Отдых должен приносить удовольствие

Сапраўдны паўнацэнны адпачынак павінен прынесці задавальненне, добры настрой, палепшыць фізічнае і маральнае здароўе, ураўнаважыць эмацыянальны стан — прайсці такім чынам, каб чалавек вяртаўся да звычайнага рытму жыцця энергічным і поўным сіл. Усё гэта можна атрымаць у беларускіх санаторыях, якія надзвычай запатрабаваны не толькі грамадзянамі нашай краіны, але і замежнымі гасцямі. Асабліва шмат у беларускіх здраўніцах, прычым у любую пару года, расіян. Суседзяў прыцягваюць сюды якасныя медыцынскія паслугі, камфортныя ўмовы пражывання, добрае харчаванне, выдатная база для заняткаў спортам і фізкультурай, гаючае паветра і, канешне, прымальны кошт пуцёвак.
Як расказала галоўны спецыяліст па аздараўленні па Ляхавіцкім раёне Ніна Плескацэвіч, у мінулым годзе больш за ўсё пуцёвак — 61 — атрымалі юныя ляхавічане. Рэалізавана 35 пуцёвак для пенсіянераў, 4 — для дзяцей-інвалідаў, 5 — у санаторыі маці і дзіцяці, 2 — для пацярпелых на Чарнобыльскай АЭС, 24 — для працуючых. Больш як паўтары сотні нашых землякоў скарысталіся магчымасцю такім чынам правесці арганізаваны адпачынак — па сістэме «усё ўключана».
Па словах Ніны Плескацэвіч, на першы квартал на Ляхавіцкі раён выдзелена 17 пуцёвак для санаторна-курортнага аздараўлення, з якіх 8 — для працуючых — у санаторыі «Надзея», «Сасновы бор», «Беразіна», «Буг», «Прыдняпроўскі», Лепельскі ваенны санаторый.
У сярэднім кошт пуцёўкі на 18 дзён каля 4 мільёнаў рублёў. Калі пуцёўка выдаецца праз упраўленне па аздараўленні, то яе атрымальнік аплачвае ў перыяд з 1 лістапада па 31 красавіка ад 15 да 100 працэнтаў ад кошту ў залежнасці ад заработнай платы, а з 1 мая па 31 кастрычніка — ад 20 працэнтаў. Яшчэ адна немалаважная акалічнасць: атрымаць пуцёўку на санаторна-курортнае аздараўленне можна толькі маючы на руках медыцынскае заключэнне, якое пацвярджае, што вам яно неабходна.
Галіна КАНЬКО.

Фота з сайта http://iohanga.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *