Класіка «Ляхавіцкага». Жніво-2020 у СВК «Ляхавіцкі» набліжаецца да фінішу

Вадзіцель Дзмітрый Працюк.

Канчатковую кропку ва ўборцы збожжавых у гаспадарцы плануюць паставіць на наступным тыдні, калі кардынальна не ўмяшаецца надвор’е.
Сёлета збожжавы клін сельгаспрадпрыемства раскінуўся на 1250 гектарах, асноўныя плошчы адведзены пад пшаніцу і трыцікале. Гэтыя культуры парадавалі і большай ураджайнасцю – пад 60 цэнтнераў з гектара. Сярэдні ж паказчык таксама высокі – 50 цэнтнераў на круг.
З першымі тонамі новага ўраджаю працаўнікі сельгаскааператыва ўзяліся за выкананне дзяржзаказу. Сёлета ім патрэбна адправіць у засекі дзяржавы 455 тон збожжа (70 працэнтаў ужо выканана), у тым ліку – 250 тон высакаякаснай пшаніцы. Продаж збожжа прадаўжаецца.

Лепшы сямейны экіпаж Генадзія і Вадзіма Граблюкоў.


– Канешне, хацелі атрымаць яшчэ большую ўраджайнасць, але і той вынік, які дасягнулі не можа не радаваць. Папрацавалі дастойна на кожным этапе – ад падрыхтоўкі насення да ўборкі. Машынна-трактарны парк у нас магутны, паліва хапала, кадры правераныя часам – адказныя прафесіяналы. Механізм уборачнай адпрацаваны да дробязей, таму і ўкладваемся ў жніўныя тэрміны. Такая практыка на працягу многіх гадоў, – расказвае старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко.
Самы галоўны навічок на сёлетнім жніве – новы зернеачышчальна-сушыльны комплекс, які для гаспадаркі стаў трэцім стацыянарным (ёсць яшчэ два мабільныя), знізіў нагрузку на сваіх «узроставых» калег. Працаваць на новым абсталяванні даверылі Дзмітрыю Чаранкевічу і Івану Пляшко. З ускладзенымі абавязкамі спраўляюцца, пераймаюць вопыт у аксакалаў-перапрацоўшчыкаў збожжа Анатолія Герасімовіча і Леаніда Юніка, якія сёлета займаюць першую прыступку на раённай жніўнай дошцы гонару.  

Другі вынік у Віктара Брэчкі і Сяргея Ніканава.


Сярод раённых жніўных лідараў традыцыйна бачыць і прозвішча Граблюк, для гэтых аграрыяў жніво даўно стала сямейнай справай. «Ляхавіцкі» ўслаўляе экіпаж у складзе бацькі і сына, раней у дуэце з бацькам працавала старэйшая дачка Марта. Генадзій Граблюк у хлебаробскай справе не адно дзесяцігоддзе, малодшы Вадзім толькі ўдасканальваецца ў майстэрстве камбайнера.
Усяго на жніве задзейнічаны 8 экіпажаў, у складзе ў асноўным штатныя працаўнікі СВК. Але ёсць і тыя, хто прыходзіць сюды на жніво. Так, для ветурача Дзяніса Яфімчыка ўборачная-2020 – 11-я ў камбайнерскай біяграфіі.

Зернесушыльшчыкі Дзмітрый Чаранкевіч і Аляксандр Ходар.


З першых хвілін жніва актыўна ўключыліся ў спаборніцтва і вадзіцелі. 15 да вінціка падрыхтаваных аўтамабіляў спяшаюцца на палявы стан, каб прыняць зерневы паток ад камбайнаў і перавезці на зерняток. Лепшы вынік пакуль паказвае Дзмітрый Працюк.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.