Ураджайнае ўшанаванне

У мінулую суботу эстафету святаў вёскі падхапіла Ураджайная. Творчыя і крэатыўныя работнікі тутэйшага сельскага Дома культуры штогод стараюцца ўнесці нешта новае, цікавае ў сцэнарый, сёлета таксама не стала выключэннем. Атмасфера, як заўсёды, панавала шчырая і сяброўская.

–Вельмі прыемна, што землякі чакаюць такія добразычлівыя сустрэчы, некаторыя нават спецыяльна прыязджаюць на сваю малую радзіму, каб успомніць дзяцінства, юнацтва, сваіх продкаў, – расказвае дырэктар СДК Ларыса Ясевіч.

На свяце было не да суму, падзеі змянялі адна адну. Гучалі авацыі ў адрас самых сталых ураджайнінцаў Алены Пабягайла і Валянціны Камінскай. А вось і зычнае «горка!» для Галіны і Уладзіміра Голецаў, Марыі і Станіслава Камінскіх – кожная з гэтых пар адсвяткавала 60-годдзе сумеснага жыцця. Падарункі атрымала і сярэбраная пара-юбілярка – Наталля і Сяргей Мацюшкі, а таксама маладая сям’я – Інэса і Ілья Рудкоўскія.

Свята вёскі-2020 атрымала назву «Ураджайная мая непаўторная». Такія ж непаўторныя жывуць тут людзі. А гаспадары якія! За лепшы двор узнагароджвалі Рыту Сідор, Івана Пабягайлу, Ларысу Сідор.
Смаката і прыгажосць – такую адзнаку атрымалі вафельныя трубачкі, якія прыгатавала майстар-кулінар Ала Раманюк.

Нібы на машыне часу, госці свята трапілі з ХХІ стагоддзя ў ХІV, а дапамаглі ім у гэтым удзельнікі клуба гістарычнай рэканструкцыі «Кантон Цюрых» мясцовага СДК, якія расказвалі пра жыццё, паходы, адзенне старажытных рыцараў, а яшчэ гатавалі стравы на кастры – атмасфера Сярэднявечча была адчувальнай.

Цудоўнымі песнямі радавалі вяскоўцаў вакальны ансамбль «Жытніца» Ураджайнінскага СДК і госці – вакальны ансамбль «Таямніца» Жарабковіцкага СДК. Пастараліся для землякоў спонсары – ААТ «Шлях новы» і Навасёлкаўскі сельвыканкам.

Галіна КАНЬКО.

Фота з архіва Ураджайнінскага СДК.