А на Арлоўскага ручаі бягуць. Чарговы званок жыльцоў шматпавярховіка па Арлоўскага ў Ляхавічах паклікаў карэспандэнта «ЛВ» па адрасе заўвагі

«Ляхавіцкі веснік» неаднойчы пісаў пра дарожныя і вулічныя пераўтварэнні, якія адбываліся на вуліцы Арлоўскага
ў Ляхавічах.

У рамонтнай гісторыі шмат станоўчага, але маюцца і недапрацоўкі, якія выклікаюць нязручнасці ў мясцовых жыхароў. Як, напрыклад, у доме нумар 20. Чарговы званок жыльцоў шматпавярховіка паклікаў карэспандэнта «ЛВ» па адрасе заўвагі.
На першы погляд, тут усё добра: пакладзены асфальт, зроблены дарожкі. Для жыльцоў жа не ўсё так цудоўна. Справа ў тым, што вада з дарогі цячэ ў двор і падтоплівае дом. Ды так, што мокра нават у падвале. Жыльцы дома нумар 20 звярталіся за дапамогай у ДРБУ-200, якое займалася ўкладкай дарожнага пакрыцця, і прасілі зрабіць штучную няроўнасць ці бар’ер, які перашкаджаў бы вадзе бегчы ў двор. У дажджлівае надвор’е
не ступіць каля дома, не зайсці без ботаў у падвал. Жыльцы дома тлумачаць, што раней уздоўж вулічнай дарожкі былі пакладзены бардзюры, і яны стрымлівалі ваду перад домам.
Па словах жыльцоў, іх зварот у ДРБУ-200 так і не пачулі…