Ляхавіччына:палкоўнік міліцыі Аляксандр Ермакоў і яго калегі надзейна і пільна стаяць на варце правапарадку

Другі год запар наш райаддзел міліцыі прызнаецца лепшым па выніках работы сярод аналагічных падраздзяленняў Брэстчыны.
— Безумоўна, перамогі такога кшталту важныя. Яны — вынік якаснага і бездакорнага выканання абавязкаў кожным з нашых супрацоўнікаў на сваім участку. Не толькі кампетэнтнасць, але і нераўнадушнасць, уважлівасць — тое, што фарміруе давер людзей да міліцыі. Удвая больш прыемна, што землякі ўпэўнены: калі спатрэбіцца, ляхавіцкія праваахоўнікі абавязкова і неадкладна прыйдуць на дапамогу. Гэта пацвярджаюць вынікі маніторынгаў, што пастаянна праводзяцца сярод насельніцтва, — зазначае начальнік РАУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Ермакоў.
Ён прайшоў па прыступках службовай лесвіцы ад пасады следчага ў Баранавіцкім ГАУС, куды трапіў па размеркаванні пасля заканчэння Магілёўскага філіяла Акадэміі МУС, да кіраўніка міліцэйскай службы ў Ляхавіцкім раёне.
— Чаму вырашыў стаць міліцыянерам? Сярод маіх сяброў і знаёмых было нямала тых, хто служыў у міліцыі. Слухаў іх расказы пра службу і ўяўляў, як я паступіў бы ў той ці іншай сітуацыі. Адчуваў: мая гэта справа. Ну і, вядома, пэўную ролю адыгралі любімыя кінафільмы «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Следства вядуць знатакі», «Пятроўка, 38» — гаворыць галоўны ляхавіцкі міліцыянер. 5 гадоў Аляксандр Ермакоў узначальвае мясцовы РАУС. Якія змены адбыліся ў калектыве за гэты час? Адчувальна змяніўся кадравы састаў: на службу прыходзіць нямала маладых, здольных, з адпаведнай адукацыяй, удасканальваюцца ў прафесіі і вопытныя супрацоўнікі, раскрывальнасць злачынстваў павышаецца. Дзякуючы прафілактычнай рабоце і ўзаемадзеянню з іншымі зацікаўленымі службамі, змяншаецца колькасць супрацьпраўных дзеянняў, учыненых на тэрыторыі раёна. Калектыў стаў больш зладжаным, згуртаваным. А інакш як стаць лепшымі сярод калег?
Сёлета ўпершыню ў раённым конкурсе «Чалавек года» была вызначана намінацыя «Ахова правапарадку». І перамог у ёй начальнік РАУС Аляксандр Ермакоў.
Першае свята вясны — міліцэйскае. Са святам, палкоўнік Ермакоў, вас і вашых калег!
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *