. Грамату Брэсцкага аблвыканкама атрымала старшая медсястра паліклінікі Вольга Дубоўская, Падзячнае пісьмо аблвыканкама адрасавана памочніку ўрача агульнай практыкі Таццяне Рачкоўскай.
Граматы галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама ўдастоены загадчык Ліпскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Яўгеній Мудрагелаў, фельчар-лабарант клініка-дыягнастычнай лабараторыі Святлана Ляскала, вадзіцель аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Аляксандр Буйда.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.