Даверу пільнасць у дапамогу. Рэйд «ЛВ» з супрацоўнікамі Ляхавіцкага РАУС

Пажылым грамадзянам трэба быць асабліва пільнымі і ўважлівымі, каб не трапіць на вудачку да махляроў

Масажор, што адным махам вылечыць і радыкуліт, і рэўматызм, незаменная ў сезон халадоў цуда-коўдра з авечай воўны, посуд, зроблены з экалагічна чыстага матэрыялу, суперсучасныя фільтры для вады, цудадзейныя вітаміны і шмат чаго іншага прапануюць разнастайныя прадаўцы, што прыходзяць да нас непасрэдна ў кватэру. Здавалася б, што ў гэтым дрэннага? Як гаворыцца, сэрвіс з дастаўкай на дом. На справе ўсё далёка ад ідэалу, і часта такога кшталту продажы маюць на мэце выцягнуць грошы любым спосабам. Ахвярамі часцей за ўсё становяцца людзі пажылога ўзросту. Яны больш даверлівыя, іх лягчэй падмануць, прымусіць купіць капеечны тавар за дзясятак рублёў.
Прыкладаў шмат. Ляхавічанкі-пенсіянеркі набылі, па іх словах, у «вельмі ўважлівых і добразычлівых хлопцаў-прадаўцоў» выдатныя фільтры для ачысткі вады. І ўсяго за 320 рублёў кожны. Потым высветлілася: у звычайным магазіне гэтыя фільтры каштуюць… 50 рублёў. 87-гадовая жыхарка Патапавічаў заплаціла незнаёмцам за некалькі камплектаў бялізны больш за чатыры тысячы рублёў.

Многія пенсіянеры ідуць у нагу з пера-давымі тэхналогіямі, карыстаюцца, у тым ліку і банкаўскімі карткамі, актыўныя ў сацыяльных сетках. І пры гэтым губляюць пільнасць: па першай просьбе даюць нумар сваёй банкаўскай карткі і пін-код да яе. Падчас перапіскі ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» неўстаноўленая асоба шляхам падману атрымала рэквізіты банкаўскай карткі 62-гадовай жыхаркі Ляхавіцкага раёна. У выніку ў вяскоўкі з карт-рахунку «спісаны» 687 рублёў. РАСК узбудзіў крымінальную справу.
Пастку, магчыма, падрыхтавалі гандляры-махляры і для жыхаркі Задвор’я Лідзіі Найда.
– Прыйшла жанчына, прапанавала купіць у мяне бульбы, быццам збіраецца перапрацоўваць яе ў чыпсы. Акрамя ўсяго іншага, незнаёмка ўгаворвала набыць камплект пасцельнай бялізны. Я адмовілася ад пакупкі, як яна мяне не ўгаворвала. Пасля гэтага жанчына пайшла са двара, ніякай бульбы не купляла, – расказвае 64-гадовая Лідзія Канстанцінаўна.
– Ведаем, што цяпер такія госці часта наведваюцца да пажылых людзей. Стараемся ў дом незнаёмых людзей не пускаць –
сабе даражэй. Ды і наш Мухтар чужога адназначна не пусціць, – далучаецца да размовы пенсіянер Іван Скарадзіла. Што гэта так, упэўніліся на ўласным вопыце: не паспелі падысці да падворка, як сабака гучна загаўкаў. Пенсіянеры ўзгадалі, як прыходзілі і асобы цыганскай знешнасці, нешта прадавалі, прасілі што-небудзь з прадуктаў. Купляць вяскоўцы нічога не куплялі, у хату не пускалі, а вось з ежай дапамагалі.
Калі зламыснікі маюць да пенсіянераў крымінальны інтарэс, то дзяржава праяў-ляе сур’ёзную ўвагу. Здавалася б, звычайныя, але такія важныя бытавыя зручнасці вырашаюцца ў тэрмін. Адразу пасля заяўкі мяняецца газавы балон, двойчы ў месяц па пятніцах прыязджае машына камунгаса для вывазу смецця, на гэту паслугу Лідзія Найда заключыла дагавор. Таксама, згодна з заяўкай, прывозяць брыкет і дровы.
Такая сустрэча з жыхарамі Задвор’я адбылася падчас чарговага сумеснага рэйда «ЛВ» з супрацоўнікамі Ляхавіцкага РАУС. На гэты раз у камандзе з карэспандэнтам раёнкі быў участковы інспектар міліцыі Віталій Малевіч. Асноўная мэта рэйда – прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў у адносінах да грамадзян сталага ўзросту, а яшчэ своеасаблівы маніторынг: як жывецца пажылым вяскоўцам, што іх хвалюе.
Віталій Малевіч на ўчастку зусім нядаўна, але ў міліцыі не навічок, працаваў у апера-тыўна-дзяжурнай службе РАУС, пра супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да пажылых ведае не толькі з аператыўных зводак. Адзначае, што менавіта пажылыя землякі лічацца самымі лёгкімі ахвярамі для злодзеяў, махляроў і нават для сваіх родных і блізкіх.
Яшчэ адна гісторыя. Нехта абакраў дачны домік пенсіянераў, міліцыя ўстанавіла злодзея. Ім аказаўся ўнук сямейнай пары, які прадаў маёмасць бабулі і дзядулі, а атрыманыя грошы прайграў на гульнёвых аўтаматах.
На ўчастку, дзе Віталій Малевіч адказвае за правапарадак, 14 населеных пунктаў, і большасць насельніцтва – людзі сталага ўзросту.
Тым часам пад’язджаем да шматкватэр-ніка па вуліцы Цэнтральнай у Задвор’і. На лавачцы каля пад’езда тры жанчыны. Знаёмімся: 72-гадовая Багуслава Макоўская, 67-гадовая Валянціна Пташук, 64-гадовая Галіна Дыдышка. Пачуўшы пра тэму візіту, жанчыны наперабой пачалі ўспамінаць, што да іх іншы раз таксама прыходзяць прадаваць розныя рэчы: адзенне, цюль, пасцельную бялізну. Але, па словах вясковак, з такімі няпрошанымі гасцямі лепш не звязвацца – сабе даражэй. Участковы параіў не пускаць у кватэры незнаёмцаў і не давяраць іх спакуслівым прапановам, у прыватнасці не набываць нават самы разрэкламаваны тавар, не прымаць прапанову розных паслуг і паведамляць пра такія факты ў міліцыю. Нагадаў, што махляры і злодзеі могуць паспрабаваць увайсці ў давер і пад выглядам прадстаўнікоў розных службаў: сацыяльных работнікаў, газавікоў ці электрыкаў, медыкаў і інш. Абавязкова трэба папрасіць незнаёмцаў прад’явіць дакументы, па магчымасці патэлефанаваць у названую арганізацыю і пацікавіцца, ці працуюць у іх такія работнікі.
Нават дзеці ведаюць, што калі выходзіш з дома ці кватэры нават на непрацяглы час, трэба замыкаць дзверы. Мабыць, забылася пра такое нязменнае правіла адна з суразмоўцаў, думала, што ніхто з чужых не пройдзе, пакуль яна размаўляе з суседкамі.
Пагаварылі і за жыццё. Жанчыны ўдзячны камунгасу за адрамантаваны калісьці дом, але звярнуліся з просьбай да ўчастковага дапамагчы ў вырашэнні злабадзённага пытання – замучылі бадзяжныя сабакі, якіх развялося ў наваколлі шмат. Віталій Малевіч паабяцаў разабрацца з праблемай.
На вуліцы Савецкай участковы спыніўся каля пажылой жанчыны. Нават без алкатэстара відавочна – жанчына нецвярозая. Хоць і нядаўна Віталій Малевіч нясе службу на ўчастку, але гэту сям’ю – 76-гадовую вяскоўку і яе 44-гадовага сына – ведае ўжо добра. Тут часта ўзнікаюць п’яныя сямейныя разборкі. Злоўжыванне алкаголем –
адна з прычын сямейных скандалаў, у тым ліку і з удзелам састарэлых. Прычым, апошнія выступаюць і ў якасці ахвяры, і ў якасці віноўніка разборак пад градусам. Вясковец, якому пад 80 гадоў, не дае жыцця ні жонцы, ні дзецям, ні ўнукам, неаднойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, але сяброўства з зялёным змеем не спыняе. І адваротная сітуацыя: вечна нецвярозы, нідзе не працуючы вялікаўзроставы сын некалькі гадоў запар здзекуецца над старэнькай маці: патрабуе грошы, абражае, іншы раз і б’е… Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
На жаль, як адзначае Віталій Малевіч, тэма насілля ў сям’і, нягледзячы на разнастайную прафілактычную работу, застаецца актуальнай і патрабуе ўвагі і намаганняў не толькі міліцыі, але і сацыяльнай службы, медыкаў, грамадскасці.
Начальнік аддзялення прафілактыкі і аховы правапарадку РАУС Віталій Дабрачынскі адзначае: з пачатку года ў раёне ўзбуджана 37 крымінальных спраў, дзе ў якасці пацярпелых – людзі старэйшыя за 60 гадоў. Асноўны від злачынстваў – крадзяжы з жылых памяшканняў, у тым ліку і з дамоў, дзе жывуць сезонна, а таксама з дачных таварыстваў. Таму менавіта з грамадзянамі залатога ўзросту праводзіцца міліцыяй значная прафілактычная работа.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.